Выбрать главу

- Бывай, Ляксей!

- Бывай, рыжая!

У навальнічную ноч нічога трагічнага і страшнага, вядома, не адбылося: проста хлопец пакахаў дзяўчыну, проста на раскіслай зямлі засталіся адбіткі іхніх слядоў. Але менавіта пасля гэтай ночы ці адзін дапытлівы чалавек у Малым Сяле сур'ёзна задумаўся над яшчэ адной, здавалася б, невырашальнай таямніцай. Ледзь толькі сонца выкацілася з-за лесу, на прыгуменне, робячы ранішні шпацыр па сваіх уладаннях, прытупаў Гаўрыла Трафімчык. Каля падваротні ён убачыў свежыя сляды і адразу скеміў: побач ішлі сталы бугай у вялізных ботах і маладая козачка ў лёгкіх туфліках. Стары віж пастаяў яшчэ, пачухаў пераноссе і зрабіў нечакана практычную выснову: «Ат, знайшлі дзе хавацца. Гумно спаляць, халернікі!» Потым, трошкі счакаўшы, па зернефураж для свінафермы на фурманцы пад'ехаў разважлівы і паважны кладаўшчык Мікалай Гіляр. Гэты таксама ззорыў непарадак: тыя ж самыя сляды, павернуты бокам замок, разбэрсаныя ў застаронку мяшкі, і хоць ён ведаў, што запасны ключ ад гумна ёсць у старшыні калгаса, відавочнае чужое ўмяшанне ў яго гаспадарскія справы асэнсаваць так і не змог. Нахмурыўшыся, Мікалай Гіляр моўчкі адмераў колькі трэба фуражнага збожжа, ускінуў мяшкі на воз і паехаў, глыбока задуманы і растрывожаны.

Але, бадай што, самая вялікая загадка вераб'інай ночы выпала на долю Фядоры Чыркун. Раніцай, збіраючыся на працу, дачка выставіла на ганак свае адсырэлыя туфлі, каб да вечара іх добра прасушылі сонца і вецер. Бясконца маўклівая і зажураная, Ядзюня нават не заўважыла, што з дапамогай Аляксея Хамутовіча бессаромна абакрала маласельскі калгас: да мокрых вусцілак прыліпла немалая жменька арцельнага жыта, і, калі маладая гаспадыня сышла з двара, далікатэсную спажыву нейкім чынам абнюхала вечна галодная курыная плойма. Ускочыўшы на ганак, чубаткі пачалі біцца за кожнае з'едзенае зярнятка, і іхняя залішняя прагнасць не спадабалася байцоўскаму пеўню: магутнымі выспяткамі цыбатых ног дваравы валацуга разагнаў свой пражэрлівы гарэм і сам да апошняга каліўца здзёўб дармавое збожжа. Гледзячы збоку на курыны вэрхал, Фядора Чыркун міжволі задумалася: яшчэ не сеялі, не жалі, адкуль жа ў туфлі насыпалася столькі жыта? Вечарам пра гэтую таямніцу яна збіралася папытаць у Ядзюні, але дзень пасля начной непагадзі выдаўся цёплы і сонечны - самы час заняцца агародніцтвам. Перад вокнамі хаты, на прыгрэве, Фядора ўскапала дзве грады, пасадзіла цыбулю, пасеяла раннюю салату і радыску, а калі надвячоркам з цагельні вярнулася Ядзюня, то, стомленая ад рыдлёўкі, ужо і забыла, што хацела даведацца ў дачкі. Ядзюня, як заўсёды, прычапурылася перад люстэркам, нешта ўхапіла на зуб і, гнаная маладым інтарэсам, дала драла з хаты.

- Ты ж, цурка, не баўся доўга!

- Добра, мамачка, не буду!

Так ужо здарылася, так ужо захацелася небу, што раба божая Ядзюня з-за свайго баламуцтва і залішняй улюблівасці стала ахвярай першай веснавой навальніцы: і лягла яна, памаліўшыся, і пабегла ў чыстае поле, благаславіўшыся. Там зара-зараніца - дзявочаму шчасцю памачніца. Свяці, месячык, давідна, будзь у Ляксея жонка адна! Чары чарамі, прысушкі прысушкамі, а такое не прысніцца: сляпучы бляск маланак, бурклівыя пераборы грому, злавесны мышыны піск у зацішным Гаўрылавым гумне. Няхай сабе пазней былі іншыя, майскія, навальніцы, яшчэ больш грымлівыя, яшчэ больш лютыя, але ж хіба забудзецца тая першая, красавіцкая? Плакаць захочацца, а слёз няма, журыцца захочацца, а журбы няма. Ды якія тут слёзы, ды якая тут журба, калі наўсцяж, ад краю да краю, шуміць, гамоніць зялёная вясна.

Зацвілі і адцвілі сады. Яблыні, слівы, вішні пусцілі маладую завязь, і не паспелі яшчэ апасці пялёсткі, як новы цуд - у дварах фіялетава шугануў бэз, з цёмнай нетры на сонечныя ўзлескі выбегла беласнежная чаромха. І такія гожыя, пяшчотныя, лагодныя вечары - з гудзеннем хрушчоў, з піліканнем гармоніка, з неўтаймоўным дзявочым піскам, з хлапцоўскімі да пакоту смешнымі досціпамі. І зноў уцёкі - у ноч, у цішыню, пад зорнае малінавае неба. Там, у самых нечаканых мясцінах - то ў Капцах сярод ляшчын, то на поплаве сярод алешніку, то на маўклівым прылессі, - ужо не адзін раз паўтаралася дзіўнае, неверагоднае відовішча: палавея жыта за вёскай, васількі і перапёлкі ў жыце, чарнагрывы Вараны на абмежку.

Стомленая ад дзённай працы старая Фядора Чыркун глядзіць, як Ядзюня рымсціцца на свае вечаровыя гулі, і нічога не разумее ў паводзінах дачкі: што «цурцы» трэба, чаму ёй не сядзіцца дома? Ах, помніла б старасць, чаго шукае маладосць! Але Ядзюня тут не вінавата - гэта ж, заблудзіўшыся на звілістых веснавых сцежках, у падслепаватыя акенцы пахілай хаты наводшыбе Малога Сяла пастукалася само каханне, гэта ж на дзікія балоты і глухія імшары рана, вельмі рана прыляцелі шэрыя жураўлі.