Кідаць свой цікавы і дужа захапляючы занятак баламут Ванька не збіраўся, тым болей што ў ваколіцах Малога Сяла шыпшына расце суцэльнымі параснікамі, і, на бяду дзяўчатам, плады з гэтага калючага і куслівага хмызу не асыпаюцца нават лютай зімою, ярка, сакавіта рдзеючы на фоне снежнай белізны. Аднак гульня з дзявочымі каўнярамі любому падалася б пустой дзіцячай забавай у параўнанні з тым, што адбылося пазней. Чарнявы прыгажун Барыс, ён жа гарманіст, ён жа сын Марціна Палазка, са свайго кутка, дзе выцінаў жаласлівыя «Саратаўскія прыпеўкі», аднойчы згледзеў, як Ванька «паказытаў» яго залётніцу Анюту Сэлькаву, і, калі тая борздзенька шмыгнула на двор, слушна падумаў: яму, ці не першаму вясковаму дэбашыру, выгадавалася вартая замена. Барыс, трохі счакаўшы, вывеў ахламона ў сенцы, і гарэць бы хлапечым вушам ружовым шыпшынавым цветам, калі б у кішэні гарманіста не зашамацеў папяровы кулёк з тоўчаным чырвоным перцам. Стары дэбашыр дараваў малалетняму шэльме за Анюту, але загадаў зараз жа, неадкладна вярнуцца ў хату і тайком, каб ніхто не бачыў, рассыпаць перац па падлозе. Зусім не цямячы, навошта псаваць надта смакотную прыправу да варанай капусты, буракоў, а іншы раз і да мяса, Ванька ўсё зрабіў так, як яму было і загадана, сам жа з асцярогай, хаця б чаго не выйшла, збоку пачаў назіраць, што будзе далей: спадабаецца танцорам вострая «прыправа» да музыкі ці не спадабаецца?
У хаце амаль без пярэдыху захліпаўся гармонік, лупіў бубен, звінелі медныя талеркі, а шыракароты бэйбус з жахам і здзіўленнем талопіўся на хлопцаў і дзяўчат, якія вар'яцелі проста ўвачавідкі. Танец за танцам: полька, кадрыля, кракавяк, падыспань, тэмп скокаў усё жвавейшы, усё рухавейшы. Вось ужо і пыл з-пад дзесяткаў ног падняўся да столі - пыл каромыслам, пыл слупом, мацней затрэсліся сцены, званчэй забрынчалі шыбы. Ад пылу ўжо зусім не прадыхнуць: ён залазіў у кожную складку цела, казытаў у ноздрах, нават Ванька чхнуў і раз, і два, і тры. Ён, зусім не наіўны падлетак, канечне, здагадаўся, што гэтае вар'яцтва ад чырвонага перцу, і таму разгублена лыпаў вачыма на Барыса Палазка, які ў сваім куце, быццам і не лысы, шалёна перабіраў лады і басы старэнькага гармоніка.
О Божа, як жа спадабалася маладзіцам скакаць у суцэльным бедламе, пыле і дыме ад хлапцоўскіх цыгарак! З тлумнага круга хоць бы на які міг не выбеглі славутыя трактарысткі Яня і Ніна. Адна расчырванелая, як памідорына, віхляючы таўсматым азадкам і трасучы рукамі, пачала на пятках вырабляць такія цікавыя выкрутасы, што хлопцы ажно ахнулі ад захаплення. Другая, трошкі танчэйшая станам, умольна круцячы млявымі, бессаромнымі вачыма, ашчаперыла кавалера за шыю, проста павісла на ім - ці то ад шчасця, ці то сапраўды абамлела. Нават ціхая, спакойная, заўсёды ўраўнаважаная Анюта Сэлькава скоса зыркнула на свайго чорнавалосага гарманіста, нервова ўзмахнула касынкай і пайшла, і пайшла па крузе то з падскокам, то з прытопам, ды з частушачкай, ды з прыпевачкай:
На дзікі піск і жарабцоўскі рогат з вялізнай, як дот, печы, дзе кожны раз хавалася ад надта шумлівай зборні, спусцілася, шырока пазяхаючы, спалоханая і здзіўленая Паляжанка. Яна не ведала, што прычынай гэтай весялосці і незвычайнага паразумення любоўных пачуццяў сталі штукарствы яе сына, і таму сур'ёзна занепакоілася: які яшчэ скрут сышоў на маласельскую зялепуху? З такім імпэтам, з такім запалам, трэба чакаць, вар'яцкія скокі не скончацца і на ўзыходзе сонца. Але ў сваіх разліках устрывожаная Паляжанка неспадзявана памылілася. Першымі з хаты вымеліся змардаваныя ўшчэнт Яня і Ніна - на пару з кавалерамі. Пасля іх дзверы ўжо не зачыняліся: хлопцы пабеглі за дзяўчатамі, дзяўчаты пабеглі за хлопцамі. У вокнах было яшчэ цёмна, у хляве ні разу яшчэ не кукарэкнуў певень, як хата, на здзіўленне гаспадыні, апусцела. Пакрысе асядаў пыл, жытлом авалодвала нязвыклая начная цішыня. Паляжанка, уздыхнуўшы, пакарабулілася на свой дот, Ванька патушыў лямпу і, ужо лежачы ў ложку, глыбока задумаўся: чаму гэтым паскакухам шыпшына не падабаецца, а чырвоны перац спадабаўся, ды яшчэ як спадабаўся? Ён успомніў, з якім замілаваннем Анюта Сэлькава на выхадзе з хаты сунула руку Барысу ў кішэню галіфэ, і раптам зразумеў усё - зарагатаў так, што рот разявіўся да вушэй.