Выбрать главу

- І загну - хай адно хітраваць пачнеш.

Пры сабе, ці конны, ці спешаны, Аляксей Хамутовіч заўсёды мае плецены сырамятны бізун на цаўі з тонкай казінай ножкі, і, як толькі саскочыў з Варанога, малады калгасны старшыня для чагосьці абстукаў цаўём пярэднюю сцяну, прытупнуў на гулкім глінабітным таку і, прысланіўшыся плячом да сахі, загледзеўся ўгору. «Ух ты! Высока, як у соснах», - нечакана выдыхнуў ён, і ў гэтым пустым захапленні з'явілася першая нітачка, спрытна хапіўшыся за якую яшчэ можна было ўратаваць гумно. Дзесьці ў кроквах, асветленых праз шчыліны сонечнымі промнямі, бязладна чырыкалі вераб'і, у расчыненыя вароты пошвыркам сюды-туды кідаліся ластаўкі-бялянкі, але, не зважаючы ні на што, Гаўрыла Трафімчык ужо трымаў у руцэ тую нітачку надзеі і без усялякага сораму тузаў яе да сябе.

- Сымонавіч, мо ў хату зойдзеш? Радня як-ніяк. Помніш, твая і мая бабка былі аднае маці, а мы з табою ўжо, выходзіць, браты ў чацвёртай стрэчы.

- Радня, кажаш? Адзін пень гарэў - другі бокі грэў. Ха-ха-ха! Аднак не хвалюйся, брат мой Гаўрыла. Ацалее тваё гумно. Слухай, што я надумаў. Пачнецца жніво, то не будзе куды збожжа сыпаць - свіран жа недабудаваны. Трэба тут, у гумне, наслаць падлогу, зрабіць засекі - вось і мецьмем хоць часовы спрат для жыта. Дошак адно б дзе прыстарацца.

- От галава! От галава! Мінісцерская ў цябе галава, Сымонавіч. Усё будзе, як ты хочаш. І дошкі знойдуцца. Паедзем у лес, спусцім колькі хваін - вось табе і цалёўкі. Дык не стой, чалавеча, пайшлі ў хату. Яшчэ ж не выгалела ў каморы - ёсцека і паляндвіца, і лычык вэнджанай кілбасы.

Дапытлівыя суседзі, вызіраючы з-за платоў, выказвалі самыя неверагодныя здагадкі, чаго так доўга старшынёўскі Вараны пасвіўся на пустым прыгуменні і чаму, калі Аляксей Хамутовіч выкуліўся з хаты, плецены бізун у яго абвіслай руцэ цягнуўся канцом па зямлі. І гэта яшчэ не ўвесь здзіў. У людзей і дух заняло, калі наўзбоч Гаўрылавага прыгумення неўзабаве вырас, падсыхаючы на сонцы, ярус пахучых і белых, як сыр, дошак, а ў самім гумне, распалохаўшы вераб'ёў і ластавак, весела зацюкалі сякеры, звонка азвалася піла. Нават няхітраму воку было відаць, што Гаўрыла Трафімчык перарабляе гумно на свіронак, і тут ужо не месца дакорам: жніво на носе, а спрату для збожжа ў калгасе напраўду няма.

Бліжэйшыя суседзі іншы раз сунуліся на грукат сякеры, моўчкі тапталіся на струганых дошках, якімі загрувасцілі гліняны ток, і гэтак жа ціха разыходзіліся. З імі, суседзямі, наогул не было марокі, але да спацелых, змораных цесляроў панадзіліся штодня два няўдалыя самагоншчыкі, два вясёлыя балбатуны пан Вінцусь і пан Бронюсь. Яны, як тыя вандроўнікі, аднойчы смела зайшлі ў гумно, селі на чым каму прыймелася і пачалі мудрыя, дасведчаныя размовы пра калгас і ўраджай, пра ўсё, што само лезла на язык, і з іхняга пустога плявузгання Гаўрыла Трафімчык ясна ўцяміў: гэтыя немаладыя, бязродныя шляхціцы знарок гавораць бязглуздзіцу, каб пайграць на нервах і добра пазлаваць удачлівага брыгадзіра калгасных будаўнікоў.

- Хвацка ў цябе, Гаўрыла, выйшла, ой, хвацка! - хітра, здалёк павёў рэй большы ростам пан Вінцусь. - Як той казаў, і козы сытыя, і сена цэлае.

- Але, добры купец, добры! - падхапіў меншы ростам пан Бронюсь. - Трэба мець спраўную глову, каб такую хароміну выклянчыць за кварту самагонкі.

- Хто вас сюды клікаў? Сноўдаюцца па вёсцы, як віжы, усё штосьці вынюхваюць, - узбурыўся чырвоны ад злосці Гаўрыла Трафімчык. - А калі пра самагонку, то не мяне ж хапілі на Імшэчку і за каршэнь паперлі ў Ганцавічы.

Ціснуць употай сівуху і плаціць штрафы за грэшны промысел у Малым Сяле не лічыцца ганьбай, таму прышлыя балбатуны асабліва не збянтэжыліся, калі іх справядліва ўпікнуў Гаўрыла. Няздатныя гандляры самаробным трункам наогул удала выблыталіся з таго вялікага пераляку: да мястэчка трэсліся ў кузаве паўтаратонкі, назад вярталіся пяшком, усю ноч цялепкаючы па глыбокім снезе. Вядома, што іх самагонны апарат ушчэнт разбілі міліцыянты, а вось ці плацілі штраф - пра гэта бесклапотныя шляхціцы сціпла маўчаць. Ды хіба ж бываюць у Малым Сяле нейкія тайны?

Вяскоўцы заўважылі, што пасля міліцыі пан Вінцусь і пан Бронюсь пачалі балбатаць яшчэ больш і, на здзіўленне, не прамінулі ніводнай вясковай зборні. У школе, куды прыезджыя агітатары вечарамі склікаюць народ, яны займаюць пярэднія лаўкі, першымі цягнуць угору рукі, даўжэй за ўсіх ляпаюць у далоні і мацней за ўсіх крычаць, стараючыся скіраваць на сябе позіркі высокага начальства. Гаўрыла Трафімчык, калі назваў іх віжамі, якраз нічога не меў на ўвазе, але чамусьці, пасядзеўшы яшчэ хвіліну дзеля прыліку, нязваныя госці борздзенька вымеліся з гумна, а назаўтра зноў заявіліся тут, як і не лысыя. Селі на памосце, агледзеліся і давай павучаць бывалых майстроў, хоць самі ні на грам не талопяць у цяслярскай справе. У рэшце рэшт кончылася гэта тым, што разлютаваны, быццам звер, Гаўрыла проста сілком выпхнуў абодвух балбатуноў за вароты.