Выбрать главу

1963

Шляхі да ісціны

Жылі ў суседстве два Іваны. Адзіц — мудрэц — Шукаў ва ўсім пачатак і канец, Другі — прастак — Жыў проста так. Вось раз ідзе прастак з двара — Касцюмчык, гальштук, папяроска. — Куды? — пытае цёзка. — Ды мне пара… Вунь там у скверыку чакае Чарнявая такая. — Я бо гляджу — надраіў чуб. Жаніцца думаеш? — А хоць бы й так? — Дык ты ж не знаеш, што такое шлюб. — Я па-вучонаму адказваць не бяруся, Як ажанюся — разбяруся. — Прастак дык ён і ёсць прастак. А я хачу спачатку разабрацца. Цяжкая, праўда, праца, Вунь, бачыш, колькі кніг! Усё пра шлюб сабрана ў іх Ад самага Адама. Дык вось мая праграма: Пакуль да сутнасці не дабяруся — Не ажанюся. Ад першабытнае сям'і пачну. — Ну-ну! Жадаю поспеху. — Табе таксама. Пакуль мудрэц, сабраўшы кніжак стог, I дзень і ноч пад імі сох, Пакуль дабраўся да матрыярхату, Прастак прывёў чарняўку ў хату. Яшчэ прайшло мо год ці два, Штудзіруе разумнік том за томам, Трашчыць аж галава, А ўсё канца няма крыніцам невядомым. Раз, глянуўшы на свет, разумны аж здзівіўся: Сынок у «дурня» нарадзіўся. Ішлі гады сваёй хадою… Пад старасць наш мудрэц, Абросшы сівай барадою, Знайшоў-такі пачатак і канец, Але на сівізну кудзелі Нявесты не глядзелі.

1965