Выбрать главу

- Дзе ты была, цурка? Дзе швэндаешся? Ось як падымуся, як хаплю запрыту, так выхвашчу - ні сесці не сядзеш, ні легчы не ляжаш.

- Дзе, дзе? Нідзе я не была! А ты, мама, не абзывай мяне цуркай.

- Бачыш ты, загневалася. Гэта добрае слова, шляхецкае. Дачка, значыць, доня. Пан Абуховіч колісь сваю Малгоську так клікаў.

- Хіба што пан. А то цурка ды цурка, бытта я ў цябе нейкі пацурбалак драўляны.

Неспакойна, трывожна спіць апошнім часам Фядора Чыркун: гляньце вы на яе, рыжая котачка пачынае кіпцюрыкі выпускаць, зубкі паказваць. На бесталкоўшчыну, вядома, заўсёды знойдзецца ўправа - ці дубец, ці папруга, а яшчэ лепш, як тую ачумелую без яец квактуху, памачыць зялепуху галавою ў цэбры з вадой і на колькі дзён пасадзіць у камору пад замок. Але зноў прыходзіць вечар, Ядзюня, вярнуўшыся з цагельні, мыецца, шаруецца, чапурыцца перад люстэркам, а маці глядзіць збоку і нічога не кажа: што ж, старому старое, маладому маладое. Тут жа, быццам знарок, за агародам зацвіў садок - абліліся, як малаком, яблынькі і слівы, ружовым агнём ускінуліся вішні, і такі нясцерпны пах шыбае з садка, што і напраўду забудзеш пра ўсё, кінешся хоць на край свету, абы толькі не сумаваць адзінока ў знямелай, дарэшты абрыдлай хаце.

І гэта тут, наводшыбе Малога Сяла, а што робіцца там, у самой вёсцы, дзе сады цвітуць ледзь не ў кожным двары і стойкі, аскомісты водар нагрэтага ўдзень пладовага цвету ўчэпіста трымаецца над прыціхлай зямлёй, пакуль высока ў небе не заблішчаць першыя зоркі, пакуль дзесьці далёка густы змрок не пакрэсляць зіхоткія вячэрнія зарніцы. Перад дажджом, з маланкамі і громам, сады пахнуць асабліва доўга, устойліва, і Ядзюня ўжо і сама не разумее, як апынулася паміж небам і зямлёй, паміж ачмурэлым пахам яблыневых пялёсткаў і асляпляльнымі водбліскамі майскіх зарніц. І няма ўжо як апусціцца долу, і няма ўжо як вярнуцца назад, таму што ў наваколлі Малога Сяла - на шчасце ці на бяду - вельмі рана адгрымела першая веснавая навальніца, якая з усіх равесніц менавіта Ядзюню выбрала сваёй законнай і зусім невыпадковай ахвярай.

Гарачаму сардэчнаму пачуццю, як звычайна ў навічкоў, не хапала пільнасці і асцярожнасці, бракавала сталай развагі, і калі двое маладых людзей без усялякай асцярогі шасталі начамі паміж чужых хат і двароў, з зорнай вышыні іх убачыў сам бог кахання Амур і, мусіць, не ўсё ў іхніх паводзінах Амуру спадабалася. Ён з прыкрасцю сачыў, як няўмела цалуецца нейкая маласельская шантрапа, і там жа, на небе, адразу было вырашана: не, з гэтым пустым заняткам трэба канчаць, пакуль вясна поўная шалу, трэба даводзіць справу да канца. Ні Ядзюня, ні яе таямнічы кавалер нават і не заўважылі, як над імі закружыўся крылаты хлопчык з лукам у руках, і два сэрцы, не прыкрытыя ахоўным панцырам ці хоць бы якімі бляшанымі латамі, у адзін момант былі працяты вострымі Амуравымі стрэламі.

Пасланец неба вокамгненна знік, ледзь толькі з-за Горскай начную цемру прашылі сляпучыя пікі маланак і блізка ўжо, над самай аселіцай, гулка і працяжна азваўся першагром. Хмара, засланіўшы вышчарблены месяц і мігатлівыя зоркі, насоўвалася так імкліва, што ўцячы ад яе амаль не было шанцу, а каб папрасіцца да каго-небудзь у хату, пра гэта няма нават гаворкі. Закаханыя акурат мінулі Аліфераў садок, па чужых сотках выбіліся на Гаўрылава котлішча, і адзіным паратункам для іх магло стаць гумно, якое раз-пораз выхоплівалі з цемнаты вогненныя ўспышкі бліскавіц. Каля шурпатай сцяны, пад прыкрыццём саламяных прычолкаў, тут яшчэ было суха і зацішна, а навокал ужо ятрылася і шалела першая красавіцкая навальніца. Па старых разорах, абмінаючы гумно, на аселіцу з шумам памчалася дажджавая вада, і там, у алешніку, раптам узбурылася, глуха забурліла перапоўненая да краёў старая канава.

Вецер, здаецца, памяняў напрамак, хмару як быццам пачало заварочваць назад - дождж ужо засякае з бакоў, льецца цурком з прамоклай саламянай страхі. Пасоўваючыся ад слоты ўздоўж сцяны, начныя пустэльнікі апынуліся перад шырокімі, двухстворкавымі варотамі. Бразнула жалеза аб жалеза, дужка замка вылезла з прабоя, адна створка прыадчынілася, і гарачая дужая рука пацягнула Ядзюню ў цёмную прарэху. Яна лёгка паддалася сіле, пушынкай уляцела ў гумно - моц і прыцягальнасць гэтай заграбушчай рукі яна помніла яшчэ з зімы, калі на заснежанай лясной дарозе ўзмылены Вараны зачапіў вазком старога разяваку Сцяпана Аліфера.

- Ой, мне страшна! - закалацілася ад сырасці і ад хвалявання Ядзюня.

- Не бойся, калі я з табою! - мацней сціснуў яе за локаць Аляксей Хамутовіч.