Выбрать главу

- З якой Кудахі! Бабры ў нас на Імшэчку вяліся. Там, у завоіне, і хатка іхняя стаіць, - дасведчана запярэчыла Ядзюня. - Я тудэмі на цагельню хаджу, дык на свае вочы бачыла.

- Дзіўна! Чаму ж я нічога не чуў?

- Але, двое баброў было. Праўда, учора Гаўрылава Лёдзя хвалілася, што яе бацька аднаго ці застрэліў, ці ў пастку злавіў. - Ядзюня раптам спахмурнела, горычна ўздыхнула: - Лёдзя насатая, брыдкая, навошта ёй бабрынае хвутра?

Трэба ўвогуле быць круглым ідыётам, каб не здагадацца, куды хіліць і якую карысць з нядаўняга свайго страху захацела паймець упраўная і не дурная Ядзюня. Уражаны незвычайным нахабствам і вымагальніцтвам рыжай хітрухі, Аляксей Хамутовіч сур'ёзна задумаўся. Тое, што ён па справядлівасці стаў адзінапраўным уладальнікам цудоўнага бабрынага футра, у яго не выклікала сумнення, але, з другога боку, шкура яшчэ нават не аблуплена, і, значыць, дарыць смаркатай паненцы проста няма чаго. І ўжо зусім Хамутовіча абурыла, што бессаромная Ядзюня наважылася разбагацець за чужы кошт, бо сама да гібелі пушыстага звярка мела ўскоснае дачыненне: напалохалася, закрычала, ды толькі і ўсяго. Калі ж глядзець на рэчы практычней, за такі шыкоўны падарунак шчадралюбная Агата і зацалуе горача, і пасцеле мякчэй, і карміць будзе як на забой. Што праўда, то не грэх. Кругавіцкай каралеўнай, маючы нават багаты каўнер, усё адно каханка не стане, таму што любое параўнанне з Ядзюняй тут не на карысць Агаце, і, зразумеўшы гэта, Аляксей Хамутовіч злітаваўся, цвыркнуў праз зубы:

- Не плач, Ядзюня! Будзе і ў цябе цудоўная хвутра.

- Няўжо аддасі? Ды я ж тады апрануся багацей за пані Тэрэзу!

- А то ж не аддам! Папрашу Гаўрылу Трафімчыка, каб злупіў і вырабіў шкуру. Забірай ад яго і шый сабе паліто.

- Так і забіраць, нават без рубля? - затурбавалася Ядзюня. - Вельмі танна абыдзецца.

- Танна ці не, а ўжо ж у кустах калі-небудзь прыцісну, - засмяяўся паблажліва і трошкі здзекліва велікадушны Аляксей Хамутовіч. - Адно падрастай хутчэй.

На добры лад, дык і смяяцца на тым месцы, дзе толькі адбылася трагедыя, было немалым блюзнерствам, і дзіўна, што лепш за людзей простую ісціну разумеў чорны даўгагрывы конь. Зачапіўшыся повадам за алешыну, Вараны стаяў збоку, дратаваў капытамі сырую зямлю і вельмі крыўдзіўся на гаспадара за няўвагу да сябе. Нервовы конь хацеў напіцца з ручая, але вада смярдзела саляркай, хацеў памыць у расе заляпаныя гразёй белыя шкарпэткі, але раса на траве пачала высыхаць. І наогул час быў не ранні: гулам і грукатам жалеза напоўнілася эмтээсаўская сядзіба, у завулку каля царквы паказаліся вяскоўцы. Вараны бачыў, што ў алешніку над ручаём завязалася знаёмая любоўная гульня, і па вопыце стары хітрун ведаў, што звычайна такія гульні дабром не канчаюцца. На злосць палюбоўнікам, ён растаптаў курцінку з фіялетава-сінімі браткамі, тузануў повад, гнеўна фыркнуў. Агату Валасюк, якая начамі трымае яго ў цёмным хляве, уражлівы конь ненавідзеў, а вось на Ядзюню паглядзеў з пяшчотай і даверліва пацягнуўся да яе пляча.

- Ой, укусіць, зараза! - спалохалася Ядзюня і адскочыла ўбок.

- Не бойся, ён рахманы, - супакоіў Аляксей Хамутовіч і ўзяў у руку сырамятны повад. - Аднак час ехаць!

Уздоўж сажалкі віхурай матлянулася квяцістая сукенка, Вараны загарцаваў пад седаком, выгнуў шыю і наўскапыта паскакаў у Малое Сяло, дзе яго чакалі гарнец добрага аўса і рэзгіны свежаскошанай канюшыны. На беразе ручая, запхнуты пад ялінку, застаўся ляжаць нежывы бабёр. Старога дурня, які так неабачліва папёрся на Кудаху, не збудзіць ужо ні плёскат вады, ні зычны, басавіты гудок Кругавіцкай цагельні, і бядак ужо ніколі не ўведае, чым ён быў вінаваты перад людзьмі і за што яго, у рэшце рэшт, так бяздушна забілі. Ён ляжаў пад ялінкай прыгожы, варты жалю, але няма каму аплакваць смерць нават самых прыгожых звяроў.

З Малога Сяла, як толькі туды даскача Вараны, на Абуховічаву сажалку неўзабаве прыджгае Гаўрыла Трафімчык, вострым паляўнічым нажом зробіць з бабром тое ж самае, што надоечы зрабіў з яго сяброўкай, і без усялякіх згрызот сумлення пойдзе назад паўз балоцісты Імшэчак, паўз асірацелую бабрыную хатку з берага гнілога алёсу.

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

1

Чаго лепшага, а жалеза цяпер у Малым Сяле хапае. Жалезам з ранку да вечара грукоча і грыміць Кругавіцкая МТС; на абломкі жалеза можна набрысці ў якім хочаш пералеску, абы ён быў паблізу калгаснага поля; іржавым, знявечаным жалезам ледзь не да столі напакавана задымленая кузня-развалюха. Маласельскі каваль Костусь Танец за польскім часам кожную вясну ламаў галаву, з чаго б скляпаць звычайную трохзубцовую матычку, выкаваць лямеш альбо ўставіць зуб у барану, і калі - пешшу ці конна - вяртаўся з Ганцавіч, дык, засмучаны вечнай нястачай жалеза, асабліва пільна прыглядаўся сабе пад ногі: на дарозе іншы раз шанцавала падняць то згублены шворан, то старую атосу, то зусім цэленькую падкову.