- Мама, хачу менца!
- Няма менца. Саланіны адшчыкну кусянятка.
- Не хачу саланіны! Менца дай!
- А мая ж ты Ядзюнька! Не хочаш саланіны, то з'еш гуўна.
- Тады ідзі на цагельню ды сама гліну цягай.
- Ну, так і быць. Дам табе менца. Але без попыту, дачушка, у камору не лезь, бо не будзе чаго ўкінуць у торбу касцам, калі паедуць на балота.
Шляхецкаю мовай, праўда, перакручанай на паляшуцкі лад і густ, Фядора збілася з тропу яшчэ за польскім часам, калі служыла ў абшарніка Абуховіча і пераняла чужаземную гаворку ад панскай чэлядзі. Уга, колькі вады сплыло ў Кудасе, колькі грозных і крывавых падзей адбылося на свеце, а тыя словы, пачутыя ў дзявоцтве, чамусьці не забываюцца. Фядора і цяпер, успамінаючы сваю службу ў багатым маёнтку, на сонца кажа «слонца», на мяса - «менца», а Ядзюню, калі бывае не ў гуморы, кліча і зусім кепска - «матолак». Добра, хоць дачка не крыўдзіцца, бо, мусіць, не разумее, што маці абзывае яе звычайнай дурніцай. Павага, калі не сказаць зайздрасць да шляхецкай мовы з гадамі не знікла, можа, таму, што ў свядомасці Фядоры гэтая незвычайная мова спалучылася з багатым, сытым жыццём. Дзве зімы бедная сялянская дзяўчына была ў Абуховіча пакаёўкай і ўдосталь нагледзелася, якіх аграмадзін кормнікаў валяць мардатыя кухцікі, як смачна ядуць, аж іх распірае, пан і пані, а гледзячы на бляск і ледзь не царскае ўбранства чужога маёнтка, ёй таксама захацелася жыць прыпяваючы, ну, не зусім каб шалець ад раскошы, але каб і самой, і дзецям не душыцца нішчымніцай.
Пан Абуховіч, сухарлявы і тонкі, як тычка, раз'язджаў па навакольных вёсках на рысорным драпчаку, гадзіў сялян да сябе ў маёнтак: кабет наймаў жаць жыта і капаць бульбу, а мужчыны ладзілі жытло, рэзалі дровы і будаўнічы лес на продаж за мяжу. І хаця абшарнік быў дужа строгім і сярдзітым, мог нават знячэўку сперазаць папліскай гультая і недалэнгу, мясцовы народ ішоў на падзённыя работы дужа ахвотна - Абуховіч быў не скупы і плаціў добра. Нельга параўнаць заробкі спрактыкаванай жняі і смаркатай пакаёўкі, але яшчэ і сёння, прыбіраючы ў хаце, Фядора наткнецца то на парваную сукню, то на скрыўленыя атопкі. Яна ўжо і сама забыла, што купляла за свае грошы, што ёй давала пані Тэрэза, што ўпотай дарыў пан Абуховіч. Калі Ядзюні няма дома, Фядора падоўгу разглядае старыя драндзі, і ёй, маўклівай і самотнай, бывае непрытворна сорамна, таму што пані Тэрэза наўрад ці была б такою лёгкай на падачкі, каб ведала пра заляцанні шчадралюбнага абшарніка да мілавіднай і шустрай пакаёўкі.
Бяздумную дурніцу пан Абуховіч так прывучыў да сябе, што яна і сама ўжо не магла дачакацца, калі пані Тэрэза паедзе куды-небудзь у госці ці на шпацыр, і бессаромна кідалася ў абдымкі свайго вяльможнага дабрадзея, а пасля гарачай, салодкай ночы цішком кралася праз лес у Малое Сяло, трымаючы пад пахай ці то белую кофтачку, ці то квяцісты сарафан. Дзявоцкіх убораў, назбіраных у асноўным за кошт неўтаймоўнай панскай ласкі, было нават замнога, каб з шыкам, на манер багатай князёўны, выйсці замуж за ціхмянага, нехлямяжага парабка Лявона Чыркуна, зноў жа ўсялякіх строяў, а справядлівей, абноскаў з пляча пані Тэрэзы, хапіла і на першыя кароткія гады ўвогуле бестурботнага замуства, і на беспрасветныя, доўгія гады ваеннага ліхалецця. Па нітачцы, па гузіку, па вялікай дзірцы, якую ўжо і зашыць было немагчыма, пагубляліся тыя шыкоўныя ўборы, і цяпер у Фядоры ад колішняга багацця нічога не засталося - адны шчымлівыя ўспаміны, журба ды вось гэтыя старыя транты, што іншы раз выграбуцца качаргой з цёмнага закутка. Даўно няма Абуховіча - яшчэ за першымі Саветамі ўсю панскую сям'ю вывезлі ў Казахстан, даўно няма рахманага і добрага Лявона - не вярнуўся з фронту; пустое сэрца, пустая хата, ды затое ёсць у кабеты літыя гумовыя боты-стаўбуны, якім, здаецца, век не будзе зносу і ў якіх аднолькава зручна шлёпаць і па асенняй слоце, і па зімовай сцюжы.
Фядорыным ботам, прыдатным на ўсе гадавыя сезоны і завэдзганым то ў гной, то ў гразь, у Малым Сяле, на жаль, ніхто не зайздросціць, бо цяпер і маладыя, і сталыя вяскоўцы ходзяць у абутку аднаго фасону - які завязуць у краму, але апрача гэтых вялізных ботаў-скараходаў ёсць у Фядоры надта каштоўная рэч: размаляваны чырвонымі кветкамі, акантаваны белай бляхай старасвецкі куфар. Стаіць ён у святліцы каля сцяны і няхай сабе стаіць, есці не просіць. Падыме гаспадыня пукатае века, моўчкі ўздыхне: на дне ляжаць два ці тры сувоі палатна, коўдра-перабіранка, а так прыгожы, як цацка, куфар пусты, нават павукі паспелі заткаць прыскрынак павуцінай. Размаляваная драўляная скрыня для шытага і тканага багацця перайшла Фядоры, мабыць, яшчэ ад бабулі, аднак Ядзюня, гэтае рыжаватае і вяснушкаватае стварэнне, дзярэ нос, пагардліва глядзіць на колішні матчын пасаг. Ёй, бачыце, падавай куплёную фанерную шафу на двое створак, дзе ёсць і палічкі, і вешакі для дзявочых убораў. Нічога дрэннага, вядома, у тым няма, што дачка любіць прыбірацца не горш за сябровак і хоча мець усё, чаго не маюць яны. Адна бяда: дзе набрацца тых грошай, калі за кожным рублём трэба ганяцца, не раўнуючы як кот у хляве ганяецца за паршыўцам вераб'ём.