Выбрать главу

Яшчэ да першага гудка цагельні, ледзь толькі на Імшэчку зашарэла ў кустах, стары бабёр прачнуўся, разгублена выперся з хаткі, чуйна прыслухоўваючыся да наваколля. Вось і гэтую ноч ён каратаў адзін, таму што маладая бабрыха кудысьці сышла і не дае аб сабе знаку. Ведаючы, як яе строгі гаспадар не любіць дармаедства, апошнім часам яна круцілася каля плаціны: ірвала пучкі вішы, затыкала і замазвала глеем дзіркі, каб не прасочвалася вада. Але гэта было, мабыць, заўчора надвячоркам, а сёння ўжо другая раніца, як бабрыхі нідзе няма - ні ў хатцы, ні ў кустах каля пратокі. З усё большай трывогай бабёр кінуўся на пустыя астраўкі, прыдзірліва агледзеў ціхія азярыны - не відаць нават слядку.

Шкадаваць гуляку, зразумела, не было за што: маленькіх бабранят-жэўжыкаў мінулым летам яна так і не прывяла, аднак злавіць свавольніцу варта ўжо дзеля таго, каб даць ёй добрага прачуханца. Вопытны, мудры, ён ведаў, чым звычайна канчаюцца такія гулі, і на скрут галавы кружыўся па Імшэчку, пакуль не выбіўся на стругу - пераходную паласу між грудам і балотцам, парослую галінастым багуном і густым, як прашыцца, лахачоўнікам. Цераз стругу, па лагчыне сярод пясчаных пагоркаў, булькаў знаёмы ручай, і бабёр няўцямна, у вялікай роспачы паклыпаў уніз па цячэнні. Дзесьці там, за мяшаным лесам і селішчам, цячэ пакручастая, балоцістая Кудаха, і, мабыць, гэта туды, на далёкую рэчку, сышла ў прочкі капрызная бабрыха.

Раптоўны гудок цагельні заспеў раззлаванага вандроўніка ўжо на выхадзе з лесу, калі гасцінны і ўтульны Імшэчак застаўся позаду, а ў прасветлінах паміж хвоямі залаціста пырснулі першыя промні. Лес неўзабаве расступіўся, і па альховых кустах бурклівы ручай прывёў на бераг прадаўгаватай глыбокай сажалкі. Ляніва плёскаліся хвалі, наводдаль з-за кустоў вытыркваўся ржавы купал царквы з высокім крыжам. Збянтэжаны бабёр апынуўся на былой сядзібе пана Абуховіча, з краю селішча. За нядаўнім часам у маёнтку асталявалася машынна-трактарная станцыя, і сажалка, у якой абшарнік калісьці гадаваў серабрыстых карасёў, як не трэба лепш прыдалася для мыцця брудных машын і трактароў.

Толькі зараз, улавіўшы ў свежым паветры смуродлівы пах саляркі і бензіну, стары пустэльнік ачомаўся, зразумеў, што зайшоў надта далёка і з-за сваёй неасцярожнасці нібы трапіў у нерат - ні ўзад ні ўперад. Пры дзённым святле пераплываць сажалку, каб працягваць шлях на Кудаху, вельмі небяспечна, вяртацца ў лес, на Імшэчак, таксама рызыкоўна, бо з прыходам раніцы і там, у вёсцы, і тут, на сядзібе МТС, пачалі ўжо сноўдацца людзі. І бабёр, не маючы іншага выйсця, з адчаем пашыўся пад кудлатую ялінку, якая адна толькі і вырасла паблізу ручая ў нягеглым рудым алешніку.

Хавацца побач з людным і шумным селішчам усё ж было страшнавата, і, нязручна мосцячыся пад кашлатым дрэўцам, лясны валацуга баяўся нават паварушыцца, каб не выдаць сябе. Калі б у гэты момант на вочы яму патрапілася неразумная бабрыха, то, мусіць, свавольніцы мала ўжо не дасталося б. Змучаны бабёр, пакутліва чакаючы вечара, сядзеў над бурклівым ручаём, чуйна прыслухоўваўся да грукату жалеза ў маёнтку, і калі паблізу ў кустах зашоргала мокрая трава, ён наструніўся ўвесь, сцяўся ад жаху. Але баяцца не было каго: з пясчанай дарожкі паўз бераг сажалкі ў алешнік збочыла стройная, рыжавалосая і надзіва прыгожая дзяўчына.

Бабёр, зразумела, не ведаў, што дзяўчыну завуць Ядзюняй і што яна спяшаецца на цагельню валачыць з глінянага кар'ера цяжкую драўляную тачку. Ядзюня змалку любіла кветкі, і наіўна было б думаць, што, убачыўшы над ручаём цэлую курцінку фіялетава-сініх братак, яна абыякава прабяжыць міма. Росныя, духмяныя браткі звядуць каго хочаш з розуму, рыжая дзяўчына, зусім ашалелая ад іх, выбірала лепшыя краскі, складвала ў букецік, а цельпукаваты бабёр, затоена гледзячы на яе, у гэты самы міг неасцярожна павярнуўся пад ялінкай, зашамацеў сухою ігліцай. Толькі на адну секунду ўздрыгнула дрэўца, але быстравокая Ядзюня ўбачыла перад сабой чорнае бліскучае футра, рэзка адхіснулася, букецік выпаў з яе рукі, і немы, нечалавечы крык разарваў паветра:

- Мамачка, воўк! Мамачка, ратуй!

З акравачкам пад пахай, у які была загорнута сірочая луста, спалоханая ўшчэнт, скамянелая Ядзюня так і засталася стаяць каля ялінкі, бо ногі не рухаліся, быццам прыраслі да зямлі, а з-пад калючых лапак на дзяўчыну глядзелі тужлівыя, невінаватыя вочы звера. Сядзеў бы там і праўда воўк альбо нават мядзведзь, Ядзюня цяпер лёгка, без трапятання аддала б сябе на расправу, але, дзякуй Богу, яе выратаванне было ўжо блізка. Ад Кругавіцкай царквы па гразкім завулку на падмогу скакаў імклівы конь з развеянай чорнай грывай, з шырокімі персямі і белымі шкарпэткамі на нагах. Бабёр выглянуў з-пад ялінкі, зразумеў, што гэта скача яго смерць, і чамусьці не захацеў уцякаць у лес, хоць, напэўна, і не паспеў бы ўцячы. Яшчэ з першымі промнямі сонца Аляксей Хамутовіч пакінуў Агацін двор, марнуючы час, доўга кружыўся ў хмызняках за поплавам і потым ужо смела, не баючыся плётак, пусціў Варанога на вясковую вуліцу. Тут, каля царкоўнай агароджы, яго і застаў немы, роспачны крык на Абуховічавай сажалцы.