- Сцяпанка, а ўсё ж, можа, спусціш соку? - з надзеяй, ужо на хаду, азірнулася Тафіля. - Нясі сваё карытца, я і слова не скажу. На жніво квас як знойдзеш.
- Няма чаго жаць, дык і не патрэбна мне бяроза! Забяры сабе - хоць павалі, хоць так спалі. О людцы! Хай Бог панам барануе!
Трэба быць набітым дурнем, каб неабдумана, самахоць адмовіцца прыняць раскошны дарунак, бо і аддавала яго суседка, лічы, за бесцань - хацела ўсяго толькі цёплага слова, прыязнага позірку. Але Сцяпан Аліфер занатурыўся, не стаў раскідвацца такой драбязой, і беластволая бяроза да наступнай вясны цалкам, ад каранёў да макаўкі, засталася ў бязмежным карыстанні Тафілі. Крывабокае дрэва яна, безумоўна, не паваліла і не пусціла на дровы, ды, больш таго, нават карэц салодкага соку здабыць ёй не ўдалося. На злосць суседу, Тафіля знарок доўга валтузілася ля камля з долатцам і сякерай, прыладзіць драўляны латак не здолела, плюнула з прыкрасцю, пайшла, а свежыя раны і драпіны на кары зацягнуліся вільгаццю, пырснулі жывымі кроплямі, і цененькі бліскучы струмок па лахматай бяросце пасачыўся ўніз да зямлі, разліўшыся маленькай лужынай, тут жа прывабіў да сябе мноства ўсялякіх ласуноў - жучкоў, казюрак, чорных палявых мурашак.
Камель з сонечнага боку пакрыўся ружовым шумавіннем, і яшчэ не скончыўся рух соку, як сама бяроза светла зазелянела, сярод зубчастых маладых лісцікаў на абвіслым вецці выкінуліся шурпатыя каташкі. Тафіліна крывабокая радасць і суцеха налучыла момант пышна расцвісці акурат на Юр'я, калі вясковыя кабеты збіралі статак на затравянелым выгане, а Тафілі, якая каровы, мусіць, зроду не мела, нічога іншага не заставалася, як, стаіўшыся за плотам, сам-насам любавацца бярозай і раўніва прыслухоўвацца, што, у рэшце рэшт, кажуць пра яе прыгажуню языкатыя суседкі?
Тыя ж моўчкі і абыякава праходзілі міма, але ў адрозненне ад людзей немалы інтарэс да расквітнелага дрэва выяўлялі худыя пасля зімы, неспакойныя каровы: чухаліся аб маршчыністы камель, бучыліся, стараліся ўбароць бярозу вострымі рагамі. Вядома, то не быдла, якое на запасванне вернецца ў хлявы без свежых байцоўскіх ран і крывавых пісягоў, ды ўсё ж можна было зразумець і заклапочанасць гаспадынь, якія перліся на выган толькі дзеля таго, каб, збоку пастаяўшы колькі трэба, не даць дужа разгуляцца сваім ашалелым ад шчасця рагулям. Сярод альховых кустоў, уздоўж звілістай канавы, рассыпаліся па зелянейшых лагчынах яшчэ насцярожаныя гурты, паблізу ад іх тоўпіліся расхваляваныя жанчыны, навідавоку трымаючы ахвярныя дары лагоднаму маю і святому Юр'ю.
На запасванне Фядора Чыркун узяла чырвонае велікоднае яйцо, Тадорка Дрозд прынесла пасвенчаны ў царкве вярбовы дубчык, хітрэйшая Луцэя Падгайская прыхапіла тое і другое, ды, апроч гэтага, яшчэ ў сваім двары кожная сказала пацеры і замовы, употай зрабіла чары ад суроку, ад хіжай зайздрасці, ад усялякай напасці. Стаялі кабеты з краю выгана, абвеяныя цёплым і сухім ветрыкам, замілавана сачылі, як згаладалыя кароўкі папоўніцы хапаюць ядкую маладую травіцу, потым у жаночым натоўпе ўсчалася спрэчка: калі сёлета загрымела - на Вялікдзень ці пасля, на голы лес ці на зялёны? Супяцца бровы, моршчацца ў натузе лбы, і тугадумства цяпер якраз не ў пашане, бо ў такі шчымлівы момант вельмі важна прыгадаць, што першагром сапраўды прыйшоўся не на пустое голле, - быць, значыць, ураджаю і не трэба баяцца галадоўкі і мору.
- Я ж каля лесу жыву, дык добра ведаю, што грымела на зялёны лес, - прывяла важкі доказ засердаваная Фядора.
- Няпэўна ты мовіш! Перад Вялікдзенем, помню, накапала я хрэню, сцерла на тарцы, а ён слабы, нават у нос не дыхціць. Хрэнь заўсёды пасля грому траціць моцу, - запярэчыла ўпартая Тадорка.
- Ой, бабы! Вунь чагосьці сюды бегма шыбуе Папіха, - азірнуўшыся, сказала спалоханая Луцэя.
Да месца тут будзе зазначыць, што гэтае зусім не абразлівае мяно ў Малым Сяле носіць чырванашчокая грудастая паштальёнка Альжбета, і ёй няма чаго наракаць на чужыя языкі, калі нават родны бацька Сцяпан Аліфер, будучы не ў гуморы, за вочы і ў вочы называе дачку Папіхай. Сяды-тады яна, безумоўна, малілася ў Кругавіцкай царкве, але ні прамых, ні ўскосных стасункаў да мясцовага святара не мела. Альжбецін гаспадар Павел Худніцкі калісьці не любіў стрыгчыся - хадзіў доўгавалосы і тоўсценькі, як бочачка, за што дасціпныя маласельцы і ўважылі яго заслужаным празваннем - Попік. З вайны ён вярнуўся пакалечаны, хутка памёр, а гаспадарова папоўскае мяно перайшло цалкам да Альжбеты, хоць, на здзіўленне, не выклікала ў яе ні пярэчання, ні абурэння.
Пасля сябе Попік пакінуў кучу мурзатых дзяцей, і іхняя яшчэ не старая маці проста выпручвалася з апошніх высілкаў, каб пракарміць бедных сірот. Кожны дзень на нагах: бягом у Кругавічы і назад, бягом ад хаты і да хаты, і, урэшце, не яе віна, што ў адначассе, на святога Юр'я, у Малым Сяле пышна расквітнела Тафіліна бяроза, сакавіта ў ваколіцах зазелянела паша, а ў Папішынай брызентавай сумцы апынуўся знаёмы замежны канверт, абклеены квяцістымі маркамі. Яшчэ на пошце яна пазнала крамзолі, надрапаныя рукой сястры Стэфы, у лесе цішком прачытала ліст і спорна прыпусціла па дарозе, каб хутчэй расказаць людзям нечаканую навіну. Сваім звыклым шляхам, займаючы хаты ад самага канца, ткнулася ў адзін і другі двор, падзівілася, чаму раптам абязлюдзела вёска, ужо каля Тафілінай бярозы выпадкам убачыла процьму кароў у рудым алешніку пры балацявіне і, расчырванелая, потная, цярэспаля, чапляючы ботамі леташні картаплянік, папраставала на гэты рагаты, бадлівы і незвычайна гаманкі выган.