Выбрать главу
2

Бацька Ванькі Зайца калісьці славіўся вялікім дзіваком: нап'ецца ці прыкінецца, што п'яны да покату, і крычыць: «Зося, хавайся! Бальшавікі з Саветамі б'юцца». У памяці людзей яшчэ свежым быў сталінскі паход на Заходнюю Беларусь, і багата хто доўга не мог зразумець, чаму замест адной улады пры паляках стала цяпер ажно дзве: нейкія бальшавікі і нейкія Саветы. Якая паміж імі розніца і як яны дзеляць свой начальніцкі хлеб, маласельцы, знясіленыя вечнай нястачай і непамернымі падаткамі, нават не задумваліся, і толькі адзін балбатлівы Пятрук Заяц не пераставаў плявузгаць абы-што на сваю ж галаву. Напалоханая вар'яцкімі, бязглуздымі жартамі гаспадара, Паляжанка дзе ні хавалася: і ў каморы, і ў варыўні, і ў густым малінніку за хлявом, але аднойчы «бальшавікі з Саветамі» прыехалі ў Малое Сяло на чорным «варанку», жартаўніка забралі ў Ганцавічы, а потым не вельмі далікатна пераправілі ў далёкую і марозную Сібір.

Справа была перад вайной, стары Заяц паспеў азвацца кароткай вестачкай - дзе жыве, што робіць - і змоўк, мабыць, назаўсёды: ці то памёр у лагеры на Калыме, ці то загінуў на фронце ў штрафным батальёне. Свайго бацьку Ванька ўвогуле памятае добра, хоць сумаваць па ім асабліва не сумуе, а маці дык і зусім здзівіла суседзяў: прылюдна пусціла слязу, дзеля прыліку пабожкала, павохкала і тут жа забыла, што ў яе быў калісьці нікчэмны і балбатлівы Пятрук, - кабета з доўгім, як памяло, языком бегае ад двара да двара, ад сялібы да сялібы, і гора ёй мала. Згрызоты сумлення Паляжанку не мучылі і апраўданнем зводніцы, пэўна ж, служыць той відавочны факт, што і манерамі, і звычкамі, нават шырокім, да вушэй, жабіным ротам Ванька ўдаўся ў бацьку, пабраў у яго ўсе кропелькі, і зараз гэта было б аж занадта - у адной хаце, пад адной страхой кожны дзень бачыць і трываць выбрыкі двух абсалютна аднолькавых шалапутаў, двух непапраўных шахраяў і балабонаў.

- Ванька, ты свайго бацьку шкадуеш?

- Чаму ж не - шкадую. Добры быў, кажуць, чалавек.

- Але, добры. Царства яму нябеснае.

Старая Паляжанка з вялікай трывогай і страхам думала, што баламутны сын пойдзе рыхтык бацькавым шляхам, але сталася намнога горш: такіх пракудаў і жартаўнікоў, як яе Ванька, яшчэ і свет не бачыў, і людзі не чулі. Петрука Зайца пры ўсіх яго дзівацтвах не трэба, аднак, дужа ганіць і бэсціць: балбатун, трапло, ды не гультай, весялун, штукар, ды не цюхцяй бязрукі. Жылісты і майстравіты, ён добра зарабляў у панскім маёнтку, а сваім цяслярскім умельствам так спадабаўся абшарніку, што аднойчы той зусім танна прадаў яму выдатнага будаўнічага лесу на хату. Так Паляжанка стала блізкай суседкай Тафілі і Сцяпана Аліфера, а яе прасторная, з сенцамі, кухняй і святліцай хата адразу пасля вайны нямала паслужыла для шумных зборышчаў маласельскай шантрапы. Час ад часу, як толькі паспакайнела на свеце, у Паляжанчыным двары весела стракатаў рухавічок кінаперасоўкі, а яшчэ часцей, звычайна ў нядзелю і на прастольныя святы, калі гнюсіў дождж ці прыціскаў мароз, у яе хаце ледзь не да раніцы скавытаў, захліпаючыся, гармонік і гулка барабаніў бубен. У такія дні блазнюк Ванька хадзіў перад сябрукамі гогалем, ды і матку яго аж распірала ад пыхі і гонару, бо ў каго, скажыце, у Малым Сяле ёсць яшчэ такая вялікая і шумлівая хата!

Ванькавы штукарствы, мабыць, і пачаліся з таго, што пад час вячэрніх кінасеансаў ён цішком адчыняў акно ў меншай палавіне хаты і цераз запечак перапраўляў у святліцу сваіх небагатых хаўруснікаў. Кіншчык, не здагадваючыся пра падман, толькі дзівіўся, чаму гледачоў кожны раз намнога больш, чым прададзеных білетаў, але пра патайны лаз, вядома, не падумаў. Ванька Заяц апантана любіў родную хату, калі на белым экране, пачэпленым у прамежку паміж вокнамі, гарцавалі нейкія разадзетыя і ўкормленыя чэрці, да ачмурэння любіў ён сваё жытло і тады, калі на покуці бясконца рыпаў гармонік і звонка бразгалі медныя талеркі бубна, а размораныя духатой хлопцы і дзяўчаты тупацелі так, што трэсліся кроквы і сцены хадзілі хадуном. Калі гулякаў у хаце набівалася вялікая процьма, смаркаты гаспадар ціскаўся сярод узмакрэлых стварэнняў у спадніцах і ўпотай то адной, то другой сыпаў за каўняры сукняў, жакетаў, сачыкаў варсістыя зярняткі шыпшыны. Потым, седзячы на лаўцы каля печы, яму надта цікава было назіраць за паводзінамі сваіх ахвяр.

Вясёлыя паскакухі, адчуўшы на спіне нечуваны сверб і козыт, вопрамеццю вырываліся з круга танцораў, шыліся ў цішэйшыя куткі, але і там, у паўзмроку, не тое што пачухацца - баяліся нават варухнуцца: яшчэ, крый Божа, падумаюць, што іх, так хораша прыбраных і чысценька памытых, шатруюць вошы. Да раніцы, калі скончацца скокі, было яшчэ далёка, сверб тым часам рабіўся невыносным, і бедныя маласельскія панны цішком ды трушком вымяталіся з хаты, каб дзесьці ў завуголлі вытрусіць з вопраткі пякучае насенне і потым, як бы нічога і не здарылася, вярнуцца пад усёмагутную ўладу ахрыплага гармоніка і раскаціста-грымотнага бубна.