- Чаму ж навошта? - здзівілася Стэфа Невяроўская. - Будзе выходзіць замуж, то як знойдзеш.
- Ужо выйшла. У палажэнні яна, дзіця чакае.
- Спакусіў нейкі гіцаль?
- Алену Хамутовіч ведаеш? Дык то яе сынок, Ляксей. За калгаснага старшыню быў у Малым Сяле. Сапсаваў дзеўку, а сам кудысьці на вучобу ўцёк.
- Пярсцёнак, Фядора, аднак, вазьмі. Ану ж спатрэбіцца.
- Так і быць - вазьму. Ад дарунка грэх адмаўляцца.
Госці ўдаліся на рэдкасць: пад чарачку добра пайшоў і смажаны певень, і кіслы агурочак з сопкай бульбай, і тлусты асяледзец, нешкадобліва ахвяраваны Стэфай Невяроўскай дзеля святочнай пакроўскай вячэры. Адно што сумнавата было ў Фядорынай хаце. Растаўсцелая, з перадродавымі плямамі на твары, Ядзюня толькі паказалася ў дзвярах, павіталася і зноў надоўга схавалася ў святліцы. Пра залаты пярсцёнак яна нічога не ведала, бо Фядора Чыркун загарнула Абуховічаў падарунак у паперу і схавала пад бэлькай - няхай паляжыць у зацішку да лепшых часоў. Прыйшлі Пакровы, ды дзеўцы галаву чапцом не пакрылі. Плача цішком Ядзюня, ходзіць з чырвонымі вачыма, і не трэба ёй ведаць пра вясельны пярсцёнак: яшчэ больш разжаліцца бедачына, яшчэ больш развярэдзіць душу і сэрца.
Позна вечарам, калі зямлю агарнуў густы асенні змрок, гаспадыня правяла госцю ледзь не да самай хаты Сцяпана Аліфера, на развітанне пажадаўшы даўняй сяброўцы моцнага здароўя і шчаслівай дарогі. Стэфа Невяроўская паехала за Буг, у Зялёную Гуру, а Фядора Чыркун колькі дзён усё яшчэ праводзіла яе: выходзіла ў Капцы, доўга стаяла сярод ляшчынніку і старасвецкіх курганоў, сумнымі, пустымі вачыма ўглядалася ўдалячынь. Пасля Пакроваў амаль увесь час дзьмулі халодныя, сіберныя вятры, і блізкая зіма палохала кабету не толькі завеямі і маразамі, але і сваёй невядомасцю.
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЕРТЫ
Снегу за ноч выпала як не па самыя забарсні. Пачаліся піліпаўскія заговіны, калядныя запусты, дык і не дзіўна, што Бог прывёў зіму на зямлю. Яшчэ ранішнім прыцемкам, збіраючыся ў Кругавічы, каб адтуль эмтээсаўскай машынай ці з якой іншай аказіяй патрапіць у Ганцавічы, Сцяпан Аліфер абуў новыя скрыпучыя лапці з вязавага лыка - нагам цэлы дзень будзе і лёгка, і цёпла. Кірзавыя боты, ашчаджаючы іх на веснавое разводдзе, на гразь і плюхоту, гаспадар паставіў сушыцца за печку, і цяпер па хаце шыбае застарэлы кіславаты пах дзёгцю. Рып-рып за акном, рып-рып. Услед за Сцяпанам Марка выйшла на панадворак, зажмурылася ад нязвыклай белізны, усміхнулася зіме, золкаму снегападу. Пушысты і мяккі, як вата, першы снег смачна храбусціць пад нагамі, быццам праз сіта, паціху сеецца скрозь голыя кроны прысядзібных дрэў.
Гаспадыня прайшлася ў хлеў, паглядзела, як там жыўнасць: карова, дзве мерыносавыя авечкі, падсвінак, куры, затым начэрпала ў калодзежы вады і, спакойная, вярнулася ў хату. Пасля таго як у Польшчы знайшлася Стэфа з сям'ёй, ды асабліва пасля таго як дачка тыдні два пагасціла ў бацькоў, сівенькая Марка акрыяла душой і целам, перастала кволіцца здароўем, нават паружавела з твару. Далёкая Зялёная Гура не забывае пра Малое Сяло, шле і шле яму па пошце нізкія, зямныя паклоны - паклоны сваякам і блізкім, паклоны Фядоры Чыркун і яе бядовай, неразважлівай Ядзюні.
«Трэба будзе неяк пайсці на Горскую ды і перадаць людзям тыя Стэфчыны літанні, - падумала Марка, чапляючы вядро з вадою на драцяны кручок каля печы. - Нешта ж Фядоры нідзе і не відаць».
Снег не пераставаў цэлы дзень - то сыпаўся сухі, дробны, то падаў густы, лапцяваты, злеплены ў ажурныя, узорныя выцінанкі. Здавалася, марозны ветрык бясконца камечыць і камечыць вялізныя белыя прасцірадлы, развешаныя на суках маркотных вязаў, на гнуткіх галінах старой вярбы, на абвіслым вецці Тафілінай бярозы. Увачавідкі пачало змяркацца, і калі б не гэты маўклівы і вясёлы снегапад, на дварэ ўжо было б па-асенняму цёмна і змрочна. За дзень хата выстыла, шыбы запацелі - нанач, мабыць, возьмецца добры марозік. Марка знайшла на прыпечку запалкі, прысела на яловы цурбак, каб запаліць у грубцы, але бярэзнік у стаяку распарыўся, увапрэў і зараз толькі шыпіць, хутаецца шызым дымком, з тоўстых плашак сочыцца вільгаць, капае на вугалі. Сырыя, нядаўна з лесу, дровы гарэць не хочуць: кволы агеньчык ледзьве цепліцца на самым сподзе - вось-вось патухне. Нервовая Марка злуецца, прыгаворваючы, што так адно мужык па жонцы плача, і пахвілінна соўгае ў жар гарэнкія, як тарпатына, смалякі, падкладвае шматкі бяросты, якая курчыцца ад зыру, скручваецца ў колцы, імгненна хапаецца агнём і, не прынёсшы ніякай карысці, згарае ў адзін момант.