Выбрать главу

- Папраўлюся, не бядуй. Галава ўжо амаль не баліць, рука зажыве, ну і хадуля не павінна ў прыкараць пайсці. Адно, халера, ляжаць доўга.

- Еш добра, дык выздаравееш хутчэй, - цёпла, па-мацярынску параіла Ядзюня, развязваючы хатуль. - Вазьмі от мяснога на поспыт. - І раўніва кіўнула на тумбачку з папяровымі скруткамі: - Ты, бачу, тут не сумуеш на адзіноце.

- Матка сёння прыходзіла, - буркнуў нехаця Аляксей Хамутовіч і спрытна перавёў гаворку на другое: - Як там мой Вараны - не ведаеш?

- Бачыла, ходзіць на аселіцы. Сыты, упасвены, але кульгае моцна.

- І каму гэта спатрэбілася дарожку перагарадзіць?

- Дзеці, мабыць, сваволілі.

- Каб жа дзеці! Ці не гэты штукар Паляжанчын учвэрыў?

- Скуль мне ведаць? Хіба я хаджу за ім?

- Ну, канечне, ты тут ні пры чым.

Яны размаўлялі доўга і бесталкова, і белыя сцены пакрысе прывыклі да іх ціхіх, трошкі журботных галасоў. Яны размаўлялі аб усім і ні аб чым, і ўжо разы два чарнявая прыгажуня ў белым халаціку незадаволена прачыняла дзверы сёмай палаты, але гэтая яе настырнасць Ядзюню чамусьці не бянтэжыла. Нарэшце рыжая госця, нацешыўшыся спатканнем, пачала збірацца дахаты - як-ніяк было папаўдні, і ў вачах у Аляксея Хамутовіча, здаецца, прамільгнуў ці то смутак, ці то шкадаванне, што не можа правесці каханку. Пра свой хворы зуб Ядзюня забыла, калі выбягала з-пад засені белакорых бяроз, не ўспомніла пра яго і тады, калі нацянькі гоцала праз груды і сухадолы, паўз балотцы і маўклівыя хутарскія сядзібы, і толькі ўжо ў Капцах, на падыходзе да роднай хаты, затурбавалася, ці ж паверыць маці, што ганцавіцкія дактары зрабілі цуд: вылечылі зуб, не вырываючы, і цяпер гэтым зубам Ядзюня можа нават арэхі трускаць.

Пра вандроўку ў Ганцавічы Фядора Чыркун, на здзіўленне, распытвала мала, занятая нейкім сваім клопатам, бязмоўна тупала па гаспадарцы, а вечарам смачней, чым звычайна, пакарміла дачку і, здарожаную, знябытую, пагнала хутчэй спаць. Яна спала моцна, як забітая, і дзіва дзіўнае: у гэтую і ўсе наступныя ночы конскія табуны ёй ужо не сніліся. Зніклі кудысьці рыжыя і чорныя коні, дзесьці там, у нябеснай стайні, прапаў і конь вараны. Затое ў трывожныя дзявочыя сны ці не штоноч пачаў наведвацца вогненны гарласты певень. Прахопіцца Ядзюня ў змроку і думае, прыслухоўваючыся: ці то певень кукарэкаў у сне, ці то ў хляве гарлапаніць на світанні жывы курыны ўхаджор? Раніцай на цагельню Ядзюня брыдзе маўклівая, задуменная, і дзяўчаты сяброўку не чапаюць, таму што ўсё ведаюць і пра яе тайнае падарожжа ў Ганцавічы, і пра начныя спектаклі з вогненным пеўнем на сцэне.

«І што цябе мучыць, дурніца?» - пытаюцца хітрыя Лёдзіны вочы.

«Зайдзі да Зазулі і не пакутуй», - раяць разумныя Маньчыны вочы.

«Ну і зайду! Што са мною станецца», - адказваюць зажураныя Ядзюніны вочы.

Партызанка Зазуля, калі Ядзюня рыпнула дзвярыма ўбогай хаткі, ужо ўспаролася са свайго берлагу, нават паспела выпацкаць шчокі бурачным сокам і шчодра ўрабіць у сажу сівыя вышчыпаныя бровы. Вяшчунка з трывогай зыркнула на дзяўчыну, убачыла ў яе руцэ хатулёк з ежывам і адразу супакоілася. Дык жа не стой, маладзічка, у парозе, сядай во на зэдлік, выкладвай, што там у цябе, і яна, лепшая прадказальніца ў наваколлі, вызначыць, дзе чорнае, дзе белае, дакладна скажа, адкуль ідзе ліха. Сніўся, мовіш, певень, ды яшчэ вогненны, гарласты? Ну, то, канечне, не бяда. Певень у сне паказвае на здраду, але ж гэта проста смешна: якая здрада, калі Аляксей Хамутовіч белымі шаўковымі паскамі прывязаны да бальнічнага ложка? Не хмурся, панечка, тваю бяду рукамі развяду. Ого, акрамя пеўня яшчэ і рыба снілася? Тут ужо Зазуля і сама захвалявалася, праніклівым, здзіўленым позіркам уталопілася ў Ядзюню і, прысеўшы насупраць каля стала, наладзіла ёй сапраўдны допыт:

- Якая рыба снілася - жывая ці тухлая?

- Жывая.

- Замуж, дзеўка, пойдзеш. У якой вадзе лавіла - у чыстай ці каламутнай?

- У чыстай.

- Шчасце, дзеўка, мецьмеш. Сама рыбу лавіла ці хто памагаў?

- Здаецца, быў нейкі хлопец з вудай, але хто - не помню.

- Рыбу злавіць - дзіця спавіць, - проста ў твар, без цырымоній і лішніх прадмоў выдыхнула партызанка Зазуля. - Будзе ў цябе, дзеўка, дзіцятка.

- Якое дзіцятка? - ледзь не звалілася з зэдліка Ядзюня. - На халеру яно мне!

- Сама нагуляла, сама і расхлёбвай. А яечка ўсё ж давай.

- На, вазьмі! Хоць затхніся ім, старая ведзьма!

Саламяная страха Зазулінай хаты, здалося, сарвалася з ачэпаў, паднялася над лядашчымі сценамі, адплыла ўбок, і неба раскалолася - сляпуча бліснулі маланкі, глуха, раскаціста азваўся пярун. Ледзь ці не такое ж відовішча мроілася Ядзюні і там, у Гаўрылавым гумне, калі на дварэ ятрылася лютая веснавая навальніца. Да драбніц, да апошняй хвілінкі раптам згадалася тая вар'яцкая, вераб'іная ноч, і, не помнячы сябе, чырвоная ад сораму і ганьбы, заплаканая маладзічка выскачыла на селавую дарогу ўздоўж балоцістага поплаву. За мокрымі ад расы прысадамі з белага туману вытыркваліся прыземістыя будынкі цагельні, высока ў неба стрэміўся чырвоны комін, які праз нейкі момант ачуўся зычным жудасным гудком.