У першую ж калектыўную восень маласельцы з жахам уцямілі, што чырвоныя агітатары іх проста ашукалі, бо калгаснага жыта не хапіла нават, каб выдаць што-кольвечы на працадні. Без зямлі непатрэбнымі сталі асірацелыя сялянскія гумны, і гэты непарадак адразу заўважыў нейкі дужа зоркі начальнік. Гумны пачалі разбураць і звозіць на агульны двор, дзе з іх змудравалі прыземістыя кароўнікі і цялятнікі, ды горш за ўсё, што рушыць людское дабро ледзь не гвалтам прымусілі Гаўрылу Трафімчыка, маючы на ўвазе яго заслужаныя поспехі ў цяслярскай справе. Усяго за адно лета будаўнічая брыгада растрыбушыла пустыя гумны, пуні, ёўні, і тварыўся гэты разбой пад маўклівымі позіркамі гаспадароў ці, наадварот, пад нястрыманай лаянкай заплаканых гаспадынь.
Сам Гаўрыла Трафімчык, ідучы па вуліцы, баязліва ўцінае галаву ў плечы, каб не бачыць страхотна апусцелых прыгуменняў, ды чамусьці найбольш яму не хочацца сустрэць басаногую, няўклюдна апранутую Луцэю Падгайскую. З языком, доўгім, як памяло, гэтая куслівая, помслівая кабетка, мусіць, ужо да самага скону не забудзе, хто першы ўскочыў на яе пахілае, скасабочанае гуменца. Там жа, на вільчаку збуцвелай страхі, якраз сядзеў Гаўрыла Трафімчык, кідаў зверху бярозавыя апоўзіны, што змацоўвалі гнілую салому, а ўнізе, наўкруг чатырох вуглоў, галопам бегала раз'ятраная Луцэя, папускалася грудамі зямлі і, як толькі ўмела, кляла пустагаловую дзяржаву, дурных туташніх начальнікаў, усіх сваіх былых і сённяшніх ворагаў.
- Смык сухарэбры! Злазь з майго хаджайства! Каб ты ўпаў, дай Божа, ды макатра свайго раскалоў. Каб ты з торбай па свеце цягаўся. Скажы, Гаўрыла, ці ж я прасіла, каб ты маё багацтва нішчыў? Хіба ж я цябе на вугал падсаджвала? О, ты, знічтожнік, гуменца і пальцам не чапіў бы, калі б жыў мой Падгайскі. Ён табе як бач мазгі ўправіў бы, ён цябе адным махенцам гарбатага зрабіў бы.
- Ахалонься, Луцэя, астынь трошкі, - зрэдку азываўся зверху прысаромлены Гаўрыла Трафімчык, асцярожна ступаючы па голых ужо латах. - Цябе ж не рэжуць, не колюць, што расквічалася на ўвесь павет.
- Сам ты кныр пакладаны! Вельмі ўжо маё гумно табе вочы застраміла, каб і пастаяла даўжэй. Мо яшчэ зямельку вернуць, тады і коніка як-небудзь агораю.
- Памаўчала б, кабетка, з гумном сваім. Нагою таўхані, дык рассыплецца - трухня адна.
- Пагляджу, як ты сваю стадолу кінешся бурыць. Рукі будуць калаціцца. Дальбог, праўда!
- Дойдзе чарга і да мяне. Старшына наказаў з гэтага канца пачынаць, а я вунь дзе жыву - каля Сцяпана Аліфера.
- Не плявузгай, Гаўрыла! Знарок ты з майго боку зайшоў. Каб сабе не нашкодзіць.
- Я ёй - стрыжана, яна мне - голена. От бо Луцэя!
Сваю цяжкую і не зусім пашаноўную справу калгасныя будаўнікі рабілі моўчкі, зацята, ажно пыл курэўся над прыгуменнямі, і было нават дзіўна, што майстроў да гэтага часу не апанавала кароста і ў кожнага на самых нікчэмных частках цела не вылезла па сорак скул, аб чым гучна, на ўсю вёску, і не горш за Луцэю Падгайскую, клапаціліся разлютаваныя гаспадыні. Пазней, калі цераз сялянскія панадворкі з грукатам і лямантам прайшліся вострыя цяслярскія сякеры, стала ўвачавідкі бачна, як агалілася Малое Сяло, як яно раптам збяднела, дайшло да ўбогасці, застаўшыся без гумнаў, пуняў і ёўняў - найпершай прыкметы хоць нейкай прыблізнай заможнасці. На свежую памяць яшчэ лёгка ўявіць нядаўні знешні выгляд даволі вялікай вёскі. Гумны, у каго з зялёнай ад даўнасці страхой, у каго толькі што перакрытае наноў, стаялі напрыканцы сотак, быццам знарок, выстраіўшыся ў адзін шнур, і чамусьці кожная восець альбо тым, альбо другім назовам была падобная цот у цот на сваіх уласнікаў.
Скасабочанае, з задзёртай угару страхою гуменца мела Луцэя Падгайская, і вось дзіва: рыхтык гэтак жа, рогам уперад, носіць хустку і сама гаспадыня. Яе блізкая суседка, хутканогая Тадорка Дрозд па вёсцы бегае вечна расхрыстаная, у незашпіленым кажушку, дык і пуня кабеціная зімою і летам стаяла расхлябешчаная насцеж. Гумно, з аднаго боку падпёртае тоўстым бервяном, трымаў Якаў Пеўнік, але і сам ён моцна кульгае, апіраецца на сукаватую кульбаку. У абрысах квадратнага, трошкі падпсаванага дзесяцігоддзямі гумна без цяжкасці ўгадваліся і прыгорбленая постаць, і неўтаймоўны нораў гаспадара - Сцяпана Аліфера, каржакаватага, учэпістага, як смаляны корч, гарачага, як кіпецень. Сцяпан Аліфер таксама ходзіць з кавенькай, аднак не кульгае, і гумно ён збярог прыстойнае на выгляд. Маючы багаты вопыт, будаўнікі да сярдзітай гаспадыні падбіраліся з вялікай асцярогай. На здзіўленне, паважаны Трафімчыкаў сусед прыблудных цесляроў спаткаў зусім спакойна: забраў з гумна рэзгіны і цапы, аскабалкі ад растрыбушанай збудовы перанёс на дрывотню, а сівенькая Марка, Сцяпанава жонка, згрэбла на гумнішчы рэшткі гнілой саломы разам з зялёным мохам, і нічога больш - ні кашуль у сем столак, ні сарака скул, ні іншых страшэнных кленічаў.