Прыгожымі летнімі начамі маладой закаханай галаве бачыліся ў снах самыя неверагодныя спектаклі - сумныя і трывожныя, вясёлыя і смешныя, але трагедый яшчэ не было.
З былой панскай абозні, дзе цяпер магутны дызель, пахкаючы дымам, круціць дынама-машыну, трактарысты калісьці выпхнулі Абуховічаў дабіты драпчак, і ён, нікому не патрэбны, колькі год бутлеў пад плотам на галевым эмтээсаўскім дзядзінцы. Рысорную аднаконную каламажку з мяккім сядзеннем для пана і драўлянай лаўкай для фурмана прыкмеціў сам начальнік палітаддзела Бальшавік і прыняў гэта як дарунак, пасланы самім Усявышнім. Пакуль Аляксей Хамутовіч лечыцца ў бальніцы, раённае начальства даручыла партыйнаму важаку кіраўніцтва маласельскім калгасам - гонар не абы-які, а вёска немалая, двароў на дзвесце, і паспрабуй тут змерай пяшком, хоць і цыбатымі, як у бусла, нагамі ўсе навакольныя палеткі. Лепш цішэй, ды далей, лепш марудней, ды спакайней: той жа ветрагон Хамутовіч усяму свету паказаў, як добра і прыемна ляцець потырч з імклівага і гарачага скакуна.
Драпчак адрамантавалі эмтээсаўскія ўмельцы: замянілі лёсткавы кузаў, паставілі новыя падножкі і бакавыя шчыткі, на колы нацягнулі жалезныя шыны, і атрымаўся зусім прыстойны, гожы выезд. Цяперашні маласельскі конюх, валавокі Ёсаль, выбраў у калгасным табуне жвавага, але ціхмянага норавам жарэбчыка, навучыў здольнага партыйца карыстацца збруяй, і той, колішні армейскі афіцэр, пачаў даволі беспамылкова адрозніваць дугу ад церассядзёлка, набедрыкі ад сырамятных лейцаў, а пры патрэбе мог нават самастойна засупоніць хамут. Неўтаймоўны драпчак, пафарбаваны ў веснавы колер, залескатаў на карэннях прыдарожных дрэў, запыліў на палявых прасёлках, затросся, як у ліхаманцы, на выбоістых вуліцах Малога Сяла. Быць бы Аляксею Хамутовічу дома, не валяцца б яму ў сёмай палаце, падважаным да столі, калі б ён ведаў, як лёгка, гледзячы на свайго кемлівага часовага пераемніка, можна было б вырашыць праблему ўласнай бяспекі.
Шыкам усяго ганаровага выезду стаў галасісты медны званок, які Ёсаль паслужліва прымацаваў пад кантовай дугой: дзінь-дзінь, дзінь-дзінь - едзе Бальшавік! У знак асаблівай павагі да новага кіроўцы Ёсаль хацеў пачапіць на шыю мышастаму жарэбчыку яшчэ і шамкі, але супрацівіўся сам начальнік палітаддзела: ён жа, скажыце на ласку, не пан Абуховіч, каб залішне надакучлівым перазвонам медзі папярэджваць маласельцаў аб сваім набліжэнні.
Селавыя дарогі, якія разбегліся вакол вёскі на першы погляд бязладна, а на самай справе ў вельмі патрэбным для маласельцаў кірунку, ведаюць Бальшавіка ўсялякага: па-добраму лагоднага і непрыстойна сярдзітага, з носам нармальным і з носам чырвоным, як струк мексіканскага перцу. Жыве партыйны важак у эмтээсаўскім пасёлку, побач з Франакам Жывуцкім, у чым таксама ёсць свае выгоды і перавагі. Былы польскі капраль угледзіць праз акно прыезд саноўнага суседа, выбежыць на двор, распражэ драпчак, адну ледзь жывую істоту затарабаніць пад рукі ў хату, другую, не менш замучаную і змардаваную, завядзе ў хлеў, кіне ёй нанач добры жмак лугавога мурагу. І на другі дзень Бальшавіку не абы-якая палёгка: прачнецца, а мышасты жарэбчык ужо ў аглоблях і нават вароты расчынены насцеж. Іншы раз дахаты часовы калгасны кіроўца дабіраецца з аказіяй - на спадарожнай эмтээсаўскай машыне, і тады раніцай па яго знарок прыязджае на драпчаку лупаты Ёсаль.
З прысвістам, з прыцмокам рухавы фурман кіруе канём, нямоглы пасля перапою Бальшавік моўчкі курчыцца на стылым паветры, і калі што яго цікавіць, дык усяго адна падрабязнасць: ліха ж на яго, як там Вараны - ці хоць паправіцца, ці не будзе кульгаць? Ёсаль моўчкі касавурыцца: хутка сам усё пабачыш. На выездзе з лесу вачам і праўда адкрываецца аселіца з канавай пасярэдзіне, а ўздоўж канавы, прыпадаючы мызамі да травы, ужо рассыпаўся ў алешніку спутаны арцельны табун. Збоку, бліжэй да поля, пасецца на дзяцеліне Вараны.
- Бачыш, які ганарысты! - выкульваючыся з каламажкі, буркнуў незадаволена Бальшавік. - Без фігі ні да носа.