Выбрать главу

- Гэць! Ты мне бычка, лазаты чорт, у зубах прывядзеш, - захінаючы фіранку, зласліва прашаптаў Якаў Пеўнік.

Ён падпільнаваў, калі Сцяпан Аліфер пойдзе з дому, падкраўся з кустоў да свінушніка, вылузаў прабой з трухлявага шула і забраў рыжага бычка. Залыгаўшы на рожках вяровачку, павёў яго на суседні хутар да сваякоў і толькі паспеў вярнуцца дахаты, як на вуліцы заляскала коламі старшынёўская брычка. З яе злезлі лысы Глеб, ненавісны Сцяпан Аліфер і сельсавецкі ўчастковы Піля Еслікаў. Упраўны паплаўнічы, аказваецца, паспеў ужо замальдаваць начальству, што неразумная жывёліна ўшчэнт здратавала і сталачыла калгасны засевак.

- А мы да цябе, Якаў, вось чаго, - забег паперад старшыні Сцяпан Аліфер. - Надоечы я твайго бычка ў жыце застаў. Прычыніў у свінушніку, а цяпер глянуў - няма. Нехта забраў і нават замок вылупіў.

- А пры чым тут я? - здзівіўся Якаў. - Я ж бо і думаю, дзе гэта цяля прапала?

- Якраз і пры чым. Хто, як не ты, мог забраць выпустка?

- Калі падазраяце мяне, то шукайце.

Рыжага бычка, вядома, не знайшлі: аблазілі ўсе закуткі, усе пабудовы і, збянтэжаныя, выйшлі на двор. Пра суседні хутар, як і разлічваў гаспадар, ніхто і не падумаў.

- От бачыце: нічога ў мяне няма, - пасміхаючыся, сказаў Якаў Пеўнік. - Я ў суд буду падаваць. Калі бычок не знойдзецца, то мне заплаціць той, з чыйго хлява ён прапаў.

- А хвігу не хочаш? Гэта ж табе не за Польскай - на два бокі аладкі мазаць ды самалёты з неба спорваць.

Якаў Пеўнік не любіў, калі пры ім пачыналі гаварыць пра самалёты. Яшчэ задоўга да вайны, як толькі над палескімі балотамі ўпершыню паявіліся польскія аэрапланы, ён аднойчы захацеў збіць дзіўную жалезную птушку. Узяў даўжэзную тычку, залез на хлеў і цэлага паўдня хадзіў па вільчыку страхі, чакаючы, калі праляціць аэраплан. Але неба было абманлівае, самалёты ляталі намнога вышэй, чым здавалася з зямлі. Якаў Пеўнік аэраплана не спароў, а людзей насмяшыў: сам упаў з хлява, зламаў нагу і з таго часу пачаў кульгаць.

- Збыткуеш, Сцяпан? Дык я ж цябе - кульбакай, кульбакай!

- А я - кавенькай, кавенькай! Зрэжу на горкі яблык.

Сцяпан Аліфер збялеў ад гневу, і ў яго руцэ нечакана апынуўся заржаўлены замок, які колькі часу назад, вырываючы прабой, Якаў мацаў сваімі рукамі. Два ворагі, пырскаючыся слінай, кінуліся адзін на аднаго. Паплаўнічаму не далі разгарнуцца: хапілі за плечы і, раз'юшанага, ледзь адцягнулі ад Пеўніка, але, перш чым лысы Глеб і Еслікаў гэта зрабілі, замок вострай дужкай паспеў глыбока драпнуць гаспадара хутара па шчацэ.

- Гэць! Цяпер я тым больш буду скардзіцца, - размазваючы кроў, надзіва спакойным голасам сказаў ён. - І за бычка, і за цялесныя пабоі.

Начальства склала акт і паехала, а Якаў Пеўнік цёр падрапаную шчаку, хоць яна балела не вельмі, і пачынаў ужо разумець, што зрабіў вялікае глупства. З яго задумы ўсё адно нічога не выйшла. Нехта, аказваецца, чуў, нехта бачыў, як ён забіраў з чужога свінушніка свайго выпустка, як па дарозе хаваўся ў кустах, і давялося шчыра прызнацца, расказаць следству ўсю праўду. Аднак паплаўнічаму заможнік не дараваў: зняў у фельчара пабоі, сабраў сведак і падаў на дэбашыра ў суд. Калі прыйшла позва, Марка перажывала больш за свайго бесталковага гаспадара, а потым пакрысе супакоілася і нават сёння, збіраючы Сцяпана ў мястэчка, гаравала не надта: што Бог дасць, тое і будзе. Хаця, зрэшты, гэта трошкі і не так. Пашкадавала Марка старэчу: калі ён, прыгнечаны і сутулены, бразгаўся ў сенцах клямкай, яна прашаптала яму ў спіну замову, каб у судзе быў поспех:

- На вужу еду, гадзюкай паганяю, святой Матцы пакланяюся. Мая хата, мая печ замаўляю суддзям рэч. Праўда за табою, а суд за мною.

Павінна дапамагчы, таму што Марка ўмее загаворваць зубны боль, лячыць ад суроку, выліваць воск ад пераляку, шаптаць на ваду ад жывата і наогул чарадзейнымі словамі можа пазбавіць ад мноства падобных немачаў. Але ўжо вечар, а бесталачы ўсё няма і няма - забавіўся дзесьці ў дарозе. У хаце зусім сцямнела, трэба распальваць на камінку лучыну, бо газы ў лямпе не засталося ні кроплі: гультай Валодзя Белы і не падумае завезці яе ў краму. Сцяпан Аліфер, праўда, запхнуў у торбу пусты медны гляк, аднак ці купіць ён газы? Хоць бы сам вярнуўся жывы і здаровы. Беразняк у стаяку тым часам разгарэўся, хапіўся з усіх бакоў чырвонымі полымнымі завіткамі. Вохкаючы, Марка паднялася з яловага цурбака, палезла на печ па смалістыя цёскі. Агонь на камінку ўзяўся дружна, у хаце адразу пасвятлела, на сценах затрымцелі палахлівыя, дрыготкія цені, на покуці высвеціўся абраз Боскай Маці. Марка стала на калені, памалілася, адбіла зямныя і паясныя паклоны. І не паспела яна падняцца на ногі, як пад вокнамі зарыпеў снег, бразнула клямка, шырока расхлябесціліся дзверы - заявіўся распусны, захмялелы гаспадар.