Аднак прыемная гэта справа - рабіць людзям дабро! Сцяпан Аліфер паспагадаў, суцешыў, абнадзеіў былога польскага солтыса і далей пашкандыбаў без аніякай злосці і гневу, забыўшы ўсе свае крыўды і звадкі. Па дарозе, у змрочным алешніку ля гнілой канавы, пстрыкнуў спружыністым коркам, сербануў трошкі з цудадзейнай пляшачкі. І, сапраўды, цуд здарыўся: стары шэльма не запомніў, як ішоў, але нацянькі цераз аселіцу, праз чужыя агароды, узберажкам гразкай вясковай вуліцы яго, мабыць, усё-такі вяла паслухмяная арэхавая кавенька. Каля Тафілінай бярозы кавенька зусім стамілася, знемаглася. Быў ужо вечар, нахапіўся ранні асенні змрок, на небе ярка зазіхацелі зоркі, выплыў з-за хмурыны белы месяц. Па нейкай сваёй патрэбе Тафіля выбегла на двор, у месячным святле ўбачыла каля бярозы знаёмую постаць. Падбегла і жахнулася: п'яны сусед як бэля. Яна схапіла небараку пад пахі, сяк-так перацягнула цераз вуліцу і, часта сапучы, увапхнула ў яго ж родную хату.
- Забірай, Марка, свайго валацугу. Ледзь маю бярозу не паваліў, прыпёршыся плячом да камля.
- Ат, нічога з імі не станецца - ні з гэным латругам, ні з тваёй крывою бярозай.
Назаўтра ў Сцяпана Аліфера балела з пахмелля галава, ванітавала, выварочвала ўсе вантробы, але, на шчасце, ён успомніў пра сваю суконную світку і пра патайную кішэню ў ёй. Так вядзецца спакон веку: жонкі лаюцца, вучаць розуму, а няўдзячныя мужы «матаюць» на вус ды цішком пахмяляюцца. Ён таксама ўпотай лыкнуў рэшткі дэнатурату, запіў вадою і, каб не чуць Марчыных кленічаў і дакораў, выскачыў на вуліцу. Ён нікога не баяўся, нікога не саромеўся, таму што ўжо цалкам быў пад уладай самага вялікага ў сусвеце броваршчыка і віначэрпа - бога Бахуса; стаяў ля калодзежа, глядзеў на вярбу і ажно калаціўся ад раптоўнай, неўтаймоўнай злосці. Паўз вярбу акурат сунуліся Паляжанчын Ванька і яго неразлучны сябар ахламоністы Збышак. На Ваньку ў Сцяпана Аліфера даўно гарэў зуб - то ж, нягоднік, так збэсціў, так абняславіў старога чалавека! Так абняславіў калісьці, што Малое Сяло да сённяшняга дня пацяшаецца з гэтай яго вялікай ганьбы.
Смяшлівая, здатная да жартаў вёска не забыла, што падлеткам, акрамя многіх іншых сваіх заганных звычак, Ванька Заяц меў яшчэ і выдатныя здольнасці курашчупа. Бывала, успорацца з самага ранку і да абеду віжуе каля Тафілінай бярозы, чакаючы, калі ў крапіве за суседчынай хатай закудахча курыца. Нясушка з гнязда - злодзей да гнязда. Схапіў даніну, азірнуўся і адным лётам у краму, да Валодзі Белага, а там, глядзіш, на губу абарвецца ці пачак папярос, ці кулёк падушачак, ды часцей - і тое, і другое.
Аднаго разу Тафіля, як на бяду, была дома і таксама зацікавілася пераможным кудахтаннем курыцы за сцяной, але, дзякуй Богу, вушлы курашчуп пачуў, як у хаце бразнулі дзверы, і са сваім яшчэ гарачым набыткам імгненна ўзвіўся на густую, развесістую бярозу. Заклапочаная суседка, можа, з паўгадзіны разгортвала кіем крапіву, бадзяк, чартапалох - курыцына гняздо, мусіць, усё-такі знайшла, бо раптам знерухомела, застыла ў нямым здзіўленні. З тым жа неўразумелым выразам на твары яна закінула кій у пустазелле і павярнулася ісці, але пайшла не на свой знакаміты валун, а спынілася акурат пад бярозай, стомлена прытулілася спінай да камля. Тут з вядром па ваду выперся Сцяпан Аліфер - убачыў суседку пад бярозай, весялей запыхкаў люлькай і борзда папраставаў цераз вуліцу.
- Чаго, Тафілька, зажурылася?
- Ведаеш, Сцяпанка, курыца ў крапіве кудахтала, кудахтала! Выбегла я хутчэй з хаты, гняздо знайшла, яшчэ цёплае, а яйца няма. Дзіва, дый годзе.
- Глядзі, аднака ж, каб тхор які не панадзіўся.
- Што ты, сусед! Тхары яец не ядуць. Яны саміх курак спажываюць.
У той ясны, сонечны дзень па незразумелай прычыне, мабыць, таму, што не сядзелі на сваіх славутых камянях цераз вуліцу, Тафіля і Сцяпан Аліфер не сварыліся, размаўлялі ціха, міралюбна і, захапіўшыся ўсяленскімі праблемамі, забылі пра час і пра ўсё існае на свеце. Бяроза кроністая, густалістая, зверху, дзе на самай макаўцы затаіўся курашчуп Ванька, балбатуноў не было відаць, аднак па іх ажыўленых галасах адчувалася, што разыходзіцца яны і не думаюць. Тут жа даўно няўсцерп, у нізе жывата рэзь, колікі, і, не могучы болей трываць пакуты, верхалаз выхапіў свой пісунок, з аблёгкай ува ўсім целе пачаў мачыць зялёнае абвіслае вецце. З галінкі на галінку, з лісціка на лісцік кроплі пакаціліся, як па прыступках, пакуль, губляючыся на шляху, рэшткі злівы не скаціліся на ніжні ярус разложыстай кроны.
- Пайшлі хіба, Тафілька, па хатах, - затурбаваўся раптам Сцяпан Аліфер. - Здаецца, дождж пачынаецца.