Выбрать главу

Грувасткая створка дзвярэй, зачыніўшыся за імі, гулка бразнула аб падваротню, і адразу, як толькі знік светла-шэры прарэх, у гумне стала зусім цёмна, адначасова аддаліўся ляскат грому, паслабеў шум дажджу. Аднак па яркіх успышках маланкі, якія высвечваліся праз няшчыльныя пазы ў сценах, было відаць, што навальніца на дварэ па-ранейшаму ятрыцца і лютуе. Чужаземны Амур і наш паганскі Пярун, паразумеўшыся на нябёсах, мабыць, вырашылі канчаткова даканаць закаханую хрысціянскую пару. Хмара як быццам знарок завісла над гумном - і ні туды і ні сюды, глуха бубніць гром, раз-пораз мігцяць бліскавіцы, з саламяных прычолкаў вада льецца ўжо суцэльным патокам.

Дзесьці пад самай страхой, у развілках дубовых сохаў, пачуўшы людзей, неспакойна заварушыліся нейкія жывыя істоты. То маглі быць дзікія галубы, якія праз маленькае акенца ў задняй сцяне схаваліся ў гумне ад непагадзі, а хутчэй за ўсё там, угары, зачапіўшыся кіпцюрыкамі за латы, вісяць вушастыя начніцы - стварэнні ўвогуле пачварныя і агідныя. Ядзюня ўспомніла, як аднойчы на гарышчы сваёй хаты ўпоцьмах хапіла ў рукі соннага кажана і ад жаху тады проста амярцвела. Той, даўні, жах і цяпер завалодаў бы ёю, але нябачныя істоты варушыліся дзесьці высока, у кроквах, і, безумоўна, спалохацца іх магла б хіба што апошняя баязліўка. Праўда, нейкія міралюбівыя начніцы выглядалі зусім бяскрыўдна перад сапраўды ўжо жудаснай пошасцю, якая з піскам і гвалтам кінулася ў бакі з-пад самых ног. Ядзюня, зразумеўшы, адкуль гэты паскудны і мярзотны піск, ажно войкнула на ўсё гумно.

- Мне страшна, Ляксей! Ой, нешта быццам і лытку паказытала!

- Не пужайся. То жытнікі - палявыя мышы. Цяпер на полі гола, пуста, дык і шукаюць у чалавека спажывы.

Бачыць неба, войкнула Ядзюня і напраўду шчыра - без прытворства і падману. Іншым разам, калі б не шалёная красавіцкая навальніца, калі б не ўзаемнае каварства Амура і Перуна, дзікі страх перад рудымі палявымі мышамі ёй і самой здаўся б вялікім глупствам. І зноў жа Ядзюня тут ні пры чым. Хто ж ведаў, што начамі ў Гаўрылава гумно трэба браць з сабою сярдзітага і галоднага ката, які ў адзін момант пісклявых жытнікаў парваў бы на мэтлухі, пакаўтаў бы іх жыўцом. Ядзюня ажно дрыжала ад боязі і страху, бо яе паласаты і вусаты абаронца застаўся дома, і цяпер уся надзея была толькі на Аляксея Хамутовіча. У хвіліны смяротнай небяспекі часам нават і добра, што побач стаіць такі паглядны і плячысты хлопец з надта ўжо вытанчанымі і далікатнымі манерамі. Ён жа наогул і не стаіць на месцы, ён проста прыліп да свайго кахання, ён, быццам чыстую паперку, мне і камечыць маладое, пругкае цела, і ў гарачым, перарывістым дыханні адчуваецца вопыт сталага здабытчыка, які ведае, што трэба рабіць, каб рыжая баязліўка яшчэ больш дрыжала і калацілася.

Вядома, гэта бяда, калі ў чыімсьці гумне развядзецца процьма ненавісных мышэй, але для Ядзюні надоўга застанецца таямніцай, чаму ў імгненні яе найвышэйшай палахлівасці Аляксей Хамутовіч не выдыхнуў ёй проста ў твар: «Ах, мая красуня, каб ты толькі знала, які я блудлівы і памаўзлівы кот!» Спачатку Ядзюня нават не зразумела, па чыёй віне яе ногі раптам адарваліся ад тупкага глінянага тока і бездапаможна завіслі ў паветры, а калі зразумела і скурай адчула чужую вар'яцкую сілу, то, пераляцеўшы матыльком цераз высокую дашчаную перагародку, апынулася ўжо ў галевым застаронку, на кучы пахучага леташняга жыта. Ёй было брыдка і сорамна, але, няхай бачаць людзі, яна так напалохалася паскудных мышэй, што, бадай нічога не помнячы, цалкам, без аглядкі аддалася на разарванне дужым рукам свайго выратоўцы і свайго мучыцеля.

Жыта ў застаронку, не адзін раз прапушчанае цераз арфу, ачышчанае ад спарынні і галаўні, млосна, аж да кружэння ў вачах пахла маладой рошчынай, кіслым цестам, свежаспечаным хлебам. Кладаўшчык Мікалай Гіляр, відаць, рыхтаваўся да нейкіх чарговых збожжапаставак, таму што прадбачліва кінуў у засек з дзесятак пустых мяшкоў, і, ледзь дакрануўшыся да іх, Ядзюня спінай адчула, што гэта надта добрыя - чыстыя і мяккія - ільняныя мяшкі. Яна ўжо не слухала ляскання грому над гумном, не бачыла бляску маланак праз шчыліны ў сценах, у яе проста не было нават лішняй секунды на разважанні - ці супраціўляцца навале, ці скарыцца ёй, аддацца на волю лёсу. І ўжо зусім дзіўна: у гэты самы шчымлівы момант нечакана прашапталіся абрыўкі даўняй, калісьці пачутай ад маці дзявочай прысушкі: «Лягу я, раб божы, памаліўшыся, устану я, благаславіўшыся, пайду я, перахрысціўшыся, пайду з варот у вароты, выйду я ў чыстае поле, у зялёнае жыта. Як сонца краснае зазіяла, прыпякае чорныя гразі, імхі і балоты, так і ты, раб божы - Ляксей, прыбягай, прысыхай ка мне, рабе божай Ядзюні, вочы ў вочы, а сэрца ў сэрца. Вы ж, ангелы-архангелы, прыляціце, мой страх, мой боль і журбу забярыце».