Выбрать главу
5

За нейкі тыдзень перад яблычным Спасам белыя буслы пачалі збірацца ў чароды, рыхтуючыся да адлёту ў вырай. Ганарлівыя птахі, пакінуўшы свае разгатыя буслянкі на вільчаках сялянскіх хат, ці не з усіх навакольных вёсак сабраліся ў Імшэчку, і адтуль, з бярэзнікавага россыпу і лазняковай кудры, цэлымі днямі чуўся іх журлівы, расстайна-самотны клёкат. Калі буслы, і старыя, і маладыя, гуртуюцца ў глухіх, малалюдных мясцінах, тут ужо і пытаць не трэба: восень блізка. Спас - лета шась! Барвамі змарнелай прыгажосці ахінулася прырода - сыпанулі жаўталістам бярозкі, першая прозалаць выступіла на клёнах, з узлеску на ўзбераг поля засмучана выткнуліся статныя рабінкі, абапнутыя, як цыганкі, густымі плахтамі ярка-чырвоных гронак.

Перад самым Спасам па начах вельмі ж часта і гулка шпокалі аб зямлю пераспелыя малінаўкі, і на свята старыя людзі ўпершыню ў гэтым годзе паспыталі водарных, як мёдам налітых, яблык і сакаўных груш-спасавак, папярэдне, яшчэ з раніцы, асвянціўшы садавіну ў Кругавіцкай царкве. Пасля такога боскага пачастунку ці, дакладней, боскага прычашчэння, багата каму з палешукоў, якія непахісна і ахвярна шануюць усе народныя павер'і і прымхі, напэўна, згадалася даўняя, дзедаўская прымаўка: «Стары Іспас - сівенькі дзядок, на восець садзіў, жыта малаціў». Бо і праўда: доўгая, на некалькі пралётаў, калгасная адрына ўкоптур, ледзь не да крокваў, забіта пухнатымі жытнімі снапамі, ачмурэлы пах маладога жыта, намалочанага камбайнам, віецца з Гаўрылавага гумна, вольна і лёгка, збыўшы свой жнівеньскі клопат, дыхае стомленая палеская зямля. О гэты багаты і жаданы яблычны Спас!

Ворнай зямлі ў Малым Сяле ўвогуле скупавата, і тая ўроскід: невялікімі акраўкамі, шматкамі, абрэзкамі яна шчэміцца паміж сухадолаў, гразкіх балацявін, пясчаных пагоркаў. Хіба толькі адзін Кругляк, які адціснуў сялянскія хаты на няўдобіцу і пустэчу, можна лічыць прыстойным палявым абшарам, дзе хапае разгарнення і трактару, і камбайну. Аднак чарназёміцы кот наплакаў, усё супесі, мылец ды падзол, што ні палетак - камяніца, суцэльная крушня, асабліва на шнурах, прылеглых да Горскай. Дзіўна нават: як такая знясіленая, змардаваная зямля яшчэ нешта здатная радзіць? Да яе, сваёй карміцелькі і сваёй жа мучыцелькі, у розныя гады Малое Сяло адносіцца па-рознаму. Калі стараполіца напружыцца з апошніх высілкаў і нечакана ўзбучыцца нябачаным ураджаем, людзі глядзяць на яе з павагай, многа жартуюць і смяюцца, бо з калгасных застаронкаў і ім перападзе нейкае жабрацкае каліва. Калі ж раптам недарод, колас пусты і бульба з арэх, тут ужо не да жартаў. Маласельцы ходзяць прыгнечаныя, без настрою, на зямлю незаслужана касавурацца, хаця, чуючы нейкую сваю віну, тады нават заўзятыя, шчырыя сейбіты лічаць сябе вялікімі гультаямі і абібокамі.

Гэтым жа летам само неба па-добраму спрыяла калгаснікам: спёка, сухавеі не выпетралі нашчэнт пясчаную глебу, дажджы, зліва не згнаілі рослую збажыну, непагадзь, пляга не дужа заміналі гарачаму жніву. Залацістым вераснем, адразу пасля Багача, калі поле спрэс апусцела, каля арцельнай адрыны, каўтаючы адзін за адным важкія жытнёвыя снапы, на ўсю вёску азвалася эмтээсаўская малатарня. Нема выць і трабашчаць усім сваім жалезным нутром цераз шырокі прыводны пас малатарню прымушае старэнькі «універсал». Малацільны агрэгат кожную раніцу ажыўляюць славутыя маласельскія трактарысткі Яня і Ніна. У прамасленых камбінезонах, з чырвонымі касынкамі, завязанымі на патыліцы, стаханаўкі нешта шпрыцуюць, штосьці падкручваюць, адначасова пільна і насцярожана сочаць, каб які няўдаліца не зваліўся з малатарні і не зламаў сабе шыю. Збоку паглядзець, дык не Бог, не Сталін, не дурнаватае калгаснае начальства, а яны, і толькі яны - Яня і Ніна так рупна клапоцяцца пра дабрабыт аднавяскоўцаў, пра іх не дужа галодны зімовы стол.