— Ты каталік, шаноўны пане, — сказаў ён. — І я не забыў, што ты нядаўна кальвінісцкія храмы ў сваіх уладаннях папістам перадаў.
Глябовіч азірнуўся на Адама. Той нават брывом не павёў.
— Як добры сын, я павінен так паступіць, — яшчэ раз паспрабаваў апраўдацца Юрый. — Думаю, ваша княжацкая міласць таксама хацеў бы, каб ваш сын шанаваў бацькоўскую волю…
— Ды ўжо шануе, няма чаго сказаць, — прамармытаў гетман, і ўзяўшы ліст ад Януша, што ляжаў на стале, працягнуў яго Саковічу. — Вось паглядзі, Адаме, што піша.
— «Ратуй мяне, ваша княжацкая міласць, калі ў труне бачыць не хочаш…» — працытаваў той здзіўлена. — Ну, ужо ад каго, а ад князя Януша я такой дурасці не чакаў!
Князь Крыштаф уздыхнуў. Глябовіч узрадаваўся, што да пана падваяводы нарэшце вярнуўся голас.
— Значыць, мае адзінаверцы сваіх храмаў назад не атрымаюць, — нібы да сябе сказаў Радзівіл.
Юрый яшчэ раз зірнуў на Саковіча. Той вельмі зацікавіўся карцінай нейкага італьянскага мастака, дзе аголеныя німфы балявалі з захмялелымі сатырамі. Глябовіч аблаяў сябе за тое, што за пяць вэксальных тысяч не набыў сабе мармуровы бюст замест нямога свата.
— Парушыць бацькоўскую волю я не маю права, — усё ж знайшоўся ён. — Але ўзвесці некалькі новых збораў для евангелістаў цалкам у маіх сілах.
— Гэта ўжо іншая размова, — заззяў князь-гетман. — А вось наконт твайго сватання, шаноўны пане, я так скажу, што калі муж слухае месу, а жонка на казань ходзіць, сямейнага ладу чакаць не даводзіцца.
Адам кашлянуў.
— Ты, Саковіч, са мной пагаджаешся ці запярэчыць хочаш? — звярнуўся да яго Радзівіл.
— З твайго дазволу, найяснейшы князь, я лепш памаўчу, — самым пачцівым тонам сказаў той. — Я прывык праўду ў вочы казаць, а тут, бачу, без хлусні не абысціся…
Зараз наступіла чаргу Глябовічу кашлянуць. Радзівіл уважліва агледзеў іх абодвух.
— Адаме, смела кажы, што ў цябе на думцы, — загадаў ён.
Адам спадылба паглядзеў на яго, на Глябовіча, які ўжо сціскаў кулакі і, чамусьці адышоўшы ажно ў дальні кут пакоя, сказаў:
— На думцы ў мяне, найяснейшы князь, тое, што для Радзівілаўны адпаведнай партыі сярод польскіх ці літоўскіх евангелістаў годзе і шукаць.
Гетман задаволена ўсміхнуўся.
— І пра тое думаю, — працягваў Саковіч, — што князёўна, хоць і прыгажуня, але ўжо не такая і маладая, а амуры з каралём папсавалі яе рэпутацыю ў вачах замежных прынцаў. У дзеўках да сівых кос заставацца сорамна, у манашкі пастрыгчыся — вера не пускае… Словам, або з моста ў ваду, або замуж… — ён з сумневам агледзеў з ног да галавы пана Юрыя, які ад такой дзёрзкасці і сам знямеў, — за каго ўжо ёсць…
— А ну прэч!
Убачыўшы, што князь-гетман, не маючы пад рукой шаблі, схапіў цяжкі срэбны падсвечнік, Саковіч маланкай кінуўся з пакоя. Пан Глябовіч таксама выскачыў за ім і, своечасова зачыніўшы дзверы, пачуў, як падсвечнік, адскочыўшы ад вушака, цяжка пакаціўся па падлозе.
— Праўду, праўду, пан падваявода, кажуць пра тваю адвагу і востры язык, — захоплена сказаў ён, дапамагаючы Саковічу трымаць дзверы, у якія ламіўся раз’юшаны Радзівіл. — Я б хутчэй з моста ў ваду кінуўся, чым сказаў такое князю-гетману… Ох, а я думаў, што ты вырашыў адступіцца ад мяне — ні слова не ўставіў, калі князь накінуўся на мяне за тыя праклятыя кальвінісцкія храмы.
— Калі мая шчырасць, пане Глябовіч, табе не дапаможа, то ўжо нічога не дапаможа, — буркнуў Адам. — Пра храмы мы з табой не дамаўляліся, а калі, грэшным чынам, лічыш, што я празмерную цану заклаў за свае паслугі, заўваж і тое, што я толькі што сваім жыццём рызыкаваў і не здзіўлюся, калі князь-гетман мяне больш і бачыць не захоча…
Саковіч хітраваў. Выступаючы на баку Глябовіча, ён добра пралічыў усе рызыкі і, ведаючы нелюбоў Радзівіла да арыянскай вучэльні, за якую той заступаўся толькі з палітычных меркаванняў, прадбачыў, што ўладжваць справы Нямірыча гетман дзеля большага эфекту даручыць менавіта яму — каталіку. Таму, счакаўшы некалькі гадзін, цягам якіх бурная радзівілаўская лютасць павінна была саступіць халоднаму розуму, Адам пайшоў да князя з выбачэннямі. Крыштафа Радзівіла ён заспеў у таварыстве Юрыя Нямірыча.
— А, з’явіўся, — буркнуў гетман замест прывітання і, адмахнуўшыся ад Саковічавых выбачэнняў, сказаў: — Трэба, каб ты, пан падваявода, быў на бліжэйшым сойме і выступіў там разам з панам Нямірычам і яго адзінаверцамі. Што скажаш?