Кладучыся спаць на мулкім удаўцоўскім ложку, ён спачатку падзівіўся, якія гэта дурні аруць поле ўперадзімку, потым, пераканаўшыся, што змружыць павекі ніяк не ўдасца, стары пачаў ганіць і лаяць цяперашнія незразумелыя парадкі і сённяшніх бесталковых начальнікаў. У тыя гады, калі Марцін Палазок яшчэ сам быў гаспадаром, асенняе ворыва маласельцы заканчвалі пасля Пакроваў, і во было б смеху, калі б у канцы лістапада нейкі гультай і недалэнга выйшаў з плугам на поле! З надыходам асенняй халепы і прымаразкаў людзі мелі безліч іншых турбот і клопатаў. Перадзім'ем у Малым Сяле першай ажывала кузня: стары каваль Костусь Танец пачынаў правіць няхітры сялянскі рыштунак, амаль адначасова на гумнах дружна адзываліся цапы, ледзь не ў кожным двары нема раўлі авечкі, не жадаючы расставацца на зіму з густой і цёплай воўнай. Новы збаламучаны час палічыў адвечны сялянскі побыт пустой і непатрэбнай справай: цяпер няма ні коней, ні гумнаў, ні тых жа авечак, аднаго толькі жалеза, дзякуй Богу, хапае.
Пакуль дакучлівы лопат трактара ўсё расце, набліжаецца, Марцін Палазок багата чаго паспеў перадумаць, багата што змог абмеркаваць, узважыць і разумна спланаваць. Яму, старому ўдаўцу, каб дажыць свой век, кроў з носа - трэба ажаніцца. Суседка Фядора Чыркун круціць хвастом, не хоча ісці за Палазка, дык няхай і не ідзе. Яшчэ з вайны ў Луцэі Падгайскай жыве ў падсуседзях бежанка Агрыпіна - кабета адзінокая, памяркоўная, працавітая, гэтая хвастом круціць не стане, ды і Анюта, Марцінава нявестка, пярэчыць, бадай, не будзе. Ну, а калі заводзіць сям'ю, то да жаніцьбы трэба было б перасыпаць хату, паправіць хлявец, бо зусім заваліўся, зноў жа варта і сякую-такую жыўнасць агораць, хоць парсюка, хоць курэй, бо пры цяперашніх парадках, пры цяперашніх бесталковых начальніках на добрую жытку спадзявацца марна. Вунь на дварэ халадэча, а яны, халеры, бачыш што - аруць!
Трактар грукоча ўсё бліжэй, і аб сваім прыбліжэнні ён абвяшчае не толькі шалёным грукатам, але і дрыготкімі плямамі жоўтага святла, якое, прабіўшыся скрозь голыя кроны яблынь, час ад часу выхоплівае з цемры даўно нябеленую печ, драўляныя лаўкі, пусты шкапчык ля парога. Калі жалезная пачвара няўклюдна разварочваецца за садком, хата ходзіць хадуном - дрыжаць сцены, брынчаць шыбы. Шалёны грукат, далібог, каго хочаш можа ўвагнаць у магілу, звесці з розуму, а ў Марціна Палазка нервы слабыя, вочы слязяцца ад бяссоння, і стары, змучаны чалавек, усхапіўшыся з ложка, не першы ўжо раз гразіцца ў цёмнае бразготкае акно:
- Ах, лайдакі! Ах, пустадомкі! Ці ж я вас прасіў, каб вы мне спаць не давалі, ці ж я вас клікаў сюды, чэрці мурзатыя?
Марцін Палазок не ведае, каго - ці чарцей, ці трактарыстаў - лае і бэсціць, а Фядора Чыркун у сваёй хаце таксама не спіць, мучыцца, круцячыся з боку на бок. Яшчэ надвячоркам, засветла, яна паспела разгледзець у кабіне трактара Паляжанчынага губастага сыночка, і цяпер яму трэба чакаць багата якога ліха на сваю галаву. Калі праклёны спраўджваюцца, то Ванька Заяц і Збышак могуць праваліцца ў прорву разам з грымлівым жалезам, калі неба пачуе хоць адну кабеціну грозьбу, то абодвум ім не мінуць ні курчу, ні трасцы, ні каросты. Залезшы з галавой пад коўдру, каб не чуць трактарнага лопату, старая злосніца гатова паслаць на беднага Ваньку і не такую кару: як жа, заўтрашні зяць. А скулу яму ў бок, а не Ядзюню! Хай дарэмна не бегае Паляжанка - нічога не выбегае. З Аленай Хамутовіч - дык з гэтай іншыя рахункі.
Маці калгаснага старшыні, аказваючы Фядоры Чыркун адзнакі не абы-якой павагі, надоечы падзялілася мылам, а то ж прынесла нават свежаніны - трошкі мяса, трошкі сала. І Фядора прыняла традыцыйную бонду з годнасцю, пачаставала дабрадзейку чым мела, даўшы тым самым зразумець, што яе Аляксею няма ганьбы. Хлопец ён відны, сакавіты, галаву спраўную мае і ў начальства, кажуць, у пашане. Дасць Бог, няхай і пабяруцца Аляксей з Ядзюняй, то хоць свавольніца забудзе фарбавацца, перастане лётаць на вячоркі і попрадкі. А Ванька - што Ванька! Галетнік у камбінезоне, перасмешнік у кірзавых ботах, лапатун мурзаты. Гэта ж, бачыш на яго, лапоча і лапоча за хлявом: то запаўзе на другі канец поля, то зноў высвеціць цёмныя вокны. Фядора круць на левы бок, верць на правы, а сон не ідзе, вочы быццам ашклянелі - і пякуць, і рэжуць. Добра хоць, што Ванька са Збышкам не чуюць і не ведаюць, якая здатная на праклёны Фядорына хата.
- Каб у вас курч убіўся! Каб вас трасца заела! Каб вас кароста абсыпала!
Ванька Заяц, напэўна, гэтак старанна не тузаў бы рычагі «націка», а Збышка, мабыць, і сілком не загнаў бы на пяцілемяховыя плугі, калі б хлопцы здагадваліся, якія страшныя немачы ім зычыць раз'ятраная Фядора Чыркун. Трактарыстам яшчэ пашанцавала, што да гэтых суровых кленічаў не далучылася Ядзюня, інакш абодва патрацілі б на дактароў усе свае жабрацкія заробкі. На шчасце, Ядзюня і не думала каго-небудзь клясці, бо, сказаць па праўдзе, трактарны гул на палетку яе мала турбуе. Ядзюня толькі што прыбегла з вячорак, паставіла ў кут барадатую ад кудзелі прасніцу, не забыла схаваць далей ад матчыных вачэй пустое верацяно. Якое там к чорту прадзіва, калі ад маладога смеху, тупатні і віскату хата Лёдзі Гаўрылавай хадзіла ўпрысядкі. На попрадкі сюды ў адну кучу збіраюцца і тыя, хто толькі рымсціцца замуж, і тыя, хто даўно нават думаць забыў пра ўсялякае замужжа. Разам ім, і зялёным шалахвосткам, і бывалым пярэстаркам, на вячорках аднолькава весела і ўцешна, а калі нечакана ў хату ўваліцца хлапцоўская зграя, тады і дым вісіць каромыслам, і рогат, рогат стаіць проста конскі.