Выбрать главу

— Буду бараніць арыянскія інтарэсы як свае, — пакланіўся Адам. — Вядома, не з любові да гэтай секты (ты ўжо прабач, пане Нямірыч), а дзеля вашай княжацкай міласці.

— Вось і добра, — Радзівіл падбадзёрвальна падміргнуў пану Юрыю, які не ведаў, радавацца ці абурацца такому абаронцу.

— Ты не сярдуй, міласцівы пане, што асабіста не стаю на тваю абарону, — прымірэнча дадаў князь, — але, шчыра кажучы, мне зараз не да гэтага. Сына ж жаню!.. Ды і дачцэ, — ён пакасіўся на Саковіча, які ледзь стрымаў усмешку, — таксама замуж закарцела.

Раздзел 6

СТУДЭНТ

Гронінген — Франекер — Хоры — Амстэрдам

(лістапад 1637 года — май 1638 года)

Гронінген, дзе давялося вучыцца князю Багуславу, быў найбуйнейшым горадам на поўначы Галандыі. Ён адразу ж скарыў Радзівіла сваёй тыпова галандскай чысцінёй ды ахайнасцю, якімі не магла пахваліцца большасць тагачасных еўрапейскіх гарадоў. Спічастыя дамкі з чырвонай цэглы радком сталі на роўных як стрэлы маляўнічых вулічках, што непрыкметна станавіліся берагамі вузкіх каналаў. Тыя зялёнымі стужкамі перасякалі горад і чысцілі яго ад смецця і нечыстот. Гіганцкія ветракі, нібы казачныя волаты, заступалі шлях небяспечнаму для ўсіх галандцаў ворагу — воднай стыхіі. Яе бяссільная лютасць на гэты дзіўны народ, што стагоддзямі змагаўся за сваю зямлю з морам, захлыналася ў мудрагелістай сетцы дамбаў, польдараў і шлюзаў. Універсітэт, які ўпершыню адкрыў свае дзверы чвэрць стагоддзя таму, быў, несумненна, галоўным упрыгожваннем Гронінгена. Студэнты, якія з’язджаліся на вучобу з усіх куткоў Еўропы, з маладым запалам баламуцілі ціхае і спакойнае тутэйшае жыццё. Пераважна гэта былі дзеці мяшчан або небагатай шляхты, таму Радзівілу годзе было шукаць тут вяльможнага таварыства. Яно выбірала прэстыжны Лейдэн, дзе нядаўна вучыўся яго стрыечны брат Януш. Але ў тых краях лютавала чума, і ў Багуслава не было ніякага жадання рызыкаваць жыццём дзеля навукі. Таму, зняўшы дом недалёка ад велічнага сабора святога Марціна і за два крокі ад універсітэта, падарыўшы рэктару, як загадваў старажытны звычай, дванаццаць збаноў віна і запісаўшыся ў рэестр багаслоўскага факультэта ў мясцовага фактотума, Радзівіл зрабіўся студэнтам. Сваю моладзь ён таксама прымусіў заняцца вучобай. Добрасумленны Цадроўскі з радасцю сеў за кнігі, іншыя, хоць і скрыгочучы зубамі, таксама пачалі набіваць галовы ведамі, а няўрымслівы Стаброўскі адразу ж узбунтаваўся.

— Міласцівы князь, каб я ведаў, што ты мне такую забаўку зладзіш, я б лепш з Урангелем застаўся, чым тут ад нуды паміраць…

Аднак Багуслаў, не марнуючы слоў, шматзначна тыцнуў моцнага кулака пад нос упартаму юнаку, і Самуль адразу ж ацаніў усе перавагі навучання. Але, добрасумленна наведваючы тэалагічныя лекцыі знакамітага прафесара Альтынга днём, ноччу юнак развіў падрыўную дзейнасць супраць засілля навукі. Пачаў ён з таго, што зладзіў раскошную вячэру, куды запрасіў усё літоўскае таварыства. Напаіўшы сяброў так, што тыя і на нагах трымацца не маглі, ён узброіўся куфлем віна і стаў дэкламаваць загадзя падрыхтаваную прамову.

— Панове браты, я сабраў вас, каб папрасіць пра паслугу, — пачаў ён. — Трэба ратаваць нашага князя, ён і сам загіне ў гэтым кніжным балоце, і нас, няшчасных, за сабой пацягне!

Выпадкова зірнуўшы на дзверы, Самуль перахапіў злосны погляд Багуслава, які ўвесь гэты час уважліва яго слухаў. У той жа вечар выратавальніку самому прыйшлося ратавацца ад угневанага тапельца.

На наступны дзень, седзячы над кнігамі і расціраючы распухлае вуха, Стаброўскі думаў-гадаў, як бы палепшыць такое жалю вартае жыццё. І прыдумаў. Аказалася, што яго несамавітая знешнасць мае магічны ўплыў на гронінгенскіх мяшчанак. Яны, вядома, запэўнівалі свайго кавалера, што палаюць каханнем не да кашалька, набітага бацькоўскімі шчадротамі, а да воспін на ягоным твары. Вядома, доўга такое шчасце працягвацца не магло, і хутка ўжо Самуль, размантачыўшы ўсе грошы, тужліва паглядаў на Невяроўскага, чыю прывабнасць жанчыны шанавалі больш, чым золата; на гаваркога Хувэрбека, які паспяхова замяняў падарункі кампліментамі; на змрочнага Фелкерзона, што зрэдку наведваўся ў госці да паважанай удавы; на ваяўнічага Кажэўскага, які скараў прыгожы пол імклівым націскам; на разумнага і паслужлівага Яна Рыхарда Ферха, што ўмеў знаходзіць шлях да любога сэрца; на Кажкіля, які браў удзел у гэтых амурных спаборніцтвах, каб не адставаць ад таварышаў (і ад іх не адставаў!), і нават на Цадроўскага: каб не марнаваць замнога часу, патрэбнага для вучобы і службы, Ян знайшоў сабе для любоўных уцех маладзенькую служанку ў суседнім доме. На астатніх слуг, занятых гаспадарчымі справамі і сваімі абавязкамі ў князя, можна было не звяртаць увагі.