Гэта сапраўды выклікала небывалы народны ўздым. Народ усё зразумеў і прыняў бяз словаў — што значыць навуковая беззаганнасьць ідэі. На мітынгах у гарадах і вёсках прамоўцы гаварылі пра новую культурна-псыхалягічную рэвалюцыю ў краіне, пра яе лёсавызначальны сэнс. Гарэлкай бясплатна забясьпечвалася кіраўніцтва, пасьля вэтэраны-пэнсіянэры (пры норме 1 бутэлька на 1 дзень), пасьля ўсе астатнія, уключаючы немаўлят. Сем'і, у якіх было шмат дзетак, раскашавалі як мае быць — і дарослыя, і дзеці ўвесь дзень пілі і рагаталі, астатні час спалі і пахмяляліся. І дзякавалі ўладзе, галоўнаму кіраўніку і мясцовым вэртыкальшчыкам, якія займелі адзіны пільны клопат — забясьпечыць самыя глухія куткі краіны сьвежай гарэлкай. Гэта належала рабіць без пасярэднікаў-злыдняў, якія нахабна заніжалі градус. Сацыялягічны інстытут, які правёў апытаньне (было ахоплена 100 % насельніцтва) выявіў небывалы паказчык тых, хто ўхваляў новую палітыку ўраду, — 100 %. Папулярнасьць кіраўніка-палкоўніка стала такая, што ўрад надаў яму чын Вялікага Каудыльё.
Але заставалася нявырашанай адна застарэлая праблема, якая вынікала з тае аксіёмы, што, выпіваючы, трэба закусваць. Закусваць не было чым; праўда, вучоныя пачалі прапагандаваць новы спосаб ужываньня алькаголю. Спасылаючыся на перадавыя заходнія краіны, яны даказвалі магчымасьць выпіваючы не закусваць; некаторыя даводзілі, што есьці наогул шкодна для здароўя. Але тыя рэкамэндацыі кепска ўспрымаліся насельніцтвам. Дайшло да таго, што некаторыя зь несьвядомых грамадзян (пераважна жанчыны) пакрысе пачалі адмаўляцца піць. Пачуліся нават размовы, нібыта малако было болей карыснае, асабліва для дзетак. Але калі б малако было болей карыснае, дык бы яно было і даражэй. А так з усіх харчовых тавараў гарэлка мела самы вялікі кошт. Вядома, то былі правакацыйныя размовы з мэтай дэстабілізацыі грамадзтва, і праваахоўныя органы, якія даўно і справядліва зрабіліся карнымі, сурова каралі адступнікаў ідэі. Як і тых вучоных, якія ўзяліся (вядома, беспадстаўна) прапагандаваць цьвярозасьць. Наперакор ім у прыклад ставілася сьвятое жыцьцё Вялікага Каудыльё, які піў з дня нараджэньня і давёў дзённую норму да аднаго літра чыстага алькаголю. Менавіта дзякуючы гэтаму, пісалі прыдворныя акадэмікі мэдыцыны, палітолягі, сацыёлягі ды іншыя, любы народам Каудыльё падарыў ім такую дасканалую ідэю. І калі яна ня ўсюды і не ва ўсім дае плён, дык у тым не ягоная віна — віна тых, хто недасканала авалодаў ёю. Значыць, трэба больш піць і лепш працаваць.
Супраць таго, каб больш працаваць, не пярэчыў ніхто — ні адна ўрадавая ці апазыцыйная партыя — з тым сапраўды былі згодныя ўсе. Але ніхто ў гэтай краіне ўжо даўно не працаваў, нашмат больш прыемна было піць. Паколькі гарэлкі на кожны дзень не хапала, пілі ўсё, што лілося: самагон, сусла, піва, воцат, клапамор, тармазную і мазольную вадкасьці, тасол, бэнзын, газу. Ніхто ў краіне не баяўся нікога, нікога ня слухаў — ні дактароў, ні міліцыянтаў, якія таксама пілі ня менш за астатніх.
Калі жыць зусім стала неяк, зрабіўся вялікі пераварот, які назвалі па-заходняму — дэмакратычны. Да ўлады прыйшлі тыя самыя людзі, што валадарылі раней. Толькі цяпер яны апранулі двухбартовыя гарнітуры і пачалі салодка ўсьміхацца перад народам. Калі ж ніхто ня бачыў, зубамі ірвалі адзін аднаму горла, дамагаючыся поўнай улады. Для таго патрэбныя былі асаблівыя здольнасьці, якімі з ранейшых ніхто не валодаў. Тады немаведама адкуль зьявіўся незвычайны чалавек, што перагрыз усіх і авалодаў уладай.
Пачалася новая эра — эра Вялікага Жаху.
Але тое — асобная гісторыя, пра якую летапісец раскажа наступным разам.
3. Жах
Пачалося ўсё нават прыстойна — здатна, па-людзку й дэмакратычна.
Сабраны ў залі бязладны, гаманкі, дужа амбітны парлямэнт тры дні біўся над велізарнай праблемай будучага кіраўніка дзяржавы. Сам парлямэнт кіраваць ня ўмеў, а галоўнае — не хацеў, бо хацеў толькі выступаць у тэлевізары ды езьдзіць па замежжы — прэзэнтаваць краіну, якую апроч мытнікаў ніхто болей ня ведаў. Вельмі складана было вызначыць назву кіраўніка, які б пад наглядам парлямэнту кіраваў краінай, — хто гэта будзе: цар, сакратар, загадчык, гаўляйтар? Дэпутаты зьнемагліся ў спрэчках. Дайшло да таго, што пачуліся прапановы: ня трэба ніякага кіраўніка, хай будзе анархія. Тое, вядома, было небясьпечна, і небясьпека недзе была ўчутая й перададзеная куды належыць. І вось позна ўвечары, калі парлямэнтары дарэшты стаміліся і ўжо кепска разумелі, у авальнай залі паседжаньняў згасла сьвятло, загрымеў нечуваны гром, будынак затросься, аднекуль з-пад купалу шуганула шэрым сьмярдзючым дымам, зь якога выскачыў ЁН. Ад яго сыпаліся іскры (такая зыходзіла энэргія), праменіла фіялетавае зьзяньне; постаць яго цьмяна нагадвала чалавечую і вібравала так, што нельга было сфакусаваць зрок і зразумець, што ж гэта — здань, цмок ці няўжо — чалавек? Сьпікер парлямэнту дрыготкім голасам запытаўся: «Хто вы?», ды, замест таго, каб атрымаць адказ, кулём паляцеў з застольля аж у славуты «задні праход». Грымотным голасам здань абвесьціла: