Выбрать главу

У той жа вечар, як толькі з-за цёмных хвояў на суседнія азярыны, шукаючы начлегу, шумна плюхнуліся чыркі-свістункі і качкі-крыжанкі, паблізу бабрынай хаткі па ўсіх правілах цяслярскага ўмельства пачалося будаўніцтва плаціны, каб затрымаць у Імшэчку лішнюю кроплю веснавой вады. Упоперак пратокі шчыльнымі радамі леглі падгрызеныя вольхі і бярозкі, сухое ламачча, дробнае галлё, прыціснутае камякамі зямлі, засыпанае пяском і глеем, а калі з берага алёсу трапляўся ніштаваты камень, то і для яго адшукоўвалася дзірка ў запрудзе. На грудку працавіты бабёр аблюбаваў статную маладую бярозу і падступіўся да яе са сваімі нястомнымі зубамі-рэзчыкамі. Дрэва, калі яго ўмела спусціць на пратоку, павінна важка прыціснуць плаціну зверху, і тады ўжо ніякая вада не размые чэпкую збудову. Ну, канечне, стары дрывасек радаваўся, што ў яго ёсць вострыя зубы, ёсць яшчэ трошкі сілы і, галоўнае, чатыры ночы запар ніхто яму не перашкаджае падгрызаць мяккацелую лясіну. Ды вось пачуўся сухі рып, затым - трэск, і, захістаўшыся, акальцаваная ў камлі бяроза з шумам ляснулася цераз пратоку.

Бабёр адскочыўся ўбок, гнуткая лясіна акурат легла паўзверх шыракаватай плаціны, і, задаволены сваім дакладным інжынерным разлікам, стомлены будаўнік палез у хатку адпачываць, бо ўжо была раніца, неба за Імшэчкам сакавіта ружавела, і ўсё гучней дзесьці над хвоямі пачыналі звінець лясныя жаваранкі.

2

Фядорына хата з падслепаватымі акенцамі і ўвагнутай, як сядло, саламянай страхой туліцца наводшыбе Малога Сяла, пры самым лесе. Нічога кідкага, за што хоць вомельгам зачапілася б прагнае зладзейскае вока, на падупалай сядзібе няма: плот вакол садка часткова згарэў у печы, часткова лёг прасламі на мяжу, а хлеў усімі чатырма вугламі паехаў у зямлю, і калі яшчэ не ўпаў, не рассыпаўся, то гэта вялікае дзіва. Гаспадыня, ідучы ў краму ці на калгаснае поле, хату не замыкае, бо ўсяго там і багацця - венік, вілкі ды качарга. Аднак мілавідная, хударлявая і даволі не старая Фядора, хаця ў слотныя дні абувае гумовыя боты звычайна набасанож, не хоча, каб яе называлі скончанай бяднячкай.

Якая тут галеча, скажыце на ласку, калі ў пахілым хляве шкробае рагамі аб вароты заўсёды галаднаватая карова, у катуху рохкае падгледжаны япручок, а каля парога хаты кожнае раніцы таўчэцца неспакойная курыная плойма. Трэба наогул багата і поту, і слёз, каб накарміць усю няўедную жыўнасць, ды ўжо ж, калі вельмі пуста станецца ў каровіных яслях, яшчэ і як выручае лясны Імшэчак, што пачынаецца паблізу сялібы, адразу за негустым бярозавым пералескам. На згоне зімы, у самую бяскорміцу, Фядора ходзіць сюды жаць па лёдзе рудую асаку, улетку дзярэ паміж купін сушэйшы мох на подсціл свінчаці. І ўсё было так добра, так звычайна, але гэты злыдзень Марцін Палазок, хай яму ціпун на язык, убачыўшы суседку з мокрым мяшком на плячах, замыляў губамі ад здзіўлення і на поўным сур'ёзе параіў:

- Мох, кабетка, не гадзіцца на подсціл. Не сушыць ён макрату, як бач зноў будзе калатуша. Няма саломы, дык лепей ужо свінню мурашнікам падаслаць.

- Як мурашнікам? - не зразумела Фядора. - Ці не збыткуеш ты з мяне? Авой жа, хлусіш, суседзе!

- Трэба мне хлусіць. Сам іншы раз, калі прыспічыць дужа, мурашнікі ў хлеў цягаю. Ігліца доўга трымае сухасць, добра ўбірае гразь.

Выпадковая сустрэча з зіркатым суседам прыгадалася якраз на пачатку вясны, калі нічога вакол ні ўзяць, ні ўцяць, а рабы лычаваты япрук і праўда па вушы брындаўся ў гразі. Удзячная Марціну Палазку за такую разумную параду, Фядора ў той жа дзень пабегла ў лес, на прыгрэве ў хвойніку знайшла высокі, як стажок, мурашнік, растрыбушыла і за дзве ходкі перанесла ў хлеў. З посцілкай пад пахай матлянулася на Імшэчак яшчэ раз, каб пазбіраць рэшту шыгалля і сухой пацярухі, а калі з немалой ношкай вярталася дахаты, то здалёк пачула на сваёй сялібе неверагодны шум, гвалт, вэрхал. Там нема вішчаў падсвінак - быццам яго рэзалі, там на ўвесь белы свет кудахталі куры - быццам ім скручвалі галовы.

З раптоўнага пераляку Фядора прыпусціла бягом, са страхам ускочыла ў хлеў і, зірнуўшы на свінячы закутак, аж войкнула ад уласнага глупства. Разам з ігліцай, сама таго не ведаючы, яна нацягала ў катух процьму лясных мурашак, якія ажылі ў цяпле і, раз'ятраныя, тут жа апанавалі рабога япручка, пазалазіўшы яму ў шчэць. Ці то ад укусаў, ці то ад козыту той, як ашалелы, кідаўся па загарадзі, проста лез на сцяну і, нарэшце, не вытрымаў мурашынага здзеку - разламаў кволыя жэрдкі і з крыўдлівым рохканнем выскачыў на двор. Распатланая, потная, зусім знерваваная Фядора шпурлянула посцілку з шыгаллём пад плот і пабегла да Марціна Палазка на справункі, бо гэтаму злыдню, мусіць, мала і язык вырваць за яго дурную балбатню.