- Ляксей! Калі ж ты зноў да мяне завітаеш?
- От будзе час, то і завітаю.
- Ляксей! Я ж без цябе памру, высахну на трэску. І хата мая згарыць, і неба на зямлю абрынецца.
- Не бядуй, Агата! Соль святой Агаты ад агню бароніць хаты.
- Ляксей! Чакаць буду.
Кожную раніцу, калі няма дажджу, зычны гудок цагельні разбудзіць апантаных залётнікаў у сябе пад бокам, потым, перакаціўшыся цераз стромы лясок, на пагорках і ў лагчынах пачынае будзіць маласельскіх сезоншчыц, а заадно і ўсё жывое на многа вёрст вакол. Пакуль у хвоях, аціхаючы, яшчэ галёкае рэха, Фядора Чыркун паспее залучыць карову ў гурт, басанож па сцюдзёнай расе вернецца ў хату, трошкі сагрэе пакрэплыя ступакі, і толькі тады ў сваім ложку нехаця заварушыцца Ядзюня. Цагельню з яе настырным і непадкупным гудком вясковыя дзяўчаты лаюць і бэсцяць на чым свет стаіць, але ўжо, мусіць, да позняй восені не выспацца ім, бедным, не прысніць на досвітку міленькіх ды суджаных.
Раскудлачаная, заспаная Ядзюня бразгаецца ў мыцельніку, бегма лётае па хаце, і яе, такую нервовую, цяпер лепей не чапаць. Фядора шкадуе дачку, дачка не хоча матчынай шкадобы і ласкі. Адна, з вілкамі ў руках, пастараніцца каля печы, другая, з клуначкам пад пахай, моўчкі прашмыгне міма і, не азіраючыся, пашыбуе ў пажаўцелы ўжо бярэзнік перад Імшэчкам. Ядзюня спяшаецца на сваю апрыклую цагельню і, безумоўна, справядліва думае, што яна маладая, цікавая, лагодная і не след ёй станавіцца ў рожкі з прабеглымі, старымі людзьмі. Маці і ёсць маці: ці дубцом, ці языком, але больш за ўсё Ядзюні не хочацца бачыць уедлівага суседа Марціна Палазка. Сутулы чорт кожны раз, быццам наўмысна, высунецца з хаты, зойме ўпапярок сцежку і давай плесці розную лухту, абы толькі падражніцца з Фядорыным рыжым і сярдзітым шчасцем.
- Ядзюня, ты не ведаеш, хто гэта ўчора вечарам на маёй лаўцы сядзеў ды і лаўку паламаў?
- Каму трэба, той і паламаў. Хіба ж я вашу лаўку пільную?
- Ой, глядзі, дзеўка, каб глуму не нарабіў трахтарыст мурзаты Ванька Заяц. Добра ж я выглядзеў яго праз вакно.
- Дык пры чым жа тут я, дзядзька Марцін?
- А пры тым, што лаўку ўдваіх будзеце чыніць.
- Хай Ванька Заяц і прыбівае дошку, калі адарваў.
Не сказаць, што Марцін Палазок жартуе альбо вярзе нейкую лухту. Ён стаіць пры сцежцы ў мокрай дзяцеліне, гнеўна супіць выцвілыя бровы: от бо жаніхі пайшлі! Гэты ж Ванька Заяц калі не павалачэ з сабою, дык хоць паламае - ці плот, ці весніцы, ці дашчаную лаўку. Дапытлівы адура галавы глядзіць у вочы Ядзюні, і яму вельмі важна высветліць, як, пры якіх абставінах было зроблена начное шкодніцтва, але і Ядзюню не купіш за грош: пастаранілася, абмінула ўедлівага суседа і - толькі пяткі замільгалі па роснай траве. Убегла ў бярэзнік, адсаплася і далей пайшла вольна, забыўшы адразу і пра Марціна Палазка, і пра дарэшты збутлелую лаўку. Сонца падымаецца паўзверх дрэў, над Імшэчкам на шматкі рвецца кудзелісты туман, увачавідкі святлеюць балотныя верасовыя астраўкі і прыбярэжныя алёсы, зарослыя трысцём, асакой, рагозам. За балацявінай уздоўж дарожкі, падступаючы да самай канавы, пацягнуліся маладыя хвойныя пасадкі з добра заўважнымі слядамі пажару. Летась тут увесну ўзялося гарэць па выпетраным шчытніку і сухой ігліцы, і калі б не набеглі людзі, агонь тады выкаціў бы не адзін гектар вясёлай баравіны.
Старонні чалавек цяпер, напэўна, не прыкмеціў бы слядоў колішняга пажару, прайшоў бы міма, але Ядзюню зацікавіла, што баравы лясок вельмі ж хутка паправіўся і акрыяў пасля вогненнай пракуды. Хвоі, пачарнелыя ля камлёў, пасвяжэлі, скінулі пажоўклую ігліцу, старое шыгаллё густа заслала абпаленую зямлю, у барознах паміж радамі дрэў прабіліся сівец, шчытнік, малады верас. Спатыкнуўшыся на роўным месцы, Ядзюня мелькам глянула сабе пад ногі, затым слізганула позіркам уздоўж канавы і траха не войкнула ад страху: па канаве толькі што прайшоў нейкі няўклюдны і, як відаць па слядах, немалы звер. Спускаўся звер уніз па цячэнні, на ператочынах раскоўзаў глей, а там, дзе вылазіў на сухое, з дзеразы і ляснога мятліку абабіта раса, на траве засталася шырокая цёмная паласа, быццам невядомы звер прабіраўся тут паўзком. Хто б то ні быў: воўк, барсук, ліса, з гэтага падазронага месца трэба як мага хутчэй уцякаць, і Ядзюня, не азіраючыся, з усіх ног прыпусціла па бязлюднай баравой дарожцы.