Выбрать главу

Назаўтра ж пра вар'яцкія скокі зялёнай шантрапы дзе адно не гаманілі ў Малым Сяле. У гэтую ноч, аказваецца, то тут, то там трашчалі кусты, шамацела трава, пад вербамі, пад бярозамі чуліся спакуслівыя шэпты-перашэпты, ласкавыя словы, пяшчотныя ўздыхі, а ў кожнай вёсцы багата надта цікаўных і дапытлівых вачэй. Ды каб толькі вачэй - языкоў таксама. Не хто іншы, як сам злыдзень Барыс Палазок дзесьці разбалабоніў, якое паскудства ўтварыў Паляжанчын Ванька, і страхі вакол чырвонага перцу, абгаворы і плёткі разгарэліся з новай сілай - хто шчыра абураўся, хто зласліва цешыўся:

- Глядзі, што прыдумаў ашаломак - перцу падсыпаў!

- Ай, ды Ванька, ай, ды маладзец!

Даўся ж у знакі маласельцам гэты чырвоны перац! Назаўтра мацяркі так лупцавалі сваіх шчадралюбных паненак, што і дубцоў было мала - якую справядліва, па заслугах, якую - дзеля навукі, за будучы грэх. Ды дзіва дзіўнае: пасля масавага збівання дзяўчаты пачалі адна за адной выскокваць замуж, і бацькі, рыхтуючы вясельныя сталы, вельмі ж паспешліва ціснулі самагонку, калолі вепручкоў, рэзалі цялят, а, глядзіш, праз нейкі час то ў першай, то ў другой хаце ўжо кугакала малое. Вядомая рэч, на скруху дзявочаму падросту, са сваёй Анютай ажаніўся і вясёлы гарманіст Барыс Палазок, вясковы задзіра, верхавод, і, пакуль у Ванькі Зайца прабіліся першыя вусікі, ён паспеў ужо зрубіць сабе хату на ўскрайку Малога Сяла, абжыўся, завёў дзяцей.

З таго гурту, які сярод ночы вар'яцеў у Паляжанкі, здаецца, без пары, сталымі дзеўкамі засталіся хіба што Яня і Ніна. Памеркаваў Ванька, чым жа яны грэшныя перад Богам, і зрабіў выснову: гэтыя эмтээсаўскія ўдарніцы залішне чахнуць на працы і за вярсту ад іх дыхціць саляркай. Ён цяпер і сам не лепшы за славутых трактарыстак: ходзіць у прамасленым камбінезоне, у цяжкіх кірзавых ботах, а рукі аздоблены закарэлымі, нязмыўнымі мазутнымі плямамі. Марочыць, тлуміць галаву над кнігамі баламут не хацеў, яшчэ ў пятым класе закінуў падручнікі на гарышча: узімку валачыўся па вёсцы без справы, улетку пасвіў быдла, а калі падрос, вывучыўся на трактарыста, хоць сваю заганную звычку - адчыбучыць што-небудзь вясёлае, смешнае - так і на забыў.

- Вырас пад неба, а дурань як трэба, - гледзячы на сынавы штукарствы, уздыхае цішком Паляжанка. - Ну, рыхтык бацька, скулу яму ў бок!

Як на добры лад, то сёння Ванька Заяц павінен служыць у войску. Нічога кепскага з ім у тым чырвоным войску, напэўна, не здарылася б, ну, папагнуўся б крукам у цесным танку, ну, адсядзеў бы лішні разок на гаўптвахце, але ў справы міністэрства абароны нечакана ўмяшалася маці. Паляжанка аббегла ваенкамат і сабес, абіла парогі ганцавіцкіх дактароў і ўсё ж выпатрабавала аблуднаму сыну адтэрміноўку на два гады - яна і нямоглая, і адзінокая, і такая жабрачка, хоць ляж ды памірай. Сябры-равеснікі з мінулай восені сядзяць на салдацкіх харчах, а Ванька, калі надарыцца боская нядзелька ці нейкі прысвятак, сноўдаецца па вёсцы, як непрыкаяны, і вадзіць хаўрус яму застаецца хіба што з гэтым зялёным ахламонам Збышакам, якога толькі вясной з прычэпшчыкаў пасадзілі на трактар - напарнікам да Ванькі. Паколькі на бязрыб'і і рак рыба, то Збышак дужа паважаў свайго старэйшага таварыша і служыў яму аддана, як плюгавы дварняк плюгаваму гаспадару. Яшчэ з тае позняй восені, калі на палетку ля хаты Фядоры Чыркун яны паламалі трактарныя плугі, ён ведаў, што для Ванькі значыць рыжавалосая Ядзюня, і самахоць, па добрай волі віжаваў за ёю, сачыў за кожным яе крокам, дакладваючы куміру пра ўсе грэшныя і не вельмі грэшныя ўчынкі Фядорынай паненкі.

Можа, іменна па гэтай прычыне Ванька Заяц не адганяў, не адпрэчваў відавочнага падхаліма ад сябе: разам хлопцы блыталіся па вёсцы, разам і ў кіно, і на дзявочыя пагулянкі, а часцяком - чаго ўжо таіцца - бралі нават і па чарцы. На двух такіх здаровых вісусаў адной пляшкі гарэлкі звычайна не хапала, да таго ж лішняга рубля ў кішэнях ніколі не заводзілася, і тады здатны на выдумкі Ванька, як той старажытны алхімік, навучыўся рабіць хмельную цуру. У міску ён крышыў хлебны мякіш, заліваў самагонкай, размешваў, і, седзячы абапал стала, два ашаломкі лыжкамі хлябталі праціўную, смярдзючую брыдоту - і ні пітво, і ні ежыва, а Паляжанка, нічога не ведаючы, кожны раз дзівілася, чаму алюмініевая міска тхае жывою сівухай. Насёрбаўшыся чартоўскага паскудства, хлопцы хутка п'янелі, хмель па гэтай Ванькавай рэцэптуры трымаўся доўга і ўчэпіста. Першым здаваўся Збышак, - вядома ж, смаркач, блазнюк яшчэ, - то бялеў, то чырванеў ад праглынутай брыдоты, з кожнай хвілінай робячыся ўсё больш і больш балбатлівым.