- Бабы, вы чулі, што наша Стэфа піша? - падбягаючы, выгукнула Папіха і ўзмахнула рукою так, быццам сыпанула жыта курам. - Але ж праўда! Піша сястра, што ў Польскай пан Абуховіч знайшоўся. Жывець ён цяперака блізка каля Стэфы і носіць да яе мыць свае порткі і кашулі.
- Скуль нам было чуваць? - першаю азвалася сапраўды ўражаная Тадорка Дрозд. - А як жа пані Тэрэза? Стэфа хіба нічога не піша?
- Прапала пані Тэрэза. Яшчэ ў Казахшчыне ад голаду памерла.
- Дзіва што! Далікатная вельмі была, жыла на выгодках, а чалавеку, прывучанаму да сытасці, як піць даць скарчанець ад бясхлебіцы, - сказала абыякава Фядора Чыркун, бо сумная вестка яе мала кранула. - Але ж і пан добранькі, калі пані не ўбярог.
- Добранькі ці не - табе лепей ведаць.
- Ты што плявузгаеш, зводніца брахлівая? Ты на што ківаеш? Ну, служыла я ў маёнтку пакаёўкай, але ж ты, цытра балотная, не бачыла, што я з панам любошчы круціла і сукні ад яго брала.
- Тут і бачыць не трэба. Абуховіч гарэў, як сланечнік, дык і Ядзюня твая ўся рыжоццем абсыпана, - ужо бурачковая ад злосці выдыхнула Папіха. - Падмані, распусніца, вала, ды толькі не мяне.
- Паціхніце, сараматніцы, бо так зараз і да космаў дойдзе, - умяшалася ў гарачую сварку Луцэя Падгайская і няўзнак стала паміж Фядорай і Папіхай. - Аднака ж час і дахаты блытацца, бо ажно адсюль чуваць, як свінні ў загарадзі вішчаць.
Дарэмна глівець на выгане і праўда ўжо не было прычыны: каровы ў чарадзе асвойталіся, палізалі адна адну і пры выглядзе сакавітай зеляніны зусім забылі пра свае вострыя рогі і дурныя звычкі. Без настрою разышліся хто ў які бок, а знерваваная Папіха ўскінула на плечы брызентавую сумку і паджгала назад цераз пустыя соткі. У сябе на агародзе поркалася з рыдлёўкай змрочная Тафіля, але навіну з замежнага канверта яна ўспрыняла ні горача ні холадна, таму што лёс пана Абуховіча і пані Тэрэзы яе цікавіў менш, чым лёс белакорай шумлівай бярозы за хатай. Тафіля, асаромленая няўдалым спусканнем соку, падазравала, што Сцяпан Аліфер сваё права на бярозу ўступіў з нейкім благім намерам, і гэтая ўчэпістая, нядобрая думка доўга не давала ёй супакаення ні ўдзень, ні ўночы.
Разам з гаспадыняй, чым далей у лета, тым усё больш, паглядаючы на кучаравісты вяз ля калодзежа, сумавала і журылася бяроза, пакуль на Пятра і Паўла не выплакалася першымі жоўтымі лісцікамі. Пасля веснавой сутычкі непрымірымыя суседзі варагавалі не адзін раз, і не адзін раз Малое Сяло сур'ёзна турбавалася, чаму столькі часу пустуюць два вялікія камяні абапал вуліцы. Аднак замаркочаная ў адзіноце Тафіля і шалапутны Сцяпан Аліфер пачыналі шукаць якой-небудзь злагады. Яны зноў мірыліся, зноў сядзелі на сваіх знакамітых валунах, паціху перамаўляліся, і тут барані бог, каб ад нейкага пустога, неразумнага слова ў Аліферавых вачах заскакалі дураслівыя, злыя чорцікі, - тады ўжо сцеражыся, Тафіля!
У пагодлівыя дні Кругавіцкая цагельня абзываецца ў ваколіцах басавіта і працяжна, і тады, чуючы шалёны, завіслы ў паветры гук, старая дзеўка-векавуха Агата Валасюк пачынае таропка будзіць Аляксея Хамутовіча, а гэта зусім не тое, што будзіць залётніка ў слотнае, сырое надвор'е. Калі на вуліцы бесперастанку лупіць густы і спорны лівень, сцелючыся па зямлі белым попырскам, ніхто з суседзяў, бадай, і не заўважыць, як з чужога двара, тулячы галаву, каб не пазналі, выскачыць малады вершнік на вараным кані і, крутануўшы за рог хаты, у адзін момант схаваецца пад навіссю рудога мокрага алешніку пры балацявіне. Сухімі, пагодлівымі ранкамі з начной пагулянкі трэба ўцякаць, калі яшчэ нават сонца не ўзыдзе, і то мала надзеі, што нейкая аблезлая карабуха не ўліпла ў шыбіну акна і не лічыць капыты імкліваму каню.
На світанні спаць хочацца, аж вочы зліпаюцца, але зычны, басавіты гудок падыме з пасцелі хоць мёртвага, хоць жывога, бо і цагельня са сваім грымлівым комінам, на шчасце ці на бяду, стаіць блізка ад хаты - на пагорку цераз голы і гразкі поплаў. Агата Валасюк усхопліваецца з ложка сама, колькі часу любуецца яшчэ хлапечым, іканапісным тварам Аляксея Хамутовіча і, шкадуючы, катурхае прыблудніка за плячо, потым, выбегшы на двор, выводзіць з хлява чарнагрывага Варанога, які застаяўся ў закутку і ад чакання дарогі нецярпліва перабірае нагамі. Сыты, гарачы жарабец з шырокімі персямі і белымі шкарпэткамі Агаце, далібог, падабаецца больш, чым сам змучаны, заспаны вершнік, аднак мажная, шчакастая Агата, ведаючы высокую цану залётніку і яго каню, правільна лічыць, што ў сваім двары лепей было б іх бачыць разам, а не паасобку.