- Марцін, каб на цябе пранцы! Ты здуру ці назнарок ашальмаваў старую бабу? Сам жа зірні! Мурашкі твае майго асенчука да крыві загрызлі.
Трэба было бачыць, як рагатаў звычайна маўклівы і спаважлівы Марцін Палазок - хапаўся за жывот, згінаўся ў каленях, ледзь што не клаўся покатам. І калі б хто старонні ў гэтую хвіліну быў побач з вясёлым рагатуном, то, напэўна, падумаў бы: клёку няма ў чалавека, звар'яцеў, зусім здзяцінеў. Нават Фядора, прыбегшы сюды з адным намерам - вырваць суседу яго нікчэмны язык, памякчэла, спалохана адступілася назад.
- Ты што, Марцін, блёкату аб'еўся?
- Ой, не магу! Ну і рассмяшыла! Дык я ж, Фядора, трыбушу мурашнікі зімою, калі мурашкі ў зямлю пахаваюцца.
- Скуль мне ведаць, што зімою? Нанасіла поўны катух паскудства кусачага, а зараз хоць плач.
- Не бядуй, кабета! У хлеў курэй загані, мурашак яны любяць. А заўтра, глядзіш, лішняе яйцо знясуць.
- Зноў смяешся, стары шэльма? Лепей пайдзі ды паладзь загарадку - рабы ўсё там разламаў.
Бадай, упершыню за сваё жыццё ўпарты маўчун і перасмешнік Марцін Палазок паслухаўся жанчыны: перастаў смяяцца з чалавечага глупства, узяў на дрывотні сякеру і абмежкам патэпаў на Фядорын панадворак, справядліва падумаўшы, што яго ўпраўная суседка нават бяду ўмее павярнуць сабе ж на карысць. За нейкі міг у хляве былі прыбіты адарваныя жэрдкі, рабога япручка гуртам загналі ў катух, ды і то пасля таго, як там, у гліцы з куслівымі мурашкамі, добра папасвіліся куры. На бядняцкай сялібе, такім чынам, усталяваліся лад і парадак, Палазкова сякера вярнулася на дрывотню, а гаспадыня, супакоіўшыся ад неспадзяванай калатнечы, з нецярпеннем пачала чакаць лішняга курынага яйца, пра якое дасведчана намякнуў сусед.
Не год і не два, а, напэўна, змала, як толькі ўзяла ў рукі серп, Фядора прагне разбагацець, і з гэтага яе дзіўнага жадання даўным-даўно людзі пасміхаюцца і ў Малым Сяле, і ў Кругавічах, і Бог ведае дзе яшчэ далёка. Калісьці, каб зарабіць колькі злотых, яна гнула спіну ў маёнтку пана Абуховіча, усю вайну была падзёншчыцай то ў аднаго, то ў другога заможніка, цяпер вось з дня ў дзень рачкуе на калгасным полі, ды заўсёды, калі ўвосень настае час падлічваць прыбыткі, нечакана высвятляецца, што да казачнага багацця жанчыне акурат не хапае аднаго-адзінага курынага яйца.
Не дужа вялікім маласельскім прарокам на гэты раз аказаўся і Марцін Палазок, таму што на другі дзень пасля нечуванай расправы над мурашкамі яек у гняздзе ляжала роўна столькі, колькі ў гаспадарцы было курэй. Фядора шпіёніла на сваім панадворку, апантана кідалася ў кусты, калі чула там курынае бязглуздае кудахтанне, але дарэмна - нічога лішняга нідзе не знаходзіла. Лянівыя куры не пакінулі гаспадыні нават шанцу разбагацець, затое іншая жыўнасць пацешыла самотную ўдовіну хату. З выгляду марная і худая кароўка да малака вельмі ўжо дойкая, удалая: хапае і Фядорынай сям'і, і ў Ганцавічы на базар можна калі-нікалі занесці нейкую паўкілёўку масла. Рабы япрук, дык той, забыўшы пра куслівых лясных мурашак, за лета выкідаўся на пустым зеллі, наеў тоўсты карак: як павернецца - ажно трашчыць цесная загарадка.
Да позняй восені кормнік жыў, не бедаваў, за два коўці апаражняў вядро з памыямі, і ён, прожар, вядома ж, нічога не ведаў, што на ўзроўні Масквы яго рабая шкура ацэнена вельмі высока. Белакаменная сталіца наогул не забараняла Фядоры закалоць і з'есці сваю кормную свінню, аднак распанелая паляшучка не павінна забываць пра інтарэсы дзяржавы, гэта значыць, забоіну трэба абавязкова аблупіць, а вопытныя шаўцы з рабой шкуры пашыюць выдатныя хромавыя боты калі не самому Сталіну, дык таксама дужа вялікаму начальніку. З такім нечуваным указаннем па Малым Сяле яшчэ з лета валачыўся сельсавецкі фінагент Лакідон, запэўніваючы сялян, што «на этапе аднаўлення разбуранай вайной народнай гаспадаркі ўсім варта падцяцца і спажываць сала выключна без шкуркі». Фядора ведала, якое яно, сала без добра запечанай шкуркі, і з немалой рызыкай для сябе абышлася простым выслухоўваннем суровага загаду, тым болей што іменна так зрабілі амаль ці не ўсе маласельцы.
Перад самымі Калядамі Марцін Палазок, вядомы перасмешнік, а чалавек наогул бывалы, сярод ночы спадцішка зачавіў суседчынага кормніка, абсмаліў на востраве ў Імшэчку, каб з-за лесу не было відаць зыркага бляску, а свежыну Фядора ўжо сама перавезла на саначках дахаты. Сала, пасоленага з тоўчаным часнаком і каляндрай, якраз хапіла ледзь не да новага забою, з мясам дык горш: выйшаў невысокі кубельчык, ды і той не ўкоптур. Фядора, здаецца, не часта і хадзіла ў камору, усё берагла надаўжэй кавалак паляндвіцы і падсушанага кумпяка, але дзе ты ўберажэш, калі адзіная дачка Ядзюня кожны раз падпільнуе скупаватую мацеру ў дзвярах каморы.