Невядома, дзе, у якіх патайных закутках і прымудах ашчадная гаспадыня ад самай зімы хавала гэтыя неверагодна апетытныя прысмакі - паўлычыка сухой кілбасы, шматок паляндвіцы, добрае кусяня вянгліны. Хатулёк з далікатэсным спажыткам важка адчуўся ў Ядзюнінай руцэ, і тады ўжо, калі позаду засталіся канцавыя хаты Малога Сяла, рыжавалосая пакутніца схамянулася: ды вунь яно што! Хацела, дурніца, абхітрыць маці, а на самай справе маці, не міргнуўшы вокам, абвяла вакол пальца дачку: так спрытна падсунула перадачу Аляксею Хамутовічу, што Ядзюня нічога і не западозрыла.
За вёскай, ледзь толькі пачаліся сухадолы ўперамежку з балоцістымі лагчынамі, перастаў балець і зуб - не ные, не шчыміць. Да Ганцавіч, калі бегчы нацянькі, і праўда вёрст пятнаццаць ці набярэцца. Тупкая сцежка тчэцца ў алешніку, стрэміцца паўз адзінокія хутары, за вялікім Агарэвіцкім балотам выбягае на ўезджаны гасцінец, а там, за пакручастай рэчкай Цной, ужо недалёка і раённая бальніца. Аднапавярховыя бальнічныя будынкі занялі на ўскрайку мястэчка малады бярозавы гай, і Ядзюня нямала паблукала сярод белакорых дрэў, пакуль знайшла хірургічнае аддзяленне. Будынак, у якім павінен ляжаць Аляксей Хамутовіч, яна лёгка ўгадала, таму што з высокага ганка на дарожку, пасыпаную жоўтым гравіем, нечакана спусцілася мажная і тоўстая, як качулка, Агата Валасюк. Яна пазнала зямлячку, акінула зняважліва з галавы да ног і не стрымалася, каб не сыкнуць па-гусінаму:
- І ты тут, рыжая с-смаркачка? Не думай нават - не возьме цябе Ляксей.
- Нічога я не думаю, - збянтэжылася Ядзюня. - Зуб у мяне баліць.
- Зуб зубам, а прыпас у торбе дзеля чаго?
- То мама на дарогу дала.
- Ого! Добраму касцу на тыдзень, - усміхнулася зласліва Агата і паказала кудысьці за бярозы. - А зубы не тут, а там, у амбулаторыі, лечаць.
Ад сораму можна было згарэць, ад ганьбы можна было праваліцца хоць у прорву, але дзякуй беламу бярэзніку: ён пашкадаваў, ён уратаваў бедную Ядзюню - прыняў у свае абдымкі Агату Валасюк, павёў яе па жоўтай дарожцы, схаваў раўнівую пярэстарку ў густой зеляніне дрэў. Ядзюня засумнявалася: ці ісці ў палату да Аляксея, ці вяртацца дамоў. Тут жа зноў даў знаць аб сабе хворы зуб - пачаў тузаць, паколваць у дзясну. Забалеў па-сапраўднаму альбо падалося? Не ведаючы, што рабіць, яна разгублена тупала па драўляным ганку і ўсё ж рашылася - адважна рванула на сябе дзверы хірургічнага аддзялення. Пры ўваходзе на калідоры за маленькім столікам сядзела і нешта страчыла пяром дзяжурная медсястра. У вочы адразу кінулася: якая яна прыгожая, гэтая маладзенькая дзяўчына ў белым, быццам снег, халаціку. Зграбны, акуратны носік, губы, што вішанькі, вочы вялікія, карыя, бровы чорныя і такія ж чорныя, як смоль, валасы на галаве. Ядзюня, уражаная, аж уздыхнула: яе рыжая краса перад гэтай чарнявай красой нічога не вартая, і калі б яна, Ядзюня, была хлопцам, дык зразумела, каму аддала б перавагу. Карыя вочы на момант адарваліся ад папер, прафесійна, па-медыцынску ацанілі нясмелую наведніцу.
- Ты да каго?
- Да Ляксея Хамутовіча. Ён з каня ўпаў.
- Колькі ж вас? - чамусьці зазлавала чарнявая прыгажуня. - То адна, то другая, то трэцяя.
- Брат ён мне, - схлусіла Ядзюня і сама здзівілася свайму нахабству. - Ага, брат стрыечны.
- Дзіўна. Ён светлы, ты - рыжая. Але не стой - ідзі. У сёмай палаце твой брат стрыечны. Па калідоры налева.
Парог сёмай палаты, цеснай, як каморка, дзе сам-насам з белымі сценамі ляжаў пакалечаны Аляксей Хамутовіч, Ядзюня пераступіла з нейкай унутранай баязлівасцю і трывогай: хаця б не падумаў, што яна стала залішне настырнай, хаця б ён не палічыў яе вялікай нахабніцай і сараматніцай. Маласельскі старшыня ўвесь закручаны ў бінты - і левая рука, і галава, а правая нага, ад гіпсу прамая, як стрэльба, з дапамогай металічных грузілаў падвешана да столі. На тумбачцы каля акна бялеюць нейкія пакункі, мабыць, Агаціны дары. Дзе-нідзе абгортка парвалася і з прарэхаў паказалася сушаная шынка, ружовае, з перасцёлам, сала. Ядзюня зірнула і з прыемнасцю зазначыла, што і яе гасцінец будзе выглядаць нягорш. У пакутніцкай сёмай палаце такую шаноўную госцю Аляксей Хамутовіч, мусіць, не чакаў - відавочна захваляваўся, нервова тузануўся, каб сесці, але ўспомніў, у якім ён бядовым становішчы, і прыняў яе па-свойму проста і сціпла.
- Праходзь, Ядзюнька, праходзь. Во на гэты табурэтак сядай.
- Як жа маешся, Ляксей? Ну і зблажэў! Адны вочы блішчаць.
- Так і маюся, - вінавата ўсміхнуўся Хамутовіч. - Пакалечыўся трохі. Правая хадуля ў трох мяйсцох трэснула.
- Ці ж не будзеш кульгаць, Ляксейка? - помнячы матчыну трывогу, наіўна спытала Ядзюня і сама ж зразумела, што зрабіла кепска. - Ой, даруй маю дурноту. Не трэба было мне пра гэта пытаць. - Вінавата падышла да ложка, прытулілася да грудзей, потым цмокнула Аляксея ў пухнатыя цёплыя губы. - Даруй, міленькі.