Выбрать главу

Маласельцы заўважылі, што на старасць згалелыя, балотныя шляхціцы зрабіліся пудкімі і баязлівымі, нібы шэрыя лясныя зайцы. З таго самага часу, як міліцыянты добра палічылі ім рэбры, самагонны промысел яны закінулі назаўсёды, але затое, цэлымі днямі шлындаючыся па вёсцы, пэўна ведаюць, у каго завялася яшчэ цёплая сівуха, і нават могуць сказаць, якой яна моцы і з чаго зроблена. Такія дакладныя звесткі маюць несумненную стратэгічную каштоўнасць, і не дзіўна, што сельсавецкі фінагент, завітваючы ў Малое Сяло, найпершым чынам наведвае старэнькую хатку на ўскрайку Горскай.

- Шляхецтву наша вітанне! - спыняючы жарэбчыка, яшчэ здалёк выгукнуў Лакідон і, калі тыя падышлі бліжэй, зусім непрыстойна, па-хамску спытаў: - І куды ж, шаркуны, сабраліся?

- У Імшэчак пойдзем лазу драць, - сказаў пан Вінцусь.

- Трэба ж якую капейчыну ўтаўчы на хлеб, - удакладніў пан Бронюсь.

- Спадзяюся, і нядоімку за хату будзе з чаго выплаціць?

- Якая тут хата - дзіркі адны, вецер свішча.

- За гэтае гніллё і падатак грэх браць.

- Ладна, пачакаю. Вы от, панове, скажыце лепш, дзе тут можна смагу прагнаць? - нахмурыўся Лакідон і выразна пстрыкнуў па гарляку.

- У Луцэі Падгайскай можа быць, у Тадоркі Дрозд тэж бывае.

- Пан Вінцусь, а ў Чыркуніхі? Учора Фядора ад Марціна Палазка змеявік несла. Сам бачыў.

- Пан Бронюсь, ашукаўся ты. Не ўчора, а заўчора.

- Яно ж і лепей. Самагонка, глядзіш, гатовенькая стаіць.

- Чыркуніха для начальства, мабыць, і сала не пашкадуе. Смачнае ў яе сала - са шкуркай.

- Як гэта ёй удалося?

- Фядорынага кормніка вясною заказытаў Марцін Палазок. Тайком абсмаліў у Імшэчку, каб не злупліваць шкуру, так з ёю і распластаў сала.

- То ж непарадак! - законна абурыўся фінагент. - Свінячыя шкуры прадпісана здаваць дзяржаве.

- Не кіпяціся, Лакідон, астынь, - нецярпліва заварушыўся на скураным сядзенні Бальшавік. - Тузай лейцы ды паехалі.

Забразгалі на камянях колы, забрынчалі атосы, заматляўся пад дугой галасісты медны званок. Хаты Луцэі Падгайскай і Тадоркі Дрозд з маленькімі цьмянымі акенцамі і зялёнымі ад моху стрэхамі стаяць непадалёк, упрытык адна да адной. Але, як кажа Сцяпан Аліфер, хай Бог панам барануе. Звесткі заняпалых шляхціцаў, хоць і не па іх віне, на гэты раз аказаліся не зусім дакладнымі і недастаткова стратэгічнымі. Дома ў Луцэі Падгайскай была толькі бежанка Агрыпіна, кабета, на першы погляд, суровая і непрыступная. Самазваных гасцей яна нават не запрасіла ў хату, буркнула з парога, што гаспадыня панесла ў кузню да Костуся Танца зубіць сярпы, бо не сёння-заўтра трэба жаць збажыну. Дзе Луцэя, там і Тадорка - гэта як піць даць, і вясёлы, балбатлівы фінагент зараз жа панік галавой, зажурыўся, засумаваў не менш за Бальшавіка.

Жніво жнівом, сярпы сярпамі, аднак ёсць, бадай, і іншая прычына, чаму ў сялянскіх дварах не відаць ніводнай жаночай душы. Па дарозе, яшчэ ў Пчольніку, Лакідона перагнала з пузатай паштальёнскай сумкай чырванашчокая Папіха, дык маласельцы ўжо ведаюць, што нячысцік прыблытаў у вёску настырнага, занадта крыклівага зборшчыка падаткаў. Кудлатыя заразы, вядомая рэч, паўцякалі хто куды, разбегліся па лясах, пахаваліся ў каноплях, у спелым жыце, у густым малінніку за хлявамі. Адзін мышасты жарэбчык, мабыць, не разумее, што дзеецца ў гэтым дурнаватым свеце: цокае ды цокае капытамі, патрэсвае грывай, абыякава фыркае ў ноздры.

- Спыніся, Лакідон, - раптам папрасіў Бальшавік. - Вунь жа цераз поле матка Ляксея Хамутовіча шыбуе. - І калі тая, расчырванелая, запыхканая, падышла бліжэй, спагадліва папытаў: - Адкуль вы, цётка Алена? З якой такой дарогі?

- У Ганцавічах была. Ляксея свайго праведвала. Франак Жывуцкі ў Кругавічы на эмтээсаўскай «лятучцы» прывёз, а тут нацянькі - цераз лес, паўз Імшэчак.

- І як там маецца Ляксей?

- Анічога, добра маецца. Галава зажыла, гіпс з рукі ўжо знялі, а да восені, кажуць дактары, і на ногі стане.

- Халера на яго, трэба было б і самому неяк наведацца ў бальніцу, - павінаваціўся Бальшавік. - Усё няма калі.

- І, дальбог, трэба. Ляксей жа так чакае сваіх, так чакае!

- Во, у нядзелю і з'езджу. Цётка Алена, сядайце, падвязем.

- Самі едзьце. Тут жа блізенька. Вунь, за полем, мая хатачка відна.

- Тады руш, Лакідон!

Прасёлачная дарога падымаецца ўсё вышэй і вышэй, мышасты жарэбчык ужо не бяжыць у аглоблях - ідзе мернай, спакойнай ступою. На самым грэбені гары немалы лапік зямлі занялі Капцы, зарослыя старым, пасівелым ляшчыннікам. Тут Бальшавік загадаў спыніцца, злез з драпчака і, як нейкі хлапчук, гарэзліва пабраўся на самы высокі курган. Лакідон, быццам прывязаны, пасунуўся следам. З Капцоў добра відаць Малое Сяло - аселіца, пабурэлыя сады, хаты, хлявы, варывенькі і адзінае на ўсю вёску Гаўрылава гумно. На Кругляку, паміж калгасным дваром і Стаўпішчамі, ходзіць хвалямі шырокая лава залацістага, амаль даспелага жыта. Час, аднак, не ранні, сонца спусцілася ўжо далёка як папаўдні. Густою сіняй смугой заваложаны жыта, сады, алешнік на аселіцы, уся неабдымная далеч за вёскай.