Не могучы ўжо саўладаць з сабой, Шуцянка раптам прыбавіла кроку, размахнулася даволі важкай скураной сумкай і з усёй сілы хвоснула сухарэбрую Сяргееву па плячах. Тая не чакала вераломнага нападу - спатыкнулася, ледзь што не ўпала, але неяк астоялася на нагах, хапіла сваю сумку ў дзве рукі і самаахвярна, талкова пачала абараняцца. Нядаўнія сяброўкі і сабутэльніцы, яны біліся люта і адчайна, нападалі адна на адну то моўчкі, то з гучнай лаянкай, якая чуваць была далёка ад Аліферавай сялібы.
- Каб ты ўдавілася! Каб табе сцягняк упоперак горла стаў!
- Ой, і напужала! Сама ўдавішся! Самую курч возьме!
Нехта з задзір усё ж прыкмеціў, што біцца гаспадарчымі сумкамі зусім нязручна - перашкаджаюць доўгія вочапкі, пакуль размахнешся, пакуль стукнеш. Амаль адначасова яны апаражнілі свае торбы і, хапіўшыся за рулькі, з новым імпэтам, як булавамі, пачалі лупцавацца свіным сцегняком і лапаткай. Абедзве акрывянелі, выпацкаліся ў расол і сукровіцу, а разбараніць, суняць іх ваяўнічы азарт не было каму. Каржакаваты Сцяпан Аліфер, які калісьці мог скруціць шыю быку, безумоўна, лёгка раскідаў бы нягодніц, але ён упершыню бачыў, як б'юцца жанчыны, і проста не ведаў, што з імі рабіць. Колішні капраль Франак Жывуцкі наогул схаваўся за машынай і, нібы кот, выглядваў з-за буды спалохана і баязліва.
А людзі ўжо спяшаліся на несусветны шум, гвалт і лямант. З агарода выскачыла Тафіля, спынілася каля бярозы і адтуль спрабавала ўгадаць, што за ліха прычынілася на суседавай сялібе. Потым, пачуўшы спажыву для языка, прыджгала Паляжанка, лепшая ў Малым Сяле пляткарка і зводніца, пазнала эмтээсаўскіх, і ёй аж мову заняло. Аднекуль, як з-пад зямлі, вынырнулі неразлучныя пан Вінцусь і пан Бронюсь і таксама сумеліся, не кінуліся ўціхамірваць раз'юшаных жанчын. Тыя ж зусім знемагліся, упарыліся, і вось-вось бойка спынілася б сама па сабе, але ў гэтую хвіліну з абеду акурат вяртаўся каваль Костусь Танец, дужы, што лось, з вялікімі, як шуфлі, рукамі. Ён здзіўлена хмыкнуў, у адзін момант апынуўся паміж Шуцянкай і Сяргеевай, адабраў у іх сцягняк і лапатку, сунуў шляхціцам-валацугам, каб патрымалі, і пачаў сарамаціць дэбашырак:
- Брыдка, ай, як брыдка! Такія салідныя кабеты! Дык з вас жа цяпер і куры будуць смяяцца.
- І я тое самае кажу - засмяюць! - смела высунулася ўперад Паляжанка. - Хай ужо мы, патлатыя, а то ж - анцілігенцыя!
- Езус Марыя! - уздыхнуў расхваляваны Сцяпан Аліфер. - Каб даў сякеры, дык без дурных галоваў засталіся б.
Да сякер і звычайнай у пасляваенныя гады панажоўшчыны, дзякуй Богу, не дайшло - бойка скончылася мірам і ладам. Заплаканую Шуцянку разгублены Франак Жывуцкі пасадзіў у кабіну побач з сабой, а Сяргееву з расквашаным, апухлым носам удалося гуртам запіхнуць у буду «лятучкі». Костусь Танец вярнуўся, вачыма пашукаў пана Вінцуся і пана Бронюся і ледзь не разрагатаўся, убачыўшы іх пад вярбой за не вельмі сумленным заняткам. Згаладалыя валацугі, мусіць, ужо нават забылі, як выглядае свіное мяса, і цяпер, пакуль суд ды справа, цішком грызлі сцягняк і лапатку, стараючыся адкусіць самыя любівыя кавалкі. За сваё абжорства адзін і другі траха не зарабілі па выспятку. Танец адабраў у іх скаромніну і перадаў каму яна належала па праву. Не дужа вясёлы Франак Жывуцкі крутануў корбай матор, ускочыў у кабіну, і эмтээсаўская «лятучка», фыркнуўшы сінім дымком, марудна закалывалася па ўхабістай вясковай вуліцы.
Пад скасабочанай вярбой разявакам ужо не заставалася чаго рабіць; пабачылі бясплатны цырк, і трэба разыходзіцца, тым больш што ў кожнага быў свой інтарэс, свой персанальны клопат. Вясна ўвайшла ў самы росквіт, маладым лісцем узрываліся дрэвы, на ўзлессях раскашавалі першацветы - кураслеп, пралескі, сон-трава, і ў такі цудоўны час нават гультай, злезшы з печы, чухаў намуленыя рэбры і задумваўся над сэнсам жыцця, над сваім бядняцкім і марным існаваннем.