Капітан Пендэртан і місіс Лэнгдан сядзелі каля каміна. Абаім было зусім няўтульна. У той вечар яны паводзілі сябе нервова і з панурай ажыўленасцю гаварылі пра садоўніцтва. Для нервовасці было дастаткова падстаў. Апошнія дні маёр быў зусім не падобны да таго вальяжнага малайца, якім ён быў раней. Нават Леанора і тая няясна адчувала агульную прыгнечанасць. Адной з прычын гэтага была дзіўная і трагічная падзея, што адбылася некалькі месяцаў назад і ўдзельнікамі якой былі ўсё чацвёра. Вось гэтак жа яны сядзелі разам аднойчы позна вечарам, калі раптам місіс Лэнгдан, у якой была высокая тэмпература, выйшла з пакоя і пабегла да свайго дома. Маёр, асалавелы ад віскі, не адразу пайшоў за ёй. Праз нейкі час слуга-філіпінец Лэнгданаў Анаклета з лямантам убег у пакой з такім жахам у вачах, што яны, не гаворачы ні слова, падаліся за ім. Калі яны знайшлі місіс Лэнгдан, тая была непрытомная. Яна адрэзала сабе садовымі нажніцамі саскі грудзей.
— Хто хоча піць? — спытаўся капітан.
Піць хацелася ўсім, і капітан пайшоў на кухню ўзяць яшчэ адну бутэльку содавай вады. Капітан быў глыбока занепакоены, бо ведаў: працягвацца гэтак далей не можа. I хоць сувязь жонкі з маёрам прыносіла шмат пакут, ён не мог без страху нават падумаць пра якую-небудзь перамену. Яго пакуты былі даволі асаблівыя, бо ён з аднолькавай рэўнасцю адносіўся да жонкі і да аб’екта яе кахання. Летась ён пачаў адчуваць эмацыянальную прыхільнасць да маёра, і з усіх пачуццяў, што зведаў у жыцці, гэтая прыхільнасць у найбольшай меры была блізкая да кахання. I таму імкнуўся вылучыцца ў вачах гэтага чалавека. Рогі ж, навешаныя яму, насіў з цынічнай тактоўнасцю, што выклікала павагу ў гарнізоне. Калі ён наліваў шклянку маёру, яго рука дрыжала.
— Ты зашмат працуеш, Уэлдан,— заўважыў маёр Лэнгдан.— I ведаеш, што я такое скажу? Яно таго не варта. Галоўнае — здароўе, бо што рабіць, калі яго няма? Леанора, яшчэ адну карту.
Наліваючы содавай вады ў шклянку місіс Лэнгдан, капітан намагаўся не глядзець ей у вочы. Ён гэтак не выносіў маёравай жонкі, што ў яго ледзь хапала сілы спакойна глядзець на яе. Місіс Лэнгдан вельмі ціха і напружана сядзела каля каміна і вязала. Твар у яе быў зусім бледны, вусны — даволі апухлыя і патрэсканыя. Лагодныя чорныя вочы ліхаманкава паблісквалі. Ей было дваццаць дзевяць гадоў, на два гады менш, чым Леаноры. Казалі, што некалі ў яе быў вельмі прыгожы голас, але ніхто ў гарнізоне не чуў, каб яна спявала. Калі капітан глянуў на яе рукі, яго страсянула ад агіды. Яны былі такія тонкія, быццам высахлі: пальцы — доўгія і кволыя, ад суставаў да запясця пралягло мноства тонкіх зеленаватых вен. На фоне малінавай воўны, з якой яна вязала світэр, рукі выглядалі яшчэ больш белымі і хваравітымі. Часта капітану карцела сказаць што-небудзь гэтай жанчыне непрыемнае. Перш за ўсё ён неўзлюбіў яе за абыякавасць да яго як асобы. Пагарду выклікала і тое, што яна аказала яму паслугу: яна ведала, хоць і трымала гэта ў сакрэце, пра адну справу, праз якую, калі б пайшлі чуткі, ён адчуваў бы сябе вельмі няёмка.
— Яшчэ адзін світэр мужу?
— Не,— ціха адказала яна.— Я пакуль не вырашыла, што з гэтага будзе.
Элісан ледзь стрымлівала слёзы. Яна думала пра сваё дзіця, Кэтрын, якое памерла тры гады назад. Яна ведала, што ёй лепш было б пайсці дадому, дзе слуга Анаклета дапамог бы ёй легчы ў пасцель. Неспакойна, балюча было ў яе на душы. Нават тое, што яна не ведала, каму вяжа гэты світэр, выклікала горыч. Яна пачала вязаць пасля таго, як стала ўсё вядома пра мужа. Спачатку яна звязала некалькі світэраў яму. Потым звязала касцюм Леаноры. Першыя месяцы яна не зусім верыла, што Морыс можа быць такі здрадлівы. Калі, нарэшце, Элісан з пагардай махнула на мужа рукой, яна ў адчаі пачала хінуцца да Леаноры. Так узнікла тая дзіўная дружба, якая бывае паміж жонкай, якой здрадзілі, і аб’ектам любові яе мужа. Яна ведала, што гэта паталагічная эмацыянальная прыхільнасць — незаконнанароджанае дзіця шоку і рэўнасці — была ніжэй за яе годнасць. Але хутка прыхільнасць знікла сама па сабе. Цяпер Элісан адчувала, як яе вочы напаўняюцца слязьмі, і каб узяць сябе ў рукі, выпіла крыху віскі, хоць моцных спіртных напіткаў ёй нельга было піць з-за хваробы сэрца. Ёй нават не падабаўся сам смак віскі. Яна з большай радасцю выпіла б кілішачак якога-небудзь салодкага лікёру, альбо крыху херэсу, ці нават, калі ўжо на тое пайшло, кубак кавы. Але цяпер яна піла віскі таму, што яно было наліта і яго пілі іншыя, ды і што яшчэ было рабіць?
— Уэлдан! — раптам крыкнуў маёр.— Твая жонка ашуквае! Яна падгледзела карту ў калодзе.
— Няпраўда. Ты падлавіў мяне яшчэ да таго, як я паспела што-небудзь разгледзець. Што там?