- Дзіва што! - азваўся весела Ёсаль. - У самога ж Хамутовіча хадзіў пад сядлом.
Вараны раз-пораз адрываецца ад пашы, чмыша ў ноздры, трасе чорнай грывай, тужліва гледзячы ўдалячынь: мусіць, усё-такі сумуе без свайго ненагляднага гаспадара. У Малым Сяле старшынёўскі выязны заслужыў нямала і касых, і спагадлівых позіркаў: для зласліўцаў ён - дармаед, нахлебнік, для нязлоснікаў - пакутнік, ахвяра сваёй жа неасцярожнасці. На калгасным засеўку Ёсаль ужо выкасіў для скакуна вялікі лапік канюшыны, кладаўшчык Мікалай Гіляр кожны дзень адшкадоўвае яму гарцаў два аўса. Яно і відаць, што перападае каню не толькі шорсткай аселічнай травы: сыты, укормлены, шэрсць ажно блішчыць, ільсніцца.
Бальшавік насцярожана падступіўся да Варанога, спачатку пачухаў каля вушэй, пакудлаціў грыву, потым, прысеўшы на кукішкі, абмацаў хворую нагу. Жарабец не таргануўся, не ўздрыгнуў ад болю, значыць, ідзе на папраўку: калі не зможа скакаць пад сядлом, зашчэміцца ў аглоблі, калі не ў аглоблі, стане вытворнікам, што само па сабе таксама не дужа маркотны занятак, балазе вылегчаць Варанога яшчэ не паспелі.
Падняўшыся, Бальшавік задаволена ўсміхнуўся і са здзіўленнем убачыў побач чародку хлапчукоў з дзіравымі, старымі кошыкамі ў руках. Ён мыляў губамі, каб нешта сказаць, як тут у партыйца перацяло дух, заняло мову. Вараны раптам адкінуў наўзбоч хвост, паднатужыўся, напяўся і ў адзін момант зрабіў на траве вялізную кучу. Хлапчукі з гікам і рогатам кінуліся навыперадкі да кучы, пачалі хапаць, адбіраючы адзін у аднаго, гарачыя конскія яблыкі. Свежае дзярмо за якую секунду апынулася ў кошыках, а на траве засталася толькі мокрая рыжая пляма. Незвычайная, малазразумелая падзея патрабавала неадкладнага тлумачэння, і Бальшавік, няўцямна плюскаючы вачыма, павярнуўся да Ёсаля:
- Што гэта такое?
- Дулькі па-нашаму. Ну, памёт конскі.
- Дзеля чаго?
- Свіней карміць. Размяшаюць памёт у вадзе, дабавяць якога бацвіння агароднага і - кормяць.
- Дык гэта ж праціўна. Чым тое сала будзе пахнуць? - згідзіўся Бальшавік. - Але скажы: чаму хлопцы каля Варанога таўкуцца? Вунь жа ўся аселіца конскімі кучамі ўслана.
- Тыя ж гарушчыя конікі жывуць на адной нішчымнай траве, - зусім талкова растлумачыў Ёсаль, - а дармаед гэны жарэ і авёс, і канюшыну. Значыць, і памёт ад яго сытнейшы.
- Свіней трэба картофелем карміць. Мукою! Вотруб'ем!
- Можа, хто і корміць. А то ж - дзеці галетнікаў, плоць самых-самых беднякоў.
- Лепш трэба старацца на калгасных гонях, тады і галетнікаў не будзе, - павучальна сказаў цыбаты бамбіза і, ужо не гледзячы на Ёсаля, рушыў з аселіцы.
Ён сеў на мяккае скураное сядзенне і ці не ўпершыню заўважыў, што кароткі драпчак увогуле не разлічаны на яго даўжэзныя ногі, якія пад драўлянай лаўкай для фурмана ўперліся ў пярэднюю сценку драбін. Вядома, бяда тут невялікая, тым больш, лейцаў хапае яшчэ і з лішкам. Па-маладому весела ўзбрыкнуў у аглоблях мышасты жарэбчык, каламажка закалыхалася з боку на бок па ямчынах і калдобінах. Загойдаўся, затрапятаўся, як жаўранак, медны званок. Дзінь-дзінь - пад дугой, дзінь-дзінь - над дугой. Даўся ж у знакі маласельцам гэты галасісты, без меры нахабны і настырны званок! Ён багата што паспявае абзваніць за дзень: палявыя дарогі і селавыя прасёлкі, Танцаву кузню і Гаўрылава гумно, вясковыя хаты і хутарскія сядзібы. Там, на хутарах, дзе жывуць заможнікі, медны званок, прадбачліва схаваны ў густым алешніку, бывае, падоўгу маўчыць. Нарэшце рыпяць дзверы хаты, гулка бразгаюць весніцы. Дзінь-дзінь, дзінь-дзінь! Перазвон меладычны, прыемны начальніцкаму вуху. Але слухаць надта музычную дугу падабаецца не аднаму толькі Бальшавіку, у якога пасля добрай пачосткі вільготна туманяцца вочы, а глюга зноў падобна на струк даспелага перцу.
Куды б ні ехаў, куды б ні кіраваўся драпчак, па дарозе яго заўсёды перастрэне вечны бадзяга і вандроўнік, вечны сельсавецкі фінагент Лакідон. З дня ў дзень ён блукае ад вёскі да вёскі, смыкаецца ад хаты да хаты, яго ненавідзяць лютай нянавісцю, ад яго ўцякаюць, як ад пракажонага, яго гады ў рады пояць і частуюць самым лепшым, што знойдзецца ў кладоўцы, аднак яму ніколі не ўдаецца сабраць у тэрмін падаткі, навесці хоць які-небудзь парадак у сваіх фіскальна-агенцкіх справах. Дзе падлізваннем, дзе хітрыкамі, дзе проста гвалтам Лакідон спаганяе з палешукоў іх кроўныя рублі, хаця сам пастаянна ходзіць з галодным бляскам у вачах, з пустым страўнікам і старым, зашмальцаваным партфелем, які ўкоптур напакаваны страхавымі абавязацельствамі, квітамі на нядоімкі, аблігацыямі дзяржаўных выйгрышных пазык. Столькі тае бяды, што куртаты пінжачок прадзіравіўся на локцях, к чорту стаптаныя кірзавыя боты - ён, вялікі балака і весялун, ніколі не падаў духам, і за гэты кампанейскі характар яго дужа цэніць і паважае Бальшавік.