Выбрать главу

Назаўтра, і цераз дзень, і на трэці дзень, калі пастаіць цёплае надвор'е, задзірастыя, непрымірымыя суседзі зноў будуць сумаваць адно без аднаго, неўпрыкмет цікуючы праз вокны, хто ж сёння першы выбежыць на вуліцу? Навучаная горкім вопытам, Тафіля, здаецца, перасцераглася: сядзіць на валуне строгая, непадкупная, аднак і каварства Сцяпана Аліфера не мае мяжы. Трэба надта чуйныя вушы, каб у яго спакойным голасе ўлавіць насмешку і падвох. То быў злосны і сярдзіты, як сыч, то, на здзіўленне, такі ўжо лагодны і добры - падзеліцца апошнім багаццем.

- Давай, Тафілька, мяняцца камянямі. Забірай сабе мой, бліскучы, а мне будзе твой, пляскаты.

- Давай, Сцяпанка. Але скажы, як такія аграмадзіны выкалупаць з зямлі?

- Рыдлёўкай. А цераз вуліцу вяроўкамі перацягнем.

- Ой, мусіць, жартуеш? Ой, і хлусіш, злыдух!

Знакамітыя валуны тут, зразумела, ні пры чым: маўкліва ляжаць навідавоку не адно стагоддзе і, мабыць, яшчэ ляжалі б, нікому не патрэбныя, калі б непрымірымыя ворагі аднойчы не заўважылі, што, седзячы на камянях, вельмі зручна пляткарыць, лаяцца, згадваць даўнія і свежыя крыўды. Сваркі, якія да покату смяшылі Малое Сяло і на доўгія гады сталі туташняй славутасцю, зазвычай пачынаюцца вясной, з перапынкамі доўжацца ўсё лета і сціхаюць толькі з надыходам асенніх халадоў. На пустэчы за Тафілінай хатай расце крывабокая, камлюкаватая бяроза, і вось з-за яе, нявіннай дрэвіны, паміж суседзямі ідзе зацяжная варожасць. Сцяпан Аліфер справядліва лічыць, што бяроза належыць яму, бо стаіць якраз насупраць калодзежа, Тафіля правільна мяркуе, што бяроза стала яе ўласнасцю, бо скрыўленай вяршалінай дрэва пахілілася акурат на Тафіліну хату. Яшчэ ў нізінах булькаюць вясёлыя ручаі, яшчэ і гракі не прыляцяць з поўдня, а непрымірымыя, упартыя суседзі да хрыпаты ў голасе высвятляюць, каму сяголета выпала спускаць салодкі і празрысты, як сляза, бярозавік.

З першым сталым цяплом валуны цераз вуліцу добра награюцца, і на іх любата пасядзець і без сваркі, аднак заканчваецца гэтая прыхамаць звычайна тым, што Сцяпан Аліфер, незалюбіўшы бязглуздых дамаганняў Тафілі, усхопліваецца з любімага каменя і, на міг крутнуўшыся ў хаце, шыбуе да беднай бярозы з сякерай, свёрдзелам і загадзя выдзеўбаным асінавым карытцам. Ён, злосны і рашучы, прасвідруе ў камлі свежую дзірку, уставіць драўляны латак і потым усю ноч не будзе спаць, выглядаючы праз вокны, каб вераломная Тафіля не начэрпала з карытца соку альбо не ўчвэрыла яшчэ горшага паскудства.

Хто сярод лета хоць разок піў кіслы бярозавы квас, у якім зверху зыбаецца падсмажаны ячмень, той зразумее, што Сцяпан Аліфер нездарма турбуецца і сварыцца за бярозу. Халодны бярозавік з цёмнага пограба добра спаталяе смагу, прыбаўляе імпэту, і калі часта не боўтацца ў бочачцы, то квас не адскочыць, прастаіць, пахучы і рэзкі, да самага жніва. Боскім пітвом тады не грэбуе нават пераборлівая Тафіля: стоміцца з сярпом на сваёй ніўцы, возьме ў Сцяпанавай Маркі паліваны гарлач і п'е, задыхаючыся, нагбом, пакуль ад таго квасу не застанецца на дне дробная кропля.

- Да вечара яшчэ далёка, а ты, повідзь, увесь квас выжлукціла! - зазлаваў аднойчы Сцяпан Аліфер. - Мне хіба не горача? - Ледзь не сілком ён вырваў з чужых рук паліваны гарлач, выкаўтаў рэшту сам і напрасткі цераз пожню падаўся на свой панадворак. - Пайду ў пограб, начэрпаю яшчэ квасу, бо ентая жлукта нават і на посмак не пакінула.

- Укалечыла я цябе, калі і хлёбнула каліва, - пакрыўдзілася Тафіля і зусім слушна зазначыла: - А бяроза, Сцяпанка, не твая, бо каля маёй хаты расце. От захачу, дык і спілую ўзімку на дровы.

- Я табе захачу! Я табе спілую! Я табе дам дровы!

- Далібог, будзеш па сок у лес бегаць, - Тафіля вомельгам апынулася на сваім шнуры і задзіралася ўжо адтуль: - Адзін пянёк астанецца за хатаю.

- Людзей хоць бы не смяшылі! - з дакорам супыніла ненавіснікаў Марка, чырвоная ад сонца, потная ад сярпа. - То ж як сыдуцца разам - аж зямля калоціцца.