Выбрать главу

- Калі разабрацца, на які ляд жабраку гумно? Замінала толькі. Раскідаў Гаўрыла, і бачыш, колькі прастору! Уся вёска перад вачыма, - надта бадзёра, але з журбой у голасе пажартаваў Сцяпан Аліфер, хаваючы за ўсмешкай сваю нязвыклую ціхмянасць і пакору. - Сам ужо хацеў гумно спаліць, ды рука не паднялася. А цяперачы што? Няма зямлі, то і асець не трэба. Што ў ёй хаваць? Наймуся ў трахтарыстаў сторажам - вось і будзе капейчына. - Ён паправіў жоўтыя ад курэння вусы, закончыў невясёлую споведзь любімай прымаўкай, якую, мусіць, сам і прыдумаў: - Цьфу ты! Хай Бог панам барануе!

- Не гнявіў бы Ўсявышняга, патарчака лысы! Чым табе гумно не дагадзіла, што спаліць хацеў? Зараз усё як у прорву - і зямля, і конік, і калёсы, - з ношкай саломы прыпынілася побач утрапёная, трошкі раззлаваная Марка. - То ж дурань дурнем! Пастаяў бы на сваім даўжэй, дык і воза не здаў бы, і каня не завёў бы на вобчы двор.

- Знайшлася вумніца! З курыным розумам адно каля печы тупаць ды гаршкамі бразгаць.

- І тупаю, і цябе кармлю, няўеднага. Ясі, ажно за вушамі трашчыць, хоць свінога ўваллі, хоць якога.

- Не сварыцеся, людцы добрыя, - міратворна, чуючы нейкую сваю віну, сказаў Гаўрыла Трафімчык. - Сёння ваша гумно растрыбушылі, заўтра - маё. І нічога не зробіш. Парадкі дужа строгія, нават не сыкнеш, як гусак.

Вострыя разбойніцкія сякеры, аднак, перад Гаўрылавым гумном, быццам па чыёй камандзе, раптам павярнулі назад, разбегліся па навакольных хутарах і засценках, дзе таксама нарабілі багата глуму, бо і з аднаго, і з другога канца вёскі на агульны дзядзінец цугам пацягнуліся фурманкі і крывулі, нагружаныя старым бярвеннем. Яшчэ ў той дзень, калі вярхом сядзеў на каньку Луцэінай пунькі і здзіраў страху, Гаўрыла Трафімчык думаў, што вельмі лёгка парушыць і сваё кроўнае дабро. Але, маючы бясспрэчную ўладу над вясковымі будаўнікамі, ён усё адцягваў гэты шчымлівы момант, і вось сталася так, што на ўсё Малое Сяло ацалела адно-адзінае гумно, ды і тое - брыгадзірава.

Ужо і суседзі касавурацца, ужо не толькі Луцэя Падгайская даймае пякучымі папрокамі, а рашучасці не хапае, каб раскідаць будыніну, якая мноства гадоў была наймілейшай акрасай Гаўрылавай сялібы. Ён не ведаў, як апраўдацца перад вяскоўцамі за сваю нерашучасць, гумно пачало яму сніцца, у трывожных і забыўлівых снах яно гарэла надзвычай праўдападобна, і раніцай потны, расхваляваны гаспадар выбягаў з хаты на ўласныя вочы ўпэўніцца, што сярод прыгумення не тлеюць галавешкі і не курыцца дым. Потым ён прыдумваў сабе нейкі клопат, адчыняў гумно і тут нанова перажываў жахі кашмарнай ночы.

Шкадаваць і праўда было што: моцныя дубовыя сохі, вакол якіх можна праехаць возам, здаровыя сцены, акутыя жалезам вароты, ды нават калі адкінуць гэтыя несумненныя вартасці, адзін гліняны ток чаго каштуе - утрамбаваны драўлянай шлягай, адпаліраваны да бляску збажыной і важкімі цапамі. Помніцца, Гаўрыла Трафімчык абышоў усе глінішчы вакол Малога Сяла, пакуль не надыбаў на адклад з шэра-зеленаватай, вельмі глёўкай і трывалай глінай. Ток у гумне не вышчарбіўся з гадамі, не павытыркваўся гузамі, хоць гаспадар, маючы добрую сілу, перыў цэпам так, што зярняты пырскалі ў бакі, як спорны, густы дождж. Быў бы на месцы Гаўрылы нехта другі, і яму таксама не хацелася б руйнаваць выдатны цуд вясковага дойлідства, які па бярвенцу ляжа ў сцены нікчэмнага цялятніка або смуроднага свінарніка.

І, напэўна, яшчэ не адзін дзень слынны цясляр змрочна тупаў бы вакол гумна, не ведаючы, што рабіць, калі б на гэтую бяду не налучыўся Аляксей Хамутовіч. Старшыню на чужы пакутніцкі двор паслала, мусіць, сама наканаванасць, сам лёс. Аляксей Хамутовіч якраз скакаў па пыльнай маласельскай вуліцы, убачыў здалёк маўклівую, сутулую постаць і тузануў Варанога на дарожку, што ўздоўж сотак вяла на прыгуменне.

- Па сваім гумне плачаш, дзядзька Гаўрыла? І не таіся - бачу, бачу! Аднак гумно разбірай без супраціву ўласці, бо ўжо не будзе вазвяртання да старых межаў і шнуроў. Запомні - не будзе!

- Ды які супраціў? Ты ж, Ляксей Сымонавіч, першы мне кіцу загнеш, калі што не так.