Выбрать главу

Вараны, балюча зашчэмлены цуглямі, проста ўзвіўся на дыбкі, распластаўся ў завулку чорным птахам, таму што там, у алешніку, мабыць, справы зусім дрэнныя, калі на дапамогу клічуць маму. Выкінуты невядома якой сілай з-пад ялінкі, стары бабёр у адзін момант змірыўся з суровай непазбежнасцю, заплюшчыў тужлівыя вочы, застагнаў апошні раз і ўжо не чуў, як сукаваты кол адчайна б'е і нявечыць яго нерухомае цела. У мокрай траве растаптаныя хромавымі ботамі валяліся фіялетава-сінія браткі, у жоўты сыры жвір ткнуўся пысай нежывы звярок, і багата хто быў вінаваты ў гэтай трагедыі, што адбылася на беразе сажалкі, каля бурклівага ляснога ручая.

- Бабёр? - здзівіўся Аляксей Хамутовіч.

- Бабёр! - выдыхнула Ядзюня.

Жорсткі і несправядлівы белы свет: каб выпадкова сустрэліся і вінавата ўсміхнуліся адно аднаму гэтыя двое, павінен быў загінуць нехта трэці. Стары бабёр яшчэ хвіліну назад хацеў патрапіць на балоцістую Кудаху і даць там добрага пытлю сваёй дураслівай бабрысе, але цяпер нічога на зямлі для яго ўжо не мела значэння. Нават мёртвы, ён быў прыгожы, мудры і бядовы звер: ляжаў на беразе ручая няўклюдны, ціхамірны, выклікаўшы ў маладых забойцаў запознены жаль і шкадаванне. Гледзячы на брудную справу сваіх жа рук, збянтэжыўся Аляксей Хамутовіч, не зводзячы вачэй з чорнага футра, зацярушанага ігліцай і сухімі травінкамі, заружавелася, пачала выходзіць з утрапення Ядзюня. Яе адчайны і храбры выратоўца з прыкрасцю закінуў у кусты сукаваты ражон, можа, упершыню так блізка зірнуў на перапалоханае да слёз, рыжавалосае дзяўчо, і неймаверная, шалёная злосць закіпела ў ім.

- Ты чаго раскрычалася на ўсе Кругавічы? З панталыку я і не разабраўся, хто там сядзіць пад ялінкай.

- Раскрычалася, бо думала, што воўк. Чорны, і вочы агнём гараць.

- Не хадзі абы-кудэмі. Ты па дарозе хадзі, дзе людзі ходзяць.

- Не вучы! Напрасткі цераз лес мне на цагельную зусім блізенька.

- Глядзі, яшчэ не так напалохаешся.

- Будзеш ад сваёй Агаты ўцякаць, дык зноўку заступішся.

Усе тайны на зямлі, відаць, і існуюць дзеля таго, каб іх бераглі, і Аляксей Хамутовіч таксама таіўся, думаў, што ніхто нічога не ведае, а яна, яго сардэчная тайна, вось дзе - у Ядзюні на языку! З таго часу, як упершыню трапіў у гарачыя абдоймы дзеўкі-векавухі, ён яшчэ ні разу з такой лютай нянавісцю, як цяпер, не глядзеў на людзей. Ды і людзьмі, прабачце, нельга было назваць гэтае пудлівае вяснушкаватае стварэнне, што ў квяцістай сукенцы, крамным сачыку і ў сандаліках на босую нагу стаяла перад ім. Векавуха Агата Валасюк, безумоўна, мела свае перавагі і вартасці: лішне не балбоча, па-гарадскому, з засмокам, цалуецца, да таго ж і мяккая, як пампушка, але ў яе няма такога д'ябальскага, спакушальнага агню, які гарэў у вялікіх карых вачах Ядзюні. Ненавідзячы яе, Аляксей Хамутовіч адначасова з прыемнасцю лавіў на сабе гэты знішчальны агонь, бянтэжыўся ўсё болей і на момант нават забыў, хто ён і чаго апынуўся ў кустах каля Абуховічавай сажалкі.

Ён, канечне, помніў, што на панадворку ў Фядоры Чыркун іншы раз бегае нешта вогненнае і сварлівае, аднак, па-начальніцку трымаючыся наводдаль, не падазраваў, што тое дзяўчо ўжо добра падрасло і здольнае ні за панюх табакі збаламуціць чужы розум. Ачомаўшыся пасля пярэпалаху, Ядзюня са смехам бачыла, як саромеецца чагосьці і няёмка курчыцца ваўкаваты сталы хлопец, і ёй, чартоўцы, дужа падабалася сваім д'ябальскім позіркам яшчэ больш мінтрэжыць яго, спакушаць, скручваць у бараноў рог. Далібог, перад прастадушнай Агатай ніколі так бездапаможна не абвісалі рукі і язык не пруцянеў, як цяпер, і, дзівячыся раптоўнаму замарачэнню ў галаве, Аляксей Хамутовіч мыском хромавага бота злосна таўхануў мёртвага бабра ў пахвіну.

- З Кудахі, мабыць, прывалокся, - сказаў нешта адвольнае, неабавязковае, абы толькі не маўчаць. - Калісьці баброў на рэчцы было да гібелі. Шкуры пан Абуховіч мяшкамі вазіў у Варшаву.