Выбрать главу

- Ванька, чуеш? Учора я тваю рыжую бачыў у Капцах.

- Дык што?

- Стаяла ў арэшніку і цалавалася з Хамутовічам.

- Што яшчэ?

- Аднаго дня Хамутовічаў выязны быў прывязаны на панадворку ў Чыркуніхі.

- Не хлусіш?

- От табе крыж на пуза! - хрысціўся захмялелы Бронік.

- Ну, гадаўка, я ж табе пакажу! - гразіўся п'янаваты Ванька.

Шэрыя жураўлі, якія гэтай вясной на палескія балоты прыляцелі вельмі рана - яшчэ ў сярэдзіне сакавіка, прыбавілі нечуваных турбот і хваляванняў не толькі маласельскім нявестам. Сваёй увагай Амур не абмінуў і Паляжанчыну хату: яго крылатыя пасланцы з лукамі пакружыліся, пакружыліся, ды і працялі вострымі стрэламі Ванькава сэрца, слаба ахаванае старым прамазучаным камбінезонам. І які тут грэх, якая размова, калі хлопцу самы час узяцца за розум, кінуць усе свае дурыкі, у чым зацікаўлена не толькі Паляжанка, але, як бачна, і ўсюдыісны Амур. Гэта ж праўда - Ванька ў мінулыя гады ўжо не адзін раз праводзіў Ядзюню дахаты, нават цалаваўся з ёю ў Капцах, і пра лаўку Марцін Палазок нічога не выдумаў: сапраўды паламалі - гнілая была, трухлявая. Яшчэ і гэтай зімою Ядзюня час ад часу дазваляла ўзяць сябе пад ручку, але пасля першых веснавых навальніц штосьці разладзілася ў іх каханні. Ядзюня чамусьці староніцца Ванькі, уцякае, а сустрэнецца на вуліцы - вочы адверне.

Закаханы трактарыст, як той індык, што сядзеў на калодзежы, думаў і так, і гэтак, а да толку не прыходзіў, плёткам ён не верыў, нават матку не слухаўся, а яму, Збышаку, паверыў: вось адкуль тое ліха - ад самавітага саперніка, ад Аляксея Хамутовіча. Можа, таму і не спіцца начамі Ваньку Зайцу, можа, часцей, чым трэба, заглядвае ён у міску з хмельнай цурой. Сам разумее, што гэта дрэнна, а саўладаць з сабою не пад сілу: баліць душа, сэрца, прабітае Амуравымі стрэламі, паліць рэўнасць. Добра хоць, што ёсць побач Збышак - і суцешыць, і паспагадае, і пры вострай патрэбе рублём ахвяруе. На панадворак з Ванькавай хаты яны вывальваюцца расчырванелыя, брыдуць па вуліцы ледзь што не ўлукаткі, а ўжо бярэцца на вечар: неба на захадзе чырвонае, сонца завісла над самым гарызонтам, і, здаецца, яно не стаіць на месцы - чэкаецца то ўправа, то ўлева, то ўверх, то ўніз, нібы і сапраўды боўтаецца ў празрыстай нябеснай купелі.

- Глядзі ты - сонца купаецца, - спыніўся ўражаны Ванька Заяц.

- Не, хутчэй гэта ў вачах дваіцца, - запярэчыў разважліва Збышак.

Яны, два дурні, налізаўшыся хмельнай цуры, зусім забылі, што заўтра Ян Купала - старажытнае свята земляробаў, час разгаўлення і росквіту прыроды. Напярэдадні вечарам і раніцай, як вераць у народзе, сонца іграе, быццам купаецца, на небе, хоць мае рацыю і Збышак: ад такога маладзецкага трунку, якім яны сябе пачаставалі, у вачах сапраўды чорцікі заскачуць. Цяпер жа паперадзе Збышака брыдуць, спатыкаючыся, два Ванькі, і гэта надта добра, што ў яго ёсць два такія надзейныя сябры, ды вось няшчасце: як іх, двух нягоднікаў, упаіць, калі і на аднаго пляшкі сівухі звычайна малавата?

Рэчкай, каб сплаўляць па вадзе купальскія вянкі, Малое Сяло Ўсявышні абдзяліў, і Ян маласельцы штогод спраўляюць на пакатым беразе пракаветнай сажалкі, зарослай шаблістым аерам, калючым разаком і рыжымі кіяхамі. Сюды захмялелыя дзецюкі патрапілі ў самы час: на беразе сажалкі ўжо тоўпіліся купкамі хлопцы і дзяўчаты, высока, ледзь не да воблакаў, шугала вогнішча, у якое малалетнія падшыванцы насцягалі ўсялякага хлуду, рыззя, ламачча, пажоўклых бярозак, што засталіся ў дварах ад Сёмухі.

Добрае надвор'е, калі з неба не льецца за каўнер, у такі цудоўны казачны вечар цэніцца моладдзю вышэй за ўсё на свеце. Можна да раніцы вадзіць карагоды, варажыць, скакаць цераз агонь, хоць для Ванькі Зайца ў гэтым старадаўнім абрадзе сёння ёсць вялікая рызыка: вельмі ж лёгка ўпасці ў вогнішча і сасмажыцца, як той баран на пожагу. Прынесці ў ахвяру нейкаму святому Яну сваё маладое цела хлопцу не дужа падабаецца, і ён, незаўважна пахістваючыся, стаіць наводдаль ад трапяткога полымя, тым болей што ў такім разбэшчаным выглядзе зусім непрыстойна паказацца на вочы Ядзюні. Збышаку, дык таму і мора па калена: піжон пакруціўся каля Манькі Тадорчынай, шчыпануў за бачок Лёдзю Гаўрылаву, а то падлабуньваецца ўжо і да Ядзюні. Скончылася гэтае яго піжонства тым, што разлютаваная Ядзюня на стрыжаны пад нулёўку дурнаваты макацёр з размаху насадзіла прыгожы вянок з лугавых і палявых красак.

Смех, жарты, рогат. Моладзі хочацца скакаць, весяліцца, моладзі хочацца шалець, драць песнямі горла, але вокамгненная да засмучэння, кароткая, як заечы хвосцік, купальская ночка: вось неўзабаве малінавым сокам акропіцца ўсход, паблякнуць зоркі, над сажалкай паплыве туман, закрумкаюць у аеры жабы. Апала зіхоткае полымя вогнішча, толькі пасярэдзіне датляваюць рэшткі хлуду, вуголле ўвачавідкі зацягваецца шэрай попельнай плёнкай. Хлопцы і дзяўчаты нехаця разбрыдаюцца па дамах, нехта тэпае ў гордай адзіноце, некага вядуць пад ручку, а часцей - гуртам, купкамі, з рогатам і песнямі. Схамянуўшыся, яшчэ не працверазелы як след, Ванька Заяц дагнаў Ядзюню ўжо на мосціку цераз гнілую канаву - рыжоцце пачула ззаду тупат хромавых ботаў, павярнула на шум галаву.