- Езус Марыя! А то ж здзяцінеў ты, Васільевіч, гловы не маеш, - без крыўды, хоць і дакорліва, сказаў Франак Жывуцкі і цішэй, каб не пачулі вушастыя пустадомкі, дадаў: - Не жлукціў бы, Сцяпан, казённы спірытус, бо ад яго станеш сляпы, як крот.
- Не бойся дужа за мяне! Калі і лыкнуў якую кроплю, то па вачах не пазначыцца, - збянтэжыўся Сцяпан Аліфер, аднак, ідучы ў куток да гарачай грубкі, упарта прабубніў: - У мяне яшчэ звініць у грудзях, а ў цябе, Франак, трупціць. Але ж ты, чалавеча, вунь на колькі гадкоў маладзейшы. Сорам адзін, дый годзе!
Напаленая да чырвані - плюнь, дык закіпіць! - абы-як зробленая грубка бязбожна дыміць, у яе ненажэрны зеў ляціць усё, што можа гарэць: аскабалкі дрэва, прамасленае рыззё, старая гума, кардон. Цесную майстэрню да самай столі засцілае сіні дым, ён выядае трактарыстам вочы, але каля гарачай грубкі мала калі бывае пуста. Сюды пагрэцца ў асеннюю слоту і ў студзеньскія маразы звычайна збіраецца процьма народу. У цеснаце, ды не ў крыўдзе, і Сцяпан Аліфер пачаў ужо турбавацца: ці не перагрэў ён свае старэчыя косці, седзячы на бярозавым цурбане, ці не занадта доўга слухаў байкі вясёлых пустабрэхаў? Пакрыўджаны Франак Жывуцкі, адвярнуўшыся да акна, моўчкі перабіраў нейкія колцы на жалезным варштаце, і тут ужо да многіх пустадомкаў прыйшло раптоўнае празарэнне, одум і разуменне таго, што нельга вось так пахабна, проста па-хамску збыткаваць з паважанага чалавека, лепшага эмтээсаўскага слесара-маторніка.
Яшчэ не ўсвядомленае прасвятленне мільганулася ў вачах, нейкая стыдоба сцеханула душу Сцяпана Аліфера, і, безумоўна, у гэтых яго згрызотах сумлення быў вінаваты зялёны вісус і пустамеля Ванька Заяц. Чырвоны ад раптоўнага гневу, зусім неразважлівы, адурнелы стары праведнік усхапіўся з бярозавага цурбана, злавіў за каўнер маладога нахабніка, перагнуў цераз калена і добра нахвастаў па азадку, потым, зларадна ўсміхаючыся ў вусы, прарабіў над Ванькам Зайцам свой карэнны нумар са знакамітымі «Звініць!» і «Трупціць!». Вылузаўшыся з учэпістых рук, пустадомак, бурачковы ад сораму і ганьбы, даў такога дзёру, што грукат кірзавых ботаў умомант пачуўся дзесьці ў другім канцы майстэрні. Маторны цэх зноў зайшоўся ад дружнага, раскацістага рогату, а былы польскі капраль Франак Жывуцкі цяпер ужо з удзячнасцю паглядзеў на знешне спакойнага Сцяпана Аліфера.
- Але ж, Васільевіч, і мондра ты правучыў гэтага матолака, - сказаў ён ухвальна. - Цурыў, аж пыл закурэў, пся крэў!
- То і не дзіўна! - сказаў ганарліва Сцяпан Аліфер. - У мяне ж нутро яшчэ звініць, а не трупціць. Хай Бог панам барануе!
Мудрага эмтээсаўскага вартаўніка зусім не цікавіць, дзе, у якім закутку схаваўся прысаромлены і высмеяны прылюдна Ванька Заяц, аднак і слухаць вясёлыя кепікі і бязглуздыя жарты таксама абрыдла, а тым больш увачавідкі пачало слабець дзеянне дэнатурату. Шукаць Сяргееву і Шуцянку ў такі позні час, вядома ж, марная трата часу, ды і прасалелая торбачка даўно пустая, а гэта значыць: бяры, старэнькі, сваю кавеньку і спакойна тэпай у вартаўнічую будку, дзе ў журбе і адзіноце давядзецца глівець да самай раніцы. У гэтую плюхоту абкрадаць дзяржаву не прыйдуць ні валавокі Ёсаль, ні рукасты Костусь Танец, ды наогул, калі памеркаваць цвяроза, на якую трасцу Фядотаву спатрэбіўся начны вартаўнік, бо нават па сціплых ацэнках і ў саміх Кругавічах, і ў Малым Сяле, і ў многіх іншых селішчах навокал МТС казённага жалеза цяпер стала намнога больш, чым хлеба.
У Кругавічы, на сваю цагельню, Ядзюня бегае звычайна нацянькі - праз лес, паўз балоцісты Імшэчак, але Фядора Чыркун не якая-небудзь шалахвостка: у эмтээсаўскую краму па хлеб ходзіць пакручастаю лясною дарогай, што пачынаецца адразу за канцавымі хатамі Малога Сяла. Ісці сюдою намнога даўжэй, але затое весела. Па лясной дарозе, якая ўпарта стрэміцца праз цёмны алешнік і не менш змрочны стары ельнік, чародкамі прабягаюць школьнікі, людзі едуць з вазамі, а іншы раз падарожнікаў нагоніць выпадковы грузавік і міласэрна падкіне аж да самай МТС. Менавіта з таго часу, як тутэйшыя ваколіцы напоўніліся нязвыклым грукатам жалеза, ажыла і палюднела калісьці ціхая, няўезджаная лясная дарога. Клопат у маласельцаў цяпер адзін - вырваць у распанелай эмтээсаўскай крамшчыцы Лізаветы Каятанаўны хоць буханачку хлеба, і таму ў таго і ў гэтага, хто бяжыць праз пасівелы ельнік, у руцэ целяпаецца ці ёмісты хатулёк, ці вялікая зрэбная торба.