- Чорт вазьмі, прыгожа тут у вас! - прабурчаў Бальшавік. - Але ўсё адно мне сумна. - І нечакана прызнаўся: - Я ж страявы афіцэр. Дык не, спісалі з войска, паслалі ў гэтую дзіч і глуш.
- Парція, яна ведае, што робіць.
- Яно ж так. Толькі які з мяне важак, які я знаўца ў вашых сялянскіх справах?
- Не гаруй, Цярэнцій Максімавіч, - паспачуваў бедаку Лакідон. - Вось заедзем да Фядоры Чыркун, і на сэрцы адразу павесялее. Фядора, між іншым, вінаватая мне цэлую кучу нядоімак.
- Глядзі сам. Гаркоту, аднака ж, у пляшцы не ўтопіш.
Калі б яны ведалі, што вось зараз, акурат у гэтыя хвіліны, у Фядорынай хаце пачынаецца разборка, сварка, нечуваная калатнеча, дык, вядома, павярнулі б назад, паехалі б шукаць якога-небудзь іншага здабычлівага месца. У жыцці, на жаль, часта здараецца іменна так, а не інакш. Сваіх неслухмяных дзяцей час ад часу даводзіцца вучыць розуму - калі ласкавым, даверлівым словам, калі дубцом, калі дзягай. Добра, каб не позна - тады ўжо і само неба не паможа, хоць упадзі на калені ды маліся ўсе ночы і дні напралёт. Тое ж, што Фядора Чыркун пачула ў вясковай краме, калі хадзіла па соль і запалкі, было як гром з яснага неба, як маланка сярод зімы. У Фядоры абвялі вушы, яна траха не самлела, ледзь-ледзь астоялася на нагах. Не помнячы сябе, выскачыла з крамы - далей ад зласлівых і цікаўных вачэй, як бегла праз вёску, як узбіралася на Горскую - таксама запомніла слаба. Ушчэнт зганьбаваная, прыніжаная і зняважаная, яна бурай уляцела ў хату, бразнула дзвярыма так, што ў вокнах забрынчалі шыбы, ходырам захадзілі сцены.
- Дзе ты, цурка? Прыйшла з работы?
- Дома я, мамачка, дома, - улавіўшы нутром бяду, пашылася за печку спалоханая да смерці Ядзюня.
- Сучка бясхвостая, чула, што плявузгае па ўсім Малым Сяле зяўластая Паляжанка? Бытта пуза ў цябе ўжо на нос палезла? Кажы: праўда ці не, бо як бач абязвечу!
- Не ведаю. Здаецца, праўда.
- З кім, калі? Прызнавайся, гулёна, дык я таго хахаля твайго секачом засяку, нажом зарэжу.
- Ляксей Хамутовіч мяне пачапаў. У Гаўрылавым гумне, як навальніца была.
- О Божачка! Час ад часу не лягчэй, - проста звалілася, упала на табурэтку Фядора. - Аднак не думай, што я табе шкуру не спушчу. Дзе ж якая вяроўка, дзе ж які дубец жыдзісты?
- Мамачка, не біся - больш не буду! - загаласіла, заенчыла Ядзюня.
І ўсё ж ёсць на свеце вышэйшая воля, боскае наканаванне. Пашанцавала неразумнаму рыжоццю, яшчэ і як пашанцавала: ацалела далікатная скура, наўскасяк па спіне не разбегліся крывавыя пісагі і ахвярных слёз да таго ж вылілася менш, чым іх мелася быць пасля матчынага справядлівага пакарання. У шчаслівую хвіліну Фядора Чыркун зірнула ў акно і з жахам убачыла, што каля збуцвелых шулаў, якія толькі і засталіся ад былых варот, спынілася начальніцкая каламажка. На фоне шулаў і нязваныя госці раптам падаліся нейкімі драўлянымі - шост і пацурбалак. Шост застаўся ў драпчаку, а пацурбалак выпаў на траву і, прыціскаючы партфель да боку, пакаціўся ў хату. «Нядоімкі прыехаў сыскваць», - падумала Фядора і вопрамеццю, з вохканнем і кленічамі, кінулася насустрач - гулка бразнула клямка, нема піскнулі завесы. Пацурбалак ужо на ганку - ледзь паспеў адхапіць руку, каб не стукнула дзвярыма.
- Дарма ты прыджгаў, сцягач! Няма ў мяне грошай і не скора будуць.
- Думаеш, я па нядоімкі? Дык зусім і не, - адступіўся ўбок Лакідон. - Бачыш, начальнік палітаддзела ў брычцы? Галава ў яго баліць - на сонцы так напякло.
- От бо хлус! Але добра, ёсць у мяне кропля, - Фядора Чыркун матлянулася ў камору, вынесла і, як у прорву, боўтнула ў бяздонную кішэню дыяганалевага галіфэ паўтарачку, заткнёную кудзеляй. - Пастой трохі. Яшчэ скаромнага адшчыкну і хлеба дам, а корч цыбулі ты ўжо сам вырві.
- Са шкуркай скаромнае?
- Дзівак! Якое ж сала без шкуркі?
- І добранька, такое сала і я люблю.
Нахабнага вымагальніка Фядора Чыркун не праводзіла - стаяла на паламаным драўляным ганку і чакала, калі няпрошаныя госці паедуць. Дзінь-дзінь пад дугой, дзінь-дзінь над дугой. У Фядоры раптам ёкнула сэрца, аддалося болем у грудзях. Яна пазнала гэты рыпучы, бразгатлівы драпчак, бо калісьці ў маладосці не адзін раз тайком сядзела ў ім, тулячыся да магутнага пляча пана Абуховіча. Драпчак, вядома, паднавілі, асвяжылі зялёнай фарбай, але знешні выгляд яго той самы і да здзіўлення такі самы меладычна-журлівы перазвон медзі пад дугой. Яшчэ ж яна згадала шчадралюбнасць рыжаватага абшарніка, яго багатыя дары - квяцістыя сарафаны, кофты, сукні, і з вачэй у змардаванай кабеты выступілі слязінкі, і ёй адразу перахацелася караць сваю свавольніцу Ядзюню. Мабыць, і праўду кажуць: яблык ад яблыні недалёка падае. Хай ужо будзе, як будзе, як набяжыць - неяк жа ўтрасецца, перамелецца, згладзіцца пакрысе і даччына, і матчына ганьба. Думаючы так, Фядора Чыркун чуйна прыслухоўвалася да гукаў і шолахаў, якія даляталі з лесу, і ёй яшчэ доўга здавалася, што каля Імшэчка, куды завярнуў драпчак, ляскочуць на каранях колы і раз-пораз адзываецца галасісты медны званок.