Пасьля сэкундавага палярушу ўсе, хто быў блізка, кінуліся да тых аскялёпкаў — ці ацалеў хоць Страх? Ды дзе там — не аказалася ніякага Страху. Сярод груды аскепкаў ляжала на камянях жменька нейкай рудой зямлі — і ўсё. Калі, можа, гэта і быў некалі Страх, дык яго даўно стачылі мурашкі. А можа, ніколі й не было ніякага страху. Першы, умомант звар'яцеўшы, гучна зарагатаў, бы стары мул, начальнік валадарскай аховы, гарылападобны палкоўнік. За ім зьдзічэла, па-вар'яцку заіржалі яго падначаленыя — падпалкоўнікі, маёры, капітаны, лейтэнанты і прапаршчыкі, тайныя і яўныя сексоты, стукачы і таптуны, ахоўнікі. У дзікім істэрычным рогаце зайшоўся ўвесь зблытаны, перамяшаны, шматслоўны галодны люд. Людзі сьмяяліся, абдымаліся, рагаталі, сьцяміўшы, што доўгае валадарства страху скончылася.
Да пачатку новага валадарства — Сьмеху — заставалася небагата часу. Ды людзі ня ведалі пра тое.
2. Сьмех
На трэці дзень, калі грамадзяне больш-менш угаманіліся ад радасьці вялікай перамогі, было абвешчана, што кіраўніком дзяржавы робіцца той самы тоўсты палкоўнік, які першым засьмяяўся над паразай страху. Газэты пісалі пра «подзьвіг самага адважнага вайскоўца, грамадзяніна краіны». Першым дэкрэтам новага кіраўніка стала асуджэньне страху і запачаткаваньне барацьбы зь ягонымі наступствамі. У гарадах і вёсках выяўлялі плаксівых і напалоханых і бязьлітасна асуджалі іх. Упартых саджалі ў турмы — асабліва тых, хто не хацеў сьмяяцца, а тым болей, плакаў ад жалю па звыклым і любым страху. Мірона таксама пасадзілі, бо выявілася, што ён ня ўмеў сьмяяцца і нават адмовіўся вучыцца тое рабіць. Патомныя страхавіты ў масавым парадку пераходзілі ў стан сьмехавітаў. Самыя спрытныя зь іх сьцьвярджалі, што нават і ў змрочныя часы страху часьцяком сьмяяліся. Хто — зачыніўшыся ў прыбіральні, хто — на ўласнай кухні, хто — у сьне. І тое была праўда.
Сьмех паступова, але няўхільна рабіўся нацыянальнай ідэалёгіяй, урэшце абвешчанай у адмысловым дэкрэце кіраўніка дзяржавы. З нагоды абвяшчэньня на цэнтральнай плошчы адбыўся грандыёзны мітынг. Там жа на былым п'едэстале страху была ўстаноўленая постаць Сьмеху — мармуровая скульптура прывабнай дзяўчыны, якая аж кладзецца ад неспатольнага сьмеху-рогату. У горадзе адчыніўся ўнівэрсытэт сьмеху, дзе вывучаліся ягоныя аспэкты — псыхалягічны, фальклёрны, паліталягічны. У школах былі ўведзеныя ўрокі сьмеху (замест літаратуры і матэматыкі), якія вельмі падабаліся вучням. Зьявіліся першыя вучоныя — важныя профі ў галіне новай стваральнай навукі — сьмеху. Спакваля ў краіне распладзілася мноства ансамбляў сьмеху і весялосьці, якія, добра зарабляючы, езьдзілі па гарадах і электрамузыкай сьмяшылі публіку, асабліва моладзь. У іншых мясьцінах выступалі вучоныя-лектары, што распавядалі, як хутка добра будуць жыць людзі, што выклікала няспынны рогат у залі, і вучонаму добра плацілі. Усё тое надта падабалася, асабліва моладзі: канцэрты і лекцыі сьмеху часам доўжыліся да ранку. Вядомы пісьменьнік, патрыярх айчыннай літаратуры, нядаўні апалягет страху, стаў ня меншым апалягетам сьмеху і і напісаў новы раман, трохі гульліва названы «Хі-хі». Праўда, жаданы аптымізм аўтара ня спраўдзіўся: адмысловыя літаратуразнаўцы (вядома ж, у штацкім) знайшлі між радкоў замаскаваныя прыкметы страху, і аўтар быў падвергнуты грамадзкаму астракізму. Ён перастаў змушана ўсьміхацца і неўзабаве памёр. Па-людзку пахаваць яго не было за што.
Увогуле ж справа сьмеху ў дзяржаве разьвівалася добра. Арганізацыямі ды гурткамі была ахопленая ўся краіна — уся краіна заўзята сьмяялася.
Усё было б добра, калі б не адна неспадзяванка — стала не хапаць ежы. Сьпярша паасобныя грамадзяне, а затым гаспадаркі і цэлыя калектывы, захапіўшыся сьмехам і весялосьцю як асноўным спосабам існаваньня, амаль перасталі працаваць і адно — сьмяяліся. Але праваахоўныя органы супраць іх не маглі ўжыць аніякіх мераў, бо ўсё было законна. Незаконным быў страх і сум, супраць якіх міліцыянты, судзьдзі і пракуроры прымалі самыя жорсткія меры. Аднак парушэньняў закону ня менела, ад нялёгкага жыцьця нават стала большаць. З падачы органаў правапарадку кіраўнік дзяржавы ўгледзеў у гэтым небясьпеку для існаваньня дзяржавы і вырашыў узмацніць барацьбу зь перажыткамі страху. Але якім чынам? Было вызначана, што ў гэтай справе больш прыдатныя мэтады страху. Філёзафы пачалі казаць пра дыялектычнае разьвіцьцё папулярнай ідэі — дзеля аб'яднаньня нацыі, натхненьня яе на барацьбу за лепшае жыцьцё, калі нікога ня трэба будзе прымушаць сьмяяцца, а ўсе стануць сьмяяцца самахоць, ад душы. А пакуль што, сьцьвярджалася ў законе, трэба прымушаць сьмяяцца, не зважаючы ні на што, адно — у інтарэсах дзяржавы.