Выбрать главу

Маркотнае, цяжкае сонца з кожным днём весялела, падымалася ўсё вышэй, на прыгрэвах снег асеў, стаў шэры і наздраваты. Імшэчак пасля першых сакавіцкіх адліг пачала заліваць талая вада, сярод купін і спрадвечнай некашы матавым серабром заблішчалі лужыны і цэлыя азерцы. За ноч, калі ціснуў добры мароз, вада замярзала, і гузаваты, з жоўтымі нарасцямі, лёд адкрываў доступ у самыя глухія закуткі балацявіны. Старому бабру, зразумела, зусім не выпадала без дай прычыны бадзяцца далёка ад нары, але з Малога Сяла, нейкім чынам уведаўшы, што тут можна хадзіць як па падлозе, прыперліся дзіўныя двухногія стварэнні - самыя мітуслівыя і балбатлівыя з тых, якіх лясным перасяленцам даводзілася калі-небудзь бачыць.

Прышлыя кабеты, апранутыя ў кароткія палапленыя кажушкі, заржавелымі ад лета сярпамі зжыналі на дзернавінах рудую, выпетраную асаку, абярэмкі сухой травы складвалі на посцілках, разасланых побач, а калі асакі набіралася па добрай кучы, звязвалі рагі посцілак і, падсабляючы адна адной, закідвалі бухматыя вузлы на плечы. Па зімовым часе дык надта дзіўныя жнеі, згінаючыся ад немалога цяжару, неслі свой набытак дахаты, і, пакуль жаночыя постаці мільгаліся ў чэзлым бярэзніку, стары бабёр праводзіў іх учэпістым позіркам і дужа турбаваўся, каб балбатлівыя стварэнні не ўздумалі прыблытацца на Імшэчак яшчэ раз. Аднак яны вярталіся і з той жа ўпартасцю, хукаючы на пакрэплыя пальцы, выжыналі між купін пабурэлыя грыўкі леташняй некашы. Выглядваючы з нары, вушлы бабёр мала што разумеў у чалавечых справах, тым больш нічога не мог растлумачыць сваёй не вельмі кемлівай бабрысе. Калматыя звяркі, занепакоеныя, што кабеты спляжаць балотца і на лета пакінуць іх без корму, з трывогай прыслухоўваліся да амаль бесперапыннай і, аказваецца, не такой ужо і вясёлай жаночай гамонкі.

- Чуеш, Фядора, а ці будуць нашы кароўкі есці гэны разак? Мая Зязюля дык, пэўне, мызу адверне.

- Канечне, адверне, калі даваць так, сухама. А ты, Тадорка, паранку зрабі: картопелькі ўкрышы, жменьку якіх высевак усып, то і будзе есці, нідзе не дзенецца твая Зязюля.

- Дужа зазімлівая яна ў мяне. Баюся, каб зноў на лейцах не падымалі. Выйдзе на пашу - адны хлябы нясе, аж глядзець страшна.

- Дажыліся, аднак жа! За парог сваёй хаткі не выйдзі, бо ўсё кругом не тваё. Сенажатка колісь была, дык і сена кароўцы хапала і яшчэ на подсціл аставалася.

- Тадорка, ты сенажатку мела, а ў нас жа, у Падгайскіх, актар зямлі быў. Ды якой зямлі! Усё гумно, бывала, снапамі завалена, а калі жытца хапала, то і ў хляве нешта стаяла. Ад таго багацтва і каліўца нямашака. Ці дзіва! Хамутовіч, змей падкалодны, зямельку ў калхоз загроб, а гумно Гаўрыла Трафімчык разабраў і перавёз на дзядзінец.

- Тэж адлёт добры! Нябось, свайго гумна не зачапіў - стаіць, як і стаяла.

- Хіба ж ты не ведаеш, Фядора? Гаўрыла радня Хамутовічу, хай сабе і далёкая, а радня. Дык як жа свой свайму не паспагадае?

- Ой, бабы! Кажуць, Стэфа, дачка Сцяпана Аліфера, знайшлася. Помніце, яшчэ за тымі Саветамі, перад самай вайною, яе ў Казахчыну выслалі разам з сям'ёй.

- І скуль яна апынулася?

- Бытта ліст з Польскае прыйшоў. Язэп Невяроўскі, Стэфін мужык, колісь у пана Абуховіча за аб'ездчыка служыў. З падранымі каленямі хадзіў, а ўсё адно раскулачылі.

- Хопіць, Луцэя, балбатаць! Завязвай дзяружку, ды хутчэй пайшлі адсюль. Бачыш, як вада прыбывае.

- Але, патрэсквае лёд. Каб жа, бабы, не праваліцца ды свае кутніцы не намачыць.

- Бяды таквеле! А заўтра, пэўне, на Імшэчак ужо і носа не паткнеш.

Апошнія дні маласельскія кабеты і праўда багата чым рызыкавалі, выхопліваючы з дзернавін сухую асаку, таму што густы туман, спусціўшыся цераз пагоркі ў нізіну, з'еў рэшту шэрага снегу, талая вада з краю ў край заліла Імшэчак і нават дзе-нідзе падтапіла прыціхлыя бярозавыя астраўкі. З веснавым разводдзем, паклікаўшы сваю дураслівую бабрыху, заклапочаны бабёр пакінуў абжыты пясчаны абрыў і яшчэ па намаразі перабраўся ў другі канец балацявіны, на плёс, зарослы алешнікам і лазоваю кудрай. Звяркі ўцяклі як мага далей ад шумлівых зімовых вогнішчаў, зашыліся ў самую глухамань, і там, пакуль лазняк абсыпаўся жоўтымі пушыстымі коцікамі, за некалькі начэй вырасла бухматая бабрыная хатка, балазе навокал удосталь хапала сухога ламачча, сукаватых ражноў і ўсялякага дробнага хлуду. Трошкі пазней, калі наўсцяж свежа зазелянелі белыя бярэзнікі, дайшла чарга і да запруды цераз глыбокую пратоку, што наўскос перасякала балацявіну. Па лясной канаве талая вада неўпрыкмет скацілася на далёкую Кудаху - сярод купін зазеўралі пясчаныя наспы і абмялелыя ператочыны, вышэй падняліся зялёныя астраўкі, і неспадзяваныя абставіны дужа затрывожылі старога бабра, які добра помніў нядаўняе засушлівае лета.