— Хто гэта? — ціха спытаў Юрый у ашмянскага старосты.
— Заступнік усіх рускіх арыян, — прашаптаў той. — Шкаляры арыянскай школы ў Ракаве каменную фігуру Хрыста разбурылі, то прыехаў прасіць, каб князь-гетман на сойме за іх заступіўся.
Відаць, справа сапраўды была важная. Распавядаючы пра яе, пан Нямірыч так расхваляваўся, што ніяк не мог падчапіць кавалак асятрыны срэбным відэльцам.
— Тую скульптуру, княжа, адзін шляхціц-каталік паставіў на грунтах Сяняўскага, гаспадара Ракава, беспадстаўна лічачы гэтую зямлю сваёй, — тлумачыў ён Радзівілу. — І не з любові да бога, а каб сапернік яму мяжу не перайшоў! Ведаў, сабака, што робіць, Сеняўскаму за богаадступніцтва цяпер кара горлам свеціць, а з-за таго, што шкаляры вобраз Хрыста звалілі, школу закрыць хочуць… Ваша княжацкая міласць добра разумее, што ўсё гэта каталіцкія хітрыкі, а бяда, якая маіх адзінаверцаў учора спасцігла, заўтра непазбежна і евангелікаў закране, хай толькі папісты адчуюць смак крыві…
Пасля Нямірыча загаварылі і прысутныя за сталом арыяне. Гетман слухаў іх і са скрухай ківаў галавой. Глябовіч так прасякнуўся іх клопатамі, што не адразу заўважыў, як князёўна, непрыкметна падышоўшы, зачапіла яго рукавом сукенкі і, красамоўна кіўнуўшы на дзверы, выйшла. Юрый трохі пачакаў і пераканаўшыся, што паны занятыя размовай, выслізнуў следам.
У сенцах было цёмна. Абхапіўшы рукамі тонкі дзявочы стан, юнак прыціснуў каханую да сябе.
— Што мне рабіць, Касенька? — прашаптаў ён паміж пацалункамі. — Я размаўляў з тваім братам, але князь Януш занадта заняты ўладкаваннем свайго шчасця, каб памятаць яшчэ і пра нашы клопаты.
— Маці ты таксама спадабаўся, — прашаптала ў адказ княжна. — А вось бацька… Ды і не час з ім цяпер пра гэта гаварыць, у яго цяпер у галаве толькі шлюб Януша.
— Калі не цяпер, дык калі? — перапыніў яе Глябовіч. — Ці я маю дачакацца, што адарвуць цябе ад мяне і аддадуць за якога немца?
Катарына схавала твар у яго на грудзях.
— Думаю, нядрэнна было б з кімсьці з нашых паважаных слуг пра гэта пагаварыць… З тым, у каго бацька мог бы спытаць парады і, галоўнае, прыслухацца да яе.
— З кім? — загарэўся Юрый. — З панам Кахлеўскім?
— З ім, вядома, было б найлепш, ды, баюся, пан староста не стане ўмешвацца ў гэтую справу, каб не пакрыўдзіць бацьку…
Чыесьці крокі абарвалі размову. Князёўна як напалоханая птушка кінулася назад у пакой, а Глябовіч выйшаў на вуліцу. Удыхнуўшы на поўныя грудзі марознага паветра, ён падняў галаву і міжволі залюбаваўся цёмным зорным небам. Нечы насмешлівы голас вярнуў яго з нябёсаў на зямлю.
— Шукаеш свой лёс, пан староста?
Гэта быў Саковіч. Падышоўшы да Глябовіча, ён стаў побач. Абыякава зірнуўшы на неба, дзе, на яго думку, не было нічога цікавага, Адам звярнуў свой востры погляд на Юрыя. Яго чорныя вочы свяціліся ў месячным святле, як два вугольчыкі.
— Ужо знайшоў, — сказаў Глябовіч. — Толькі да яе мне, як да вунь той зоркі. Здаецца, што побач — толькі руку працягнуць, а ўзяць немагчыма.
Адам ціха засмяяўся.
— Холадна, — сказаў ён, хутаючыся ў раскошны байбарак, падбіты футрам чорнай лісіцы. — Ішоў бы ты ў дом, пан Глябовіч, а то яшчэ ліхаманку падчэпіш. Сумняюся, што твая хвароба настолькі расчуліць князя-гетмана, што ён аддасць за цябе дачку.
Саковіч павярнуўся, каб ісці, але Юрый прытрымаў яго за рукаў.
— Каб ты, пан падваявода, дапамог пераканаць Радзівіла аддаць за мяне князёўну, я б з падзякай не паскупіўся, — сказаў ён. — Хоць цяпер распіску напішу, а ўзнагароду ты сам назавеш.
Адам задумаўся. Глябовіч моўчкі чакаў, молячы бога, каб той пагадзіўся.
— Калі я вазьмуся за гэтую справу, дык толькі таму, што лічу цябе для гетманаўны добрым мужам і вам абодвум шчасця жадаю, — нарэшце сказаў Саковіч. — А што да падзякі, якую ты, між іншым, сам прапанаваў, — заплаціш па гэтым вэксалі мой доўг Майсеевічу, і ўсё.
— Дамовіліся, — сказаў Юрый і, нават не зазірнуўшы ў паперку, якую сунуў яму пан падваявода, працягнуў руку на знак таго, што пагадненне заключана.
На наступны дзень Глябовіч афіцыйна пасватаўся. За дружку яму быў пан Саковіч, які, аднак, падазрона маўчаў. Зразумеўшы, што ад пана падваяводы не варта чакаць вадаспаду красамоўства, Юрый вырашыў гаварыць сам. Князь Крыштаф выслухаў яго без здзіўлення, але і без асаблівай радасці.