Выбрать главу

— Ну, што я казаў, міласцівы князь! — яшчэ з парога закрычаў ён. — Той дурны Насаўчык ужо праз некалькі месяцаў ці не ўсе мае перамогі па ветры пусціў. Паны купцы ўжо панеслі вялікія страты і, каб не панесці яшчэ большыя, моляць мяне ехаць ратаваць становішча… Ох, дабяруся я да таго дурня!

У прадчуванні сустрэчы пан Арцышэўскі задаволена пацёр рукі і нават вухам не павёў на слушную засцярогу князя, што з блізкім сваяком штатгальтара варта быць ветлівым і асцярожным. Такая няўважлівасць не сапсавала яго адносін з Багуславам, і, развітваючыся «надоўга, а можа і назаўжды, як бог дасць», юны князь ад усяго сэрца абняў былога радзівілаўскага слугу і зрабіў выгляд, што не заўважыў, як скупая сляза скацілася па шурпатай шчацэ мужнага воіна.

Стаміўшыся ад Амстэрдама, Радзівіл вырашыў працягнуць вандроўку і, даслаўшы дадому лісты і падарункі для сям’і князя Крыштафа, вэксаль для свайго аканома, які той павінен быў аплаціць, і інструкцыі для літоўскіх слуг, з лёгкім сэрцам зноў адправіўся ў дарогу.

Раздзел 7

«ЗІМОВАЯ» КАРАЛЕВА

Утрэхт — Рэнен — Гарлем — Німвегене — Хертагенбос — Гертрудэнберг — Брэда — Гелдар — Утрэхт — Гаага

(чэрвень — снежань 1638 года)

Утрэхт сустрэў Радзівіла і яго почат прахалодным дажджом, які, аднак, хутка скончыўся, і з-за хмар нечакана вызірнула сонца (звычайная для Галандыі рэч), падсвечваючы апошнія кроплі так, што тыя здаваліся дыяментамі, якія развесіў на дрэвах нейкі марнатраўца. Радавалі вока маленькія сады гараджан і абавязковыя кветкавыя гародчыкі, дзе ружавела шыпшына, выпускалі бутоны ружы або зелянела лісце цюльпанаў. Багуслаў, які ўжо меў магчымасць палюбавацца гэтымі кветкамі падчас іх цвіцення, здзіўлена паківаў галавой, успомніўшы апавяданні кузэна Януша, які вучыўся ў Галандыі менавіта падчас «цюльпанавай ліхаманкі» і затым рагатаў з тутэйшых глупстваў, распавядаючы на радзіме, што за цыбуліну гэтай кветкі можна было набыць дом. Горад быў сапраўды прыгожы, але Радзівіл не надта захапляўся яго маляўнічасцю, бо заехаў сюды па дарозе ў Брэду і іншыя знакамітыя крэпасці, якіх тут, на мяжы з адвечным галандскім сапернікам — іспанскімі Нідэрландамі — хапала. Да таго ж сям’я нябожчыка хроснага бацькі Фрыдрыха Пфальцскага, як і большасць галандскіх арыстакратаў, лічыла за лепшае праводзіць лета ў правінцыі, дзе і дыхалася лягчэй, і паляваць было добра, і рыбу лавіць было таксама нядрэнна. Цяпер сваякі жылі ў Рэнене, дзе князь і спадзяваўся іх наведаць, бо туды з Утрэхта было рукой падаць.

Пасяліліся ў гасціным двары, вокны якога выходзілі на Стары канал, пракапаны яшчэ ў XIII стагоддзі. Жытло было прыстойнае, пакоі дагледжаныя, але ўсё ж саступалі па зручнасці амстэрдамскім. Паабедаўшы ці, хутчэй, павячэраўшы тут жа ў гасцявой зале, князь з таварыствам адправіўся аглядаць горад. Архітэктурай Утрэхт нагадваў тыя гарады, якія ім ужо давялося бачыць, але гісторыя гэтага шматвяковага цэнтра княства-біскупства наклала на яго адбітак рэлігійнасці — храмы трапляліся на кожным кроку. Цікава выглядалі і двух’ярусныя берагі каналаў, пракапаных на месцы старажытных умацаванняў. Прадпрымальныя купцы выкарыстоўвалі іх як склады гандлёвых радоў, зручна размешчаных у цэнтры горада, і выгружалі туды тавар з баржаў і чаўноў, якія прыбывалі ў Утрэхт з усіх канцоў Галандыі. Цэнтрам мясцовых забаў быў самы прыгожы ў Еўропе майл — абсаджаная цяністымі ліпамі і забудаваная тавернамі паркавая алея, дзе забаўляліся госці і заможныя гараджане. Добрым быў і ўніверсітэт, які стаяў у самым цэнтры, побач з былым каталіцкім саборам святога Марціна, і займаў частку памяшканняў гэтай раскошнай будыніны. Высокая саборная вежа, з якой быў відаць увесь Утрэхт з навакольнымі вёскамі і гарадамі, зрабіла на падарожнікаў незабыўнае ўражанне. Гэта быў самы высокі будынак, які ім калі-небудзь даводзілася бачыць. Паверыўшы запэўніванням саборнага служкі, што запрашаў гасцей за ўмераную плату падняцца наверх і сцвярджаў, быццам з вежы ў яснае надвор’е відаць нават далёкі Амстэрдам, князь з Невяроўскім і Стаброўскім ускараскаліся на самы верх. І хоць Амстэрдам не ўбачылі (неба было зацягнута аблокамі), але набраліся ўражанняў на ўсё жыццё.

х х х

Мястэчка Рэнен ляжала за восем міляў на паўднёвы ўсход ад Утрэхта. Цадроўскі, які раніцай выехаў туды з лістом ад князя Багуслава, вярнуўся ўжо пад вечар з добрымі навінамі: багемская каралева Лізавета перадае прынцу Радзівілу гарачыя вітанні і з нецярпеннем чакае яго.