На трошкі ўжо вытаптанай сцежцы, што віецца ў высокіх наспах, усе тры каўняры так і выстраіліся згодна сваёй вартасці: першаю, як і трэба, бяжыць ганарлівая Ядзюня, следам, захутаная ў футра да вачэй, толькі даўгаваты нос вытыркваецца, як дзятлік з дупла, тупае маласлоўная Лёдзя, ну і трэцяю, задыхаўшыся, ледзь паспявае за сяброўкамі засяроджаная, самотная Манька. Канешне, і яна была б не супраць бегчы наперадзе гурту, але што зробіш, калі такі жорсткі, няўдзячны лёс. Бацькі, ды яшчэ, як у Лёдзі, паляўнічага, у Манькі няма - не вярнуўся з фронту, а хадзіць на цагельню паўз Абуховічаву сажалку яна не даўмелася - вось і дасталося дыхтоўнае футра пранырлівай Ядзюні. Аднак, як бы там ні было, пушыстым каўнярам, што мільгаюцца ўперадзе, сціплы лісіны каўнерык не зайздросціць, і час ад часу Маньчыны вішнёвыя, трошкі таўсматыя губы кранае хітрая, з'едлівая ўсмешка: годзе, Ядзюня, таіцца, бо не адна толькі старая Паляжанка плявузгае - усе ў Малым Сяле даўным-даўно, яшчэ з лета, здагадваюцца, за якую цану скнарлівы Аляксей Хамутовіч аддаў табе шкуру забітага бабра.
- Каб хоць застаць каго з начальства? - затурбавалася раптам Ядзюня.
- Дзе ім дзецца на такім марозе. У канторы сядзяць, напэўна, - супакоіла сяброўку Лёдзя.
- А ці не ў царкву пайшлі? Думаеце, як начальства, дык ужо і ваду не свенціць? - наіўна пажартавала Манька.
Яны, усе трое, чым бліжэй падыходзілі да Кругавіч, тым больш пачыналі шкадаваць, што так неабачліва, бязглузда пусціліся ў небяспечную, зусім незразумелую мацяркам авантуру. Неўтаймоўная трывога, невядома якое хваляванне перад блізкай ужо сустрэчай з сярдзітым эмтээсаўскім начальствам цалкам завалодалі маласельскімі авантурысткамі, і, скажыце на ласку, каму хочацца ў гэты шчымлівы, ці не самы рашаючы момант жыцця азірацца па баках, любавацца хараством заснежанага зімовага лесу. Пасля завейнай і марознай ночы абапал пакручастага зімніка заінелыя хвоі і яліны стаяць маўкліва, нерухома, і толькі маладзенькія бярозкі, здаецца, бягуць за дзяўчатамі навыперадкі, быццам і яны, такія прывабныя, такія па-казачнаму чароўныя, спяшаюцца запісацца на курсы трактарыстаў.
І паветра, Божа мой, якое невыносна свежае і ядранае паветра! Яно п'яніць, яно проста валіць з ног, ад яго сапраўды можна звар'яцець, але, на шчасце, у заўтрашніх славутых трактарыстак яшчэ хапае розуму ісці асцярожна, абачліва, каб за наступнай павароткай дарогі не нарвацца на мацярок, якія з самага ранку, пэўна ж, падаліся ў царкву свянціць звычайную калодзежную ваду. І неба быццам пачула нейчую трывогу: дзесьці ўжо блізка, за дубовай градой, што паказалася ўперадзе, слаба бомкнулі царкоўныя званы - значыць, ютрань яшчэ не скончылася і можна ісці смела, не баючыся. Амаль адначасова з-за векавых дубоў дыхнуў свежы ветрык, разбавіў марознае паветра пахам бензіну, саляркі, мазуту. Стойкі, нудны пах, канечне ж, адтуль - з сядзібы МТС. Тут, на выхадзе з казачнага лесу, адсталі нарэшце і бярозкі-красуні, зразумеўшы, відаць, што сярод людзей бесталкоўшчыны яшчэ больш, чым сярод іхняй няўрымслівай беласнежнай плоймы.
Ядзюня, Лёдзя, Манька ў вялікую лясную мудрасць паверылі толькі тады, калі выбіліся з дубовай грады, названай чамусьці Пчольнікам, - даўней, мабыць, на дубах віселі борці, перабеглі невялічкі палетак і апынуліся ў былым панскім маёнтку. Праз глыбокія сумёты, праз мароз і ўласную бязглуздасць апантаныя шукальніцы шчасця прарваліся ў самы цэнтр навакольнай цывілізацыі і яшчэ не паспелі перавесці дыханне, як тут жа ўбачылі, што з эмтээсаўскай крамы ад наравістай Лізаветы Каятанаўны выскачылі, нешта жуючы на хаду, іх аднавяскоўкі, улюбёнкі начальніка палітаддзела Бальшавіка, слынныя маласельскія трактарысткі Яня і Ніна. Абедзве ў прамасленых чорных камбінезонах, нацягнутых паўзверх куфаек і ватных штаноў, у кірзавых ботах, а ў руках - па невялікім папяровым кульку. Авантурысткі як зірнулі на растаўсцелых, нязграбных, няўклюдных мядзведзікаў, дык адразу і сумеліся.
Божачка, мабыць, на свеце дзеецца штосьці не тое, калі ці не першых вясковых прыгажунь чалавецтва апранула ў гэтыя выдатныя баявыя латы. Замест таго каб кожнай насыпаць поўную печ дзяцей, бессардэчнае чалавецтва ўручыла ім па жалезным страшыдлу, што ў абыходку называецца проста трактарам, аж да вясны загнала ў халодныя сутарэнні рамонтнай майстэрні, каб яны добра пакалупаліся ў вогненных вантробах дзяржаўных «універсалаў», і нават дазволіла перад полуднем кінуць к чорту ключы, гайкі, шрубы і на колькі хвілін адлучыцца да Лізаветы Каятанаўны па цукеркі-падушачкі - самы любімы і на доўгія часы для незаможнага люду ледзь што не адзіны пасляваенны ласунак. Яшчэ на ганку крамы, неспадзявана ўбачыўшы маладзейшых хаўрусніц па вясёлых кудзельніцах і вечарынах, Яня і Ніна спачатку здзівіліся, потым засаромеліся свайго зусім не дзявоцкага ўбору, які зрабіў іх падобнымі невядома на каго, але першаю ачомалася, выйшла з утрапення смялейшая і баявейшая Ніна.