Выбрать главу
Вось так жа памагаюць часам Куваднікі працоўным масам: Пакуль працоўныя сацыялізм будуюць, Яны ўсё ныюць, хныкаюць, бядуюць. Такому б я сказаў: — Слюнцяй, не скавычы! Не можаш памагчы, Дык лепей памаўчы!

1929

Лётчык i Блыха

Збіраўся Лётчык у палёт Цяжкі і небяспечны — Па-пад тайгой адвечнай З Масквы аж на Далёкі Ўсход Хацеў рэкорд выдатны ён паставіць, Каб авіяцыю савецкую праславіць. Вось зборы, клопаты ды вывучэнне карт: Пракласці трасу як, калі прызначыць старт, На колькі ўзяць харчоў, як лепей апрануцца (Зімовы быў сезон). I трэба ж тут Блысе паблізу апынуцца! Не ўспеў наш Лётчык аглянуцца, Як — скок Блыха ў яго камбінезон! (Блыху занёс сюды не вецер, А нейкі пёс — бульдог ці сетэр.) Праз пару дзён, Уранні, На світанні, Пад воплескі ды пажаданні Узняўся ў неба наш Пiлот З цяжкім, адказным грузам, I вестку радыё панесла над Саюзам: Герой адправіўся ў палёт! Ляціць герой, а на працягу трасы З ім думкамі заводы і калгасы: Якая тоўшча хмар і сіла тых вятроў? I сам ён ці здароў? Мо пагражае хлопцу небяспека? (Нам дораг лёс такога чалавека.) А што ж рабіла там Блыха? З героем і яна ляцела, Ды толькі знаць аб гэтым не хацела. Блысе палёт той — чапуха. Ёй выбрацца хутчэй бы з кажуха, Дарвацца да жывога цела. З трывогаю заўважвае Пілот На крылах лёд, — Напружвае ўсе сілы ля штурвала, Блысе ж і гора мала: Яна ўжо за кашуляй, на спіне То тут, то там, нібы жыгала, Балюча тне. Ах ты, плюгавае стварэнне! Ды некалі Блыху ганяць: Хутчэй бы самалёт узняць, Пазбавіцца абледзянення. Вышэй! Яшчэ вышэй! Няма ў Пілота іншай мары, Як вырвацца з праклятай хмары. Вышэй! А кроў і з носа, і з вушэй, I цела ўсё нібыта Якімсьці волавам наліта,— Патрэбен кісларод. Прыкрыўшы маскай смаглы рот, Герой працягвае палёт I прабіваецца да сонца. А дзесьці ўнізе там хвалюецца народ, Узбуджаны бясконца: Прыйшлі героя прывітаць, Ды нешта доўга не відаць… Ура! Ляціць! Абдымкі, музыка, прамовы, Гарачыя, ад сэрца, словы,— Народ героем горд: Адолеўшы і ост, і норд, Наперакор марозу, ветру, Пакрыўшы тысячы суровых кіламетраў, Паставіў новы ён рэкорд, — Што, што? Мне гэта слухаць дзіўна! — Затрапяталася Блыха. — Які рэкорд? Вар'яты! Ха-ха-ха! Я ж суткі цэлыя была з ім неадрыўна На той жа ўсё спіне, Дык пра палёт ляпей вядома мне: Я, праўда, насмакталася ў ахвоту, Але ж не бачыла ніякага палёту. Дык што ж іх гэтак узняло? Дзе гонару таго крыніцы? Ўсяго ж маршруту ў нас было — Ад каўняра да паясніцы. Сям-там у нас такія блохі ёсць, Што нашых поспехаў стараюцца не бачыць I ўсё навыварат тлумачаць. Такі мне ў крытыцы сустрэўся ягамосць. Няздольны ахапіць савецкіх спраў вышыні, Ён мераў нас на свой аршын блышыны. Кузурак гэтых подленькая злосць, Агідны іх смяшок слінявы Не апаганяць нашай славы, Не зменшаць нашых перамог, Ды ўсё ж ляпей пазбавіцца ад блох.

1949

Мода

Якімсьці чынам, невядома, З вар'яцкага шпіталя ці то дома Ды збегла раз няшчасная кабета, Якая з малых год Была паклонніцаю мод I розум страціла праз гэта. Было, між іншым, лета. Яна тут зараз цераз плот I скокнула ў гарод Ды, завязаўшы нек па-свойму хустку, Давай тут прыбіраць старанна галаву: Лісцё ўтыкае морквы і капусту, I кроп, і іншую траву. Пасля па вуліцы прайшла, як быццам каралева, Хоць грудзі голыя і цела ўсё свіціцца, Аж сэрца, гледзячы, сціскаецца ад жалю. Аднак жа паабапал — справа, злева — За ёю бегла разявак мо з трыццаць, Галёкалі, іржалі. I нават нейкія два франты, Згубіўшы свой «шляхетны» сорам, Таксама любаваліся уборам, Хвалілі, што «пікантны». А колькі модніцам-кабетам Іх пахвала абыдзецца і грошай і турбот, Няшчасныя не думалі аб гэтым. Назаўтра ўжо ва ўсіх паклонніц мод, Якія пераймаць заўсёды рады, Дык не адзін заўважан быў распорак, А ззаду й спераду — па сорак. На галаве ж у іх не грады I нават не гарод, А проста — цэлае шматполле: Бульбянік тут развесіў голле, Там далей — іншы кораньплод; На самай макаўцы ячмень Пад вецярком сабе шумеў, А далей сырадэля Так міла белым тварыкам глядзела, I роем навакол гулі Двухногія чмялі.