- Ой, выдумаеце, цётка! Ды нікога я не кахаю. Проста сон дурны, і ўсё.
- Эге ж, каб дурны! Па вачах відаць, што некага любіш. І не чырваней, мілая, які ж тут сорам? - суцяшае сваю пастаянную кліентку Зазуля, і галодны яе позірк затрымліваецца на Ядзюніным хатульку з харчам: - А яечка ты прынесла?
- Ой, цётка Прузына! Даруйце, ледзь не забыла, - бянтэжыцца Ядзюня. - Во прынесла - і яечка, і сала скрылік.
- Будзе што такое, дык і заўтра, дзеўка, да мяне забягай.
- Дзякуй, цётачка!
Сны, якія трэба абавязкова разгадаць, сняцца не кожную ноч. І тады, калі начныя відовішчы не дужа ўражлівыя і не трывожаць Ядзюню, старая прадказальніца, зразумела, застаецца без свайго законнага яечка і скрыліка сала. Напэўна ж, сама яна і вінаватая. Часцяком забягаючы да Зазулі, рыжая шалахвостка багата што пераняла з яе вопыту і больш-менш удала сама можа спасцігнуць патайны сэнс начных ці страхаў, ці казачных летуценняў. Ядзюня ўжо дакладна ведае, што сны бываюць добрыя і дрэнныя, пустыя і прарочыя, якім з іх можна давяраць, а якіх трэба баяцца. Сны збываюцца і не збываюцца. Сцеражыся, шаляніца, сноў, што паўтараюцца па некалькі разоў за ноч, бойся, дзяўчынка, сноў, якія сняцца пад раніцу і пасля якіх адразу прачынаешся. Старая Зазуля заўсёды пытаецца, пад які дзень тыдня бачыўся сон, і з гэтага робіць адназначную выснову: з чацвярга на пятніцу сны прарочыя, з пятніцы на суботу вельмі сур'ёзныя, і іх трэба адвесці, каб не прычынілася бяда ці ліха.
Прадказальніца, маючы на ўвазе Ядзюнін хатулёк, і шчыра памоліцца за яе перад абразом святой Багародзіцы, і пашэпча на ваду, і зробіць яшчэ нейкія чары, але неверагодныя, часам недарэчныя, часам зусім бязглуздыя спектаклі ў беднай дзявочай галаве не перапыняюцца, бывае, да самай раніцы. Сны праследуюць летуценніцу, засмучаюць, проста замучваюць, і яна пачала ўжо ненавідзець прыгожыя летнія ночы, пазней чым звычайна бавячыся на вячэрніх пагулянках сярод адданых сябровак, якім таксама бачацца маладыя - і чорна-белыя, і каляровыя - сны, ды ўсё ж не такія фантасмагарычныя, як Ядзюні.
На даляглядзе за вёскай, ледзь толькі нахопіцца змрок, сляпуча пабліскваюць зарніцы, дзесьці за лесам, перакочваючыся з хмары на хмару, ціха вуркочуць начныя грамы, аднак ніхто пэўна не ведае, чаму ў зорны і спакойны час да маласельскіх красунь у сны прыходзяць вобразы навакольнай прыроды, цені жывых істот, здані і прывіды чужога, нерэальнага і незямнога жыцця. Партызанка Зазуля вельмі даходліва растлумачыла, што гэта могуць быць адгалоскі матчыных казак і былін, біблейскіх легендаў і казанняў, ды часцей за ўсё гэта звычайны водгук на самой жа прыдуманы свет, на свае ж уласныя пакуты, хваляванні, трывогі. Апошнія ночы, такія ж цёплыя і грымлівыя, Ядзюні ўжо не адзін раз сніліся коні - скакуны, рысакі, сіўкі ўсіх парод і масцей. Грывасты табун разам з жарабятамі то пасецца на аселіцы каля альховай канавы, то ляціць наўзгалоп па вясковых вуліцах і прасёлках. І вось да ашалелага табуна аднойчы далучыўся, быццам упаў з-за хмар, яшчэ адзін конь - конь вараны. Зноў жа ў сне адбылося ўсё самым дзівосным і фантастычным чынам. Дзесьці там, на нябёсах, Агнец, які ўдастоіўся Божай ласкі, з мудрай і свяшчэннай кнігі зрываў сем пячатак, і калі ён сарваў трэцюю пячатку, Ядзюня быццам пачула голас: «Ідзі, дзяўчынка, і глядзі». Яна пайшла і паглядзела, і з'явіўся перад ёю конь вараны і на ім вершнік, які трымаў поўную хлебную меру ў руцэ. Ад старой Зазулі Ядзюня ведала, што конь у сне прыносіць увогуле надзею і спадзяванне, а яшчэ лепш прысніць белага каня. Паводле той жа славутай прадказальніцы, белы конь - гэта поспех, ехаць на ім вярхом - сямейнае шчасце. У тым грывастым табуне, які ўжо неаднойчы сніўся дзяўчыне, белых коней, здаецца, не было, ды вось на табе - конь вараны! Гарачы, як агонь, імклівы, як вецер, што ён прарочыць - радасць ці засмучэнне? Начны спалох, ранішнюю трывогу і адчай трэба было высветліць тут жа, неадкладна, і, пакуль суд ды справа, пакуль да кругавіцкай вяшчункі далёка дыбаць, Ядзюня, як толькі прахапілася ад мройнага кашмару, адразу пабегла на кухню да маці. Хаця тлумач сноў з яе і нічога не варты, ды важны спогад, суцяшэнне, вымаўленыя ў патрэбны час.
- Мамачка, ты не ведаеш, што значыць - прысніць варанога каня? Белага - я ведаю, а варанога? Але ж, вараны сніўся. І ўсю ноч на ім гарцаваў кавалерыст у латах, адно што замест шаблі залезнай у руцэ ён трымаў саламяную сявеньку. Не помню добра, ці то з пшаніцай, ці то з ячменем.
- Ой, дачушка! Казаць табе ці не казаць? Спраўдзіўся твой сон, дальбог, як у руку даў.
- Што ты, мамачка! - спалохалася Ядзюня, адступаючы ў дзверы святліцы. - Бяда якая?