- Ваня, магчыма, давядзецца араць і ноччу, то правер, каб фары добра свяцілі, - па-начальніцку строга загадаў старшыня, калі, вывернуўшыся з-за яловага лесу, трактар спыніўся на ўскрайку неўзаранага поля.
- Сам знаю. Свецяць у мяне хвары, - агрызнуўся насуплены Ванька Заяц.
- Глядзіце, каб ноччу снег не выпаў. Дужа зябка. І вецер сіверны, - заклапочана сказаў ахламоністы Збышак.
Яны ўсе трое: шалапутны старшыня, малахольны трактарыст і зялёны, бязвусы яшчэ прычэпшчык раптам, як па камандзе, зірнулі на нізкае, шэрае неба, але нічога там не ўбачылі такога, што зацікавіла б кожнага хоць на які момант. Неба, ад краю да краю зацягнутае сівымі, з рэдкімі праплешынамі хмарамі, сапраўды абяцала на бліжэйшыя дні і снег, і мяцеліцу, і завейную кудасу. Сваім суровым выглядам яно гразілася да калень засыпаць белым сейвам неўзараны палетак, і гэты яго намер траскучым карканнем усур'ёз пацвярджалі груганы, якія, пачуўшы знаёмы лопат трактара, закружыліся над аблогай. Нахабныя драпежнікі кучна абляпілі старыя дзічкі і цяпер немым замагільным крыкам прасілі, енчылі, патрабавалі ад трактарыстаў, каб яны хутчэй раскінулі першыя барозны, вывернуўшы з зямлі ці тоўстую лічынку майскага жука, ці хоць якога задрыпанага чарвячка. Аднак лямант згаладалай плоймы мала турбуе людзей на ўскрайку поля. Адзін не спяшаецца тузануць рычагі трактара, другі чамусьці не займае бляшанае сядзенне на плугах, а трэці і наогул закапыліў нос - не злез з каня, смокча сабе папяросу і моўчкі азірае шэрае наваколле.
Да Ванькі Зайца ўжо дайшлі чуткі, што Аляксей Хамутовіч уклаў вока на Ядзюню, мала таго, маласельцы быццам бы ўжо не адзін раз бачылі Варанога, прывязанага да Фядорынага плота. Стоячы на гусеніцы «націка», закончаны мурзач, які ў эмтээсе апрача камбінезона і ботаў зарабіў дзесяць пудоў жыта, сур'ёзнага саперніка люта ненавідзіць, проста есць яго вачыма, хоць вырваць сваё рыжавалосае каханне з начальніцкіх лапаў, безумоўна, не мае ні сілы, ні хітрасці, ні якога-небудзь іншага спосабу. Што, скажыце, зашмальцаваная куфайка супраць скураной тужуркі, што кірзачы супраць бліскучых хромавых ботаў, у рэшце рэшт, нават рукі сапернікаў параўнаць нельга: у аднаго яны шурпатыя, мазолістыя, з паабіванымі пальцамі, у другога - чыстыя, гладкія, пухнатыя. Ледзь не даходзячы да шаленства, Ванька Заяц у думках лае і бэсціць гэтыя пялегаваныя рукі, ненавідзіць Хамутовіча, зноў жа ў думках Ваньку дапамагае вушлы, здагадлівы Збышак, і агульную непрыязнасць хутчэй за свайго гаспадара, мусіць, адчуў сыты, укормлены конь. Вараны стрыжэ вушамі, прысядае, нервова капыціць зашэрхлую, сухую зямлю, Вараны гатовы памчацца хоць на край свету, абы толькі не стаяць на пустым, непрыветлівым абшары і не ўдыхаць у ноздры праціўны тытунёвы дым.
- Так і знай, землячок! Да раніцы палетак павінен быць узараны, - сярдзіта сказаў Аляксей Хамутовіч, кінуў пад ногі Вараному недакураную папяросу і, нацягваючы павады, пагразіў са сваёй верхатуры: - Калі не ўзарэш, сам Бальшавік будзе з табой разбірацца.
- Чхаў я на Бальшавіка! - раззлаваўся раптам Ванька Заяц. - Падумаеш, начальнік вялікі.
- Дык жа і не маленькі, - зарагатаў неразумны Збышак. - Дзве метры ростам.
На маўклівым, зажураным палетку толькі гэтага не хапала - дурнаватага, бязглуздага рогату, ад якога нават груганы ўзляцелі з бліжэйшай дзічкі. Ванька Заяц, крывячыся ад прыкрасці, спадылба зыркнуў на пустагаловага прычэпшчыка і палез у кабіну «націка». Збышак адразу ўлавіў нямы дакор, папярхнуўся смехам і паспешліва пабраўся на сваё жорсткае бляшанае сядзенне, а Вараны тым часам ужо зацокаў падковамі па тупкай дарожцы ўздоўж яловага лесу. Ёсць усё ж вялікая несправядлівасць, што два маладыя здаровыя хлопцы ратуюць ад ганьбы і няславы такога ж маладога, як і самі, калгаснага старшыню. Яны ўдвух, Ванька і Збышак, паўдня, цэлы вечар, калі не сказаць, што і ўсю ноч, будуць глытаць сухі пясок і пыл, у той самы час як Хамутовіч, відавочны махляр і ашуканец, будзе адлежвацца ў цёплай пасцелі, качацца з боку на бок, смачна цмокаючы ў сне чырвонымі, нібы ружы, губамі.
Магутны рокат трактара, бразгат гусеніц, гулкі шоргат вострых нарогаў аб камяні не напалохаў, а хутчэй толькі засмуціў і збянтэжыў згаладалых груганоў. Нахабныя драпежнікі адно цяпер, калі за пяцілемяховымі плугамі папаўзла шырокая паласа свежай раллі, сваім нікчэмным розумам неяк дапетрылі, што позняй восенню дарэмна спадзявацца на здабычу. Перад зазімкам тлустыя лічынкі майскіх жукоў і дажджавыя чарвякі пазалазілі глыбока ў зямлю, зашыліся ў такія сховы, адкуль іх не выара ніякі плуг. Груганы, зразумеўшы сваю памылку, падняліся з калючых дзічак, апантана замахалі крыламі і, ні ў грош не ставячы цяжкую працу трактарыстаў, падаліся ў родны яловы лес, дзе ў дзюбу трапіцца хоць якое ежыва.