Выбрать главу

- Што ты, які дождж! Сонца во як скварыць, і на небе ні хмаркі.

- Дык жа на галаву і на рукі закапала.

- Здурэў, дальбог, здурэў! - зарагатала Тафіля. - Табе, Сцяпанка, хоць цурболь у вочы, а ты скажаш - дождж ідзе.

Гісторыя Малога Сяла не захавала ніякіх звестак аб тым, ці доўга хадзілі ў ворагах Тафіля і Сцяпан Аліфер пасля «дажджу» з яснага неба, але дакладна вядома, што праз гады, калі аднаму з пацярпелых абрыдла ўжо слухаць пастаянныя кепікі і насмешкі, у гісторыю Малога Сяла была ўпісана яшчэ адна не менш яркая і прывабная старонка. За экзекуцыю, учыненую над сабой, вінаваты сам Ванька Заяц - хай бы нікому і не расказваў, што і як адбылося на той бярозе. Зусім ахмялелы і ачмурэлы ад гневу, Сцяпан Аліфер пачакаў, калі наблізяцца два бэйбусы, ні слова не кажучы, хапіў Ваньку за каршэнь, ушчаміў, бы палена, між калень і, як аднойчы ў эмтээсаўскай майстэрні, давай вучыць пустадомка дабру і справядлівасці. Кухталь у бок, грымак паўз плеч, ды болей за ўсё дасталося худому, нібы фічка, азадку: пляскач за плескачом, пляскач за плескачом.

- Гэта за тое, што ў Тафілі яйцы краў! Гэта за тое, што з бярозы мне на голаў мачыўся! Гэта за тое, што Варанога скалечыў! Гэта за тое, што хлеб у самагонку крышыш!

Сцяпан Аліфер дужы, учэпісты, што корч, Ванька Заяц вёрткі, слізкі, як уюн. Круць бокам, верць другім, паднатужыўся, тузануўся і ўсё ж вылузаўся з жалезнай пасткі. Спалоханы, пераляканы нашчэнт, ён вопрамеццю, без аглядкі цурыў па тупкай сцежцы, наўсцяж гразкай вуліцы. Уцякаць ад разлютаванага мучыцеля яму добра-такі падсабляў ахламоністы Збышак: шпарка-шпарка перабіраў нагамі, раз-пораз азіраўся, нешта крычаў - ці то пагражаў захмялеламу экзекутару, ці то дражніўся з ім. Ужо абыякава Сцяпан Аліфер паглядзеў услед уцекачам, шырока пазяхнуў і, вярнуўшыся ў хату, адразу забурыўся ў ложак.

Змардаваны, знябыты, спаў ён моцным сном малойцы, які зрабіў людзям безліч карысных спраў, ён спаў і не чуў, што, схіліўшыся над ім, заклапочаная Марка шаптала чарадзейныя, магічныя словы: «Хмель і віно, адступіся ад Сцяпана, раба божага, у цёмны лес, на гнілое балота, паляці буйным ветрыкам, у яр круты пакаціся. Хмель і віно, прывяжыся да ліхога чалавека, які ліха думае. Хмель і віно, адвяжыся ад Сцяпана, добрага чалавека, які ліха не думае. У імя Ацца і Сына і Святога Духа. Амін». Ці то сапраўды дапамагла Марчына замова ад перапою, ці то, праспаўшыся, Сцяпан Аліфер сам адумаўся, прыйшоў да розуму, але колькі тыдняў на чарку ён нават і не глядзеў. Мацуйся, чалавеча: гэта ж такая добрая, талковая, сардэчная замова! І па-паляшуцку дужы, каржакаваты чалавек мацаваўся, трываў, нервовы зрыў у яго прайшоў, і, нягледзячы на познюю восень, дома ён амаль не стыкаўся - з драбавіком на плячы цэлымі днямі валачыўся па калгасных палетках, дзе цяпер, шчыра кажучы, і пільнаваць не было чаго.

Поле даўно апусцела: усё зжата, убрана, звезена на калгасны двор. Эмтээсаўскія «універсалы» і «націкі» паднялі зябліва і марудна, каб не разваліцца па дарозе, пасунуліся ў рамонтную майстэрню, дзе ім за зіму добра падлечаць зношаныя жалезныя вантробы. У ваколіцах Малога Сяла і тут, і там густа зелянелі толькі лапіны азімага жыта. Зарунелыя палеткі Сцяпан Аліфер абыходзіў па некалькі разоў на дзень, даўшыся ў знакі навакольным хутаранцам і асабліва кульгаваму Якаву Пеўніку, свайму не такому ўжо і далёкаму суседу. Першы раз паплаўнічы сурова пакараў ягонага гусака, які з гогатам вадзіў цэлую плойму белых, нібы снег, гусей у маладое жыта. Да чаго ж прыгажун быў той стары адважны гусак - шыракакрылы, дзюбаты, з чырвонай кукардай на галаве! Сцяпан Аліфер страляў з драбавіка так блізка, што сярдзітага гусака ўшчэнт разнёс ваўчыны зарад шроту. Дарма Франак Жывуцкі аднойчы дакараў: не пі, стары, казённага дэнатурату, бо станеш сляпы, нібы крот. Аднак папаў, ды яшчэ як папаў! Гусак на мэтлухі, на друзачкі - нават сабраць на патраўку не было чаго.

За гусака Якаў Пеўнік дараваў: нікому не жаліўся, не хадзіў са скаргай да лысага Глеба, а ўвесь сыр-бор разгарэўся з-за звычайнай чалавечай дурноты. Дзесьці ў сярэдзіне лістапада, калі ў агародах высякалі капусту, Сцяпан Аліфер запарваў на зялёнай руні Пеўнікавага бычка-выпустка - ці нейкім чынам той вылузаўся з хлява сам, ці яго знарок у шкоду загналі гаспадары. Смешна было б, каб і тут ляснуў драбавік. Паплаўнічы зрабіў разумней: завёў рыжага шкодніка на свой панадворак і замкнуў у старым свінушніку. Праз акно Якаў бачыў, як Сцяпан Аліфер лавіў бычка, як вёў яго паўз хату, бачыў і, схаваўшыся за папяровай фіранкай, калаціўся ад злосці. Ужо які раз паплаўнічы бесцырымонна турбаваў ціхае жыццё хутаранца, і такое нахабства, вядома, нельга было дараваць.