Кароль мог маўчаць, таму што за яго гаварылі раз’юшаныя сенатары. Вестка пра чарговую сварку каралеўскай пары разляцелася Варшавай хутчэй за пажар, і дзяржаўныя мужы спяшаліся згасіць агонь, пакуль ён не знішчыў аўстрыйска-польскі саюз. На чале міратворцаў стаяў польскі прымас — гнезненскі арцыбіскуп Ян Вэнжык, які, абвясціўшы, што караля зачаравалі, узяўся паіць яго вялікасць святой вадой, каб выгнаць д’ябла з душы і цела. Але сатана аказаўся мацнейшым, таму што не толькі не паддаўся заклінанням, але і павярнуў каралеўскае сэрца супраць арцыбіскупа. Вэнжык, аднак, не разгубіўся і, заручыўшыся дапамогай папскага легата, запатрабаваў ад караля згоды на правядзенне публічнага абраду выгнання д’ябла са львоўскай ведзьмы, каб той на свае вочы пераканаўся, што палюбоўніца ўсё ж служыць нячыстаму.
Янушу Радзівілу гэтую гісторыю распавёў Адам Казаноўскі, сутыкнуўшыся з ім у каралеўскіх пакоях.
— Здаецца, справа пахне смажаным, — рагатаў каралеўскі ўлюбёнец. — Па Варшаве ўжо гуляюць памфлеты з патрабаваннямі спаліць ведзьму на вогнішчы.
Януш абыякава паціснуў плячыма, таму што меў сваё меркаванне адносна дзейснасці каталіцкіх абрадаў і добра ведаў сямейную легенду, па якой Радзівіл Руды перайшоў у кальвінізм, выкрыўшы падман манахаў чэнстахоўскага кляштара, якія, жадаючы зрабіць уражанне на высокага госця, падгаварылі вулічнага акцёра прыкінуцца апантаным д’яблам, каб потым трыумфальна выгнаць з яго злога духа.
— Я не сумняваюся, што Ядвіжку чакае злая доля, калі справа дойдзе да суда, але таксама не сумняваюся, што кароль гэтага не дапусціць, — сказаў ён. — Зрэшты, нас з табой гэта не тычыцца…
Ён вяла махнуў Казаноўскаму рукой і паспяшаўся да каралеўскай спачывальні.
Уладзіслава Радзівіл заспеў раздражнёным і стурбаваным апошнімі падзеямі. Зрэшты, убачыўшы літоўскага падкаморага, кароль на некаторы час забыўся пра свае клопаты.
— Ты, князь, уцягнуў мяне ў вельмі непрыемную справу, — незадаволена сказаў ён. — Твае заручыны не толькі пасварылі мяне з князем-канцлерам, якога я заўсёды паважаў і любіў… Аказваецца, твой бацька злуецца на мяне за ўмяшанне і ўслых смяецца, што ты возьмеш шлюб з паннай Патоцкай хіба тады, калі мой брат зойме курляндскі сталец!
— Гэта ўсё паклёпы ворагаў майго дому, — пачырванеў Януш, хоць і добра ведаў аб таемным пагадненні паміж курляндскім герцагам і сваім бацькам, паводле якога той павінен быў заблакаваць перадачу курляндскай кароны Яну Казіміру.
— Можа быць. Але Фірлеева, якой прыйшлося з’ехаць з Варшавы, кожны дзень піша каралеве, слёзна скардзячыся, што князь-гетман шукае нагоды разарваць заручыны сына. А ты ж запэўніваў мяне, што атрымаў бацькоўскае блаславенне на шлюб. Не чакаў ад цябе такой падступнасці!
Малады князь толькі цяжка ўздыхнуў.
Усяго некалькіх тыдняў пасля заручын хапіла Янушу, каб пераканацца, што ён паспяшаўся святкаваць перамогу. Князь Крыштаф не хаваў нежадання бачыць Катарыну Патоцкую сваёй нявесткай: дзяўчына хоць і паходзіла з добрага роду, але добрым пасагам пахваліцца не магла. Але горш за ўсё, што яна была гарачай каталічкай, і хоць прыкіпела душой і сэрцам да Януша, але не хавала намераў навярнуць жаніха ў сваю веру.
— Ніколі мой сын не пойдзе супраць волі бацькі і не ажэніцца з каталічкай, — даведаўшыся пра гэта, князь Крыштаф адразу ж забыўся пра свае мірныя намеры. — Я адмовіў каралевічу Яну Казіміру, калі ён сватаўся да маёй Катарыны і не паглядзеў на слёзы дачкі і яе маці. І тут не адступлюся!
Разумныя людзі, якія зналі пра таемныя шлюбныя планы князя-гетмана, толькі хмыкалі, чуючы гэта: занадта ўжо часта ў тыя часы за гучнымі рэлігійнымі лозунгамі хаваліся свецкія разлікі. Але князь Крыштаф лозунгамі не абмежаваўся. Спачатку спадзяваўся на ўмяшанне літоўскага канцлера, але няўдалыя заручыны так балюча ўразілі самалюбства гэтага Радзівіла, што той ужо і слухаць не хацеў пра ні пра Фірлееву, ні пра яе дачку, і пачаў таптаць сцежку да рукі і сэрца Ганны Крысціны з багатага дома Любамірскіх. Таму гетман выказаў сыну незадаволенасць будучай нявесткай і параіў шукаць іншую. Калі ж уражаны ў самае сэрца бацькоўскай воляй сын адмовіўся, князь-гетман абвясціў, што падрыхтоўка да вяселля патрабуе значных сродкаў і часу, таму раней, чым праз год, шлюбная цырымонія адбыцца не зможа. Князь Крыштаф шчыра спадзяваўся, што гэтага часу хопіць, каб або Януш выкінуў з галавы думкі аб Катарыне, або пакрыўджаныя Патоцкія разарвалі заручыны.