Як ведаць, ці дасць хоць на кроплю якой карысці няхітрая, блытаная прысушка, але і на самай справе раба божая Ядзюня спачатку малілася, потым прасілася, потым падраненай птушкай затрапяталася ад пакуты і шчасця ды нарэшце змаглася, супакоілася, пакорліва зрадніўшыся з тым, што яшчэ хвіліну назад здавалася недасягальнай дзявочай марай і што цяпер было блізенька-блізка, чулася ў ёй самой, жыло нахабна і свавольна ў яе маладым і здаровым целе.
Ангелы-архангелы ўсё ж, мабыць, прыляталі - забралі ў Ядзюні яе страх, яе боль і журбу, панеслі кудысьці далёка, на глухія лясы, на гнілыя брады, на жураўліныя балоты. І адразу, нібы па боскім хаценні, не стала ні агіды, ні сораму, а яшчэ трошкі пазней, калі грэшнае, раздзеленае на дваіх каханне ўпівалася асалодай і было ўжо на сёмым небе ад шчасця, здарылася і зусім штосьці неверагоднае: раптам шырока расступіліся сцены гумна, сарвалася з сохаў і паплыла ўдалеч саламяная страха, і там, дзе толькі што шумеў праліўны дождж, позірку адкрылася бяскрайняе зялёнае поле. Аксамітавая рунь на ім буйнее, падрастае проста ўвачавідкі - то як схавацца вароне, то чалавеку да пояса, то і вершнік ужо з галавой патанае ў густой і высокай збажыне. Жыта тут жа закрасавала, цёплы, пяшчотны ветрык абтрос жоўты пылок, асцюкаватыя каласы імгненна схіліліся долу пад цяжарам даспелых зярнят. Сонца, лагода і - векавечны атрыбут жытнёвага поля: валошкі на мяжы, плач перапёлкі, сярэбраны званочак жаўрука. У чароўным маласельскім пейзажы ёсць, аднак, і характэрны штрых сучасных дзён - чарнагрывы Вараны і на ім малады калгасны старшыня Аляксей Хамутовіч.
Ранняю зарой не сурочыць бы гаспадара зямлі, добраю парой уберагчы б малойцу ад нагавору і злога прыстрэку - ён працуе, ён шчыруе, ён да бяспамяцтва, да самазабыцця клапоціцца, каб з тугіх каласоў дачасна не абсыпалася ядранае зерне, каб пасля першага снапа былі і вясёлыя, шчаслівыя дажынкі. Бяскрайняя ніва, сіняя смуга на даляглядзе, укормлены жарабец пасярод жыта - усё гэта было падобна на казку, але нават самая цудоўная казка калі-небудзь канчаецца. Дзіўнае, салодкае мроіва пачало знікаць у дрыготкай цемры, жыццё набыло рэальныя абрысы, на сваё месца вярнуліся дзіравыя сцены гумна, следам, плаўна лёгшы на дубовыя сохі, апусцілася з неба саламяная страха. Ціха, ні шолаху, ні гуку. Уверсе не шастаюць крыламі дзікія галубы і пачварныя начніцы, унізе не пішчаць па закутках агідныя палявыя мышы.
- Ой, Ляксей! Што мне мама скажа? Скалечыць, валасы павыдзірае, - супакойваючыся пасля перажытага, захліпала носам Ядзюня.
- Дурніца! Не прызнаешся, дык скуль яна будзе ведаць?
- Дазнаецца! Заб'е! Абязвечыць!
- Не раві! Лепей пра калгаснае думай. Як, скажам, яравыя пасеяць, - лежачы на льняных мяшках, зусім сур'ёзна параіў Аляксей Хамутовіч.
- Я ж і думаю. Трактарысткаю хачу стаць. Як Ніна і Яня.
- Ніна і Яня! Ад іх жа за вярсту саляркай патыхае.
- Ляксей, ты мяне не кінеш? Не ўцячэш да сваёй Агаты? - павесялела трошкі Ядзюня, вызваляючы босыя ногі з пахучага сыпкага жыта.
- Што яшчэ за Агата?
- Тая самая, ад якой ты скакаў на выязным, калі на Абуховічавай сажалцы затоўк бабра.
- Патрэбна мне старая тоўстая качулка! - буркнуў незадаволена Аляксей Хамутовіч, мацаючы вакол сябе, каб падняцца.
- Не кінеш? Ты мне праўду скажы.
- Не кіну, не кіну! Уставай, аднак. Час ужо і гонар мець.
Усё ж маркотна і сумна, калі дзівосная казка мае такі невясёлы канец. Трэба падымацца і шукаць упоцемках туфлі, якія ў час Ядзюнінага палёту цераз дашчаную перагародку зваліліся з ног і ўпалі невядома дзе. Вопытны спакуснік і на гэты раз далікатна падставіў хамаватыя рукі, а недарагія сельпоўскія туфлі, прысыпаныя збожжам, ляжалі ў куце застаронка. Зноў рыпнула створка варот, замок уладна перахліснуў дужкай жалезны прабой, нервова скрыгатнуў ключ.
Дажджавая хмара ўжо не вісіць над гумном, неба прачысцілася, агаліўшы буйныя малінавыя зоркі, і толькі за цёмным лесам гарызонт час ад часу яшчэ ўспорваюць апошнія палахлівыя зарніцы. Вераб'іная ноч бязлітасна адступае, за Горскай палоска зары густа і сакавіта акроплена чырвонай расой. Амур і Пярун, зрабіўшы сваю звыклую справу, дзесьці ў крыштальных палатах спяць сном праведнікаў, а тут на грэшнай і сырой зямлі ўпобачкі кладуцца дзве пары слядоў: ад Гаўрылавага гумна да мастка, ад мастка ў Капцы, і там, у мокрым ляшчынніку, разбягаюцца - і аднаму, і другому перад тым, як заняцца будзённымі чалавечымі клопатамі, трэба хоць на момант змружыць стомленыя, здзічэлыя вочы.