Па сваім панадворку Алена Хамутовіч лётае то радасная, то сумная: гэта ж не жартачкі - вяселле на носе! Сорамна, калі потым абгавораць: бедная Алена, да таго бедная, што нават сыну прыстойны шлюб не справіла, бо ніхто не аб'еўся ў яе хаце, ніхто п'яны не валяўся покатам. Тут жа адзін Фядотаў, гэтая, прабачце, свіная ражка, увалье ў свой валляк гарнец гарэлкі ды гадавалае цяля ўходае. А Бальшавік з лысым Глебам, а Лакідон з Франакам Жывуцкім - дачыста, халернікі, аголяць сталы, і яшчэ мала будзе. Дарма што вобжары, об'едзь несусветная, а ўсё ж ганарова, прыемна гаспадыні: не простыя госці збяруцца - інтэлігентныя, граматныя, усе з камуністаў ды з бальшавікоў. Можа, таму Алена ні слоўцам не запярэчыла сыну, калі сваё вяселле, каб дагадзіць тутэйшаму начальству, ён знарок прымеркаваў на першамайскае свята. Не прызнае малады ні Вялікадня, ні Сёмухі, то хай ужо будзе па-ягонаму, даруй, Божа, грэшніку.
Цікаўныя, дапытлівыя суседкі, пачуўшы Аленіну споведзь, маланкава разляцеліся па Малым Сяле - вось навіна, дык навіна! Аляксей Хамутовіч паразумнеў, бо наважыўся жаніцца. І не бяды, што, засумаваўшы ў сваёй партыйнай вучэльні па Вараным, ён аднаго разу вывеў акрэплага жарабца з канюшні і на досвітку галопам праскакаў у ваколіцах Малога Сяла. Зараз нябось не праскача: ветрагона самога як бач закілзае маладая і таму наравістая жонка. Колькі дзён засаб бліжэйшыя суседкі дакучалі Алене Хамутовіч талковымі і зусім бесталковымі парадамі, з далёкай прыкідкай набіваючыся ў памагатыя каля гарачай, полымнай печы. Пераборлівыя, няўедныя вясельнікі яшчэ і як ацанілі б іх кухарскія здольнасці: нічога ж смачнейшага - ні дрыготкага цялячага студню, ні падрумяненых свіных катлет, ні самага радавога, прасцецкага вінегрэту - госці ніколі не елі і есці не будуць. Аднак разумная і празорлівая гаспадыня не захацела мець справу з такім мноствам добраахвотных памочніц, маючы на ўвазе перш за ўсё іх вялікія, разбітыя нішчымнай бульбай кіндзюхі, чужых парад і павучанняў яна таксама не прыняла - сама з галавой.
Па даўняй, мабыць, яшчэ дзедаўскай завядзёнцы напярэдадні вяселля маласельцы раздзяліліся на два лагеры: адны за нешта хвалілі і ўзвялічвалі жаніха, другія лаялі і бэсцілі яго за тое самае. Абодва непрымірымыя лагеры знайшлі паразуменне толькі ў тым, што час для свайго законнага шлюбу Аляксей Хамутовіч выбраў надзвычай удала. Пасля красавіцкіх дажджоў, якія гнюсілі без грымот, але часта і густа, нарэшце ўсталявалася цёплае, сонечнае надвор'е. За нейкія суткі падсохлі калюжыны на дарогах, над канавай зазелянеў руды алешнік, клейкімі лісцікамі абсыпаліся бярозы, пахучым бела-ружовым цветам вось-вось гатовы ўскінуцца яблыні, грушы, слівы. Якраз у такія цёплыя і сонечныя майскія дні на Заходнім Палессі спрадвеку зацвітаюць сады.
Календары, зразумела, не хлусяць: калі май, дык май, калі свята, дык свята, і ў гэтым Фядора Чыркун лішні раз упэўнілася, убачыўшы на сцежцы каля сваёй хаты шуструю чародку школьнікаў-малалетак, якія з баравін вакол Імшэчка неслі па ахапцы бухматай павойнай дзеразы. Зялёнай дзеразой па нядаўняй традыцыі дзеці ўпрыгожаць самы вялікі школьны клас і вечарам пакажуць бацькам святочны канцэрт: паспяваюць песенькі, раскажуць вершыкі, разыграюць смешную п'еску пра амерыканскіх шпіёнаў альбо пра калгасных зладзеяў. Папаўдні, калі Ядзюня прыспала крыклівае малое і, знябытая бяссоннымі начамі, задрамала ля калыскі сама, Фядора збегала ў краму да Валодзі Белага, купіла фунт кускавога цукру і пару асяледцаў для дачкі - корміць грудзьмі, дык трэба ж трывалы падмацунак, для сябе задарма выпрасіла ў крамшчыка пляшку густога лёку з амаль пустой ужо бочкі-селядзёўкі - развесці вадой, дык яшчэ і як уменціцца з гарачай бульбай, словам, напхала жабрацкімі пакупкамі зрэбную торбачку і толькі цяпер, вяртаючыся дахаты, у вобліку Малога Сяла заўважыла прыўзняты і святочны настрой.
Над праўленнем калгаса, на рагу пачатковай школы і нават на сельскай краме трапяталіся ад свежага ветрыку чырвоныя сцягі. На школе, апроч таго, яшчэ ідучы ў краму, яна прачытала па складах знаёмы рэвалюцыйны лозунг: «Няхай жыве 34-я гадавіна Вялікага Кастрычніка!» Зараз жа на тым самым месцы, пад гонтавым дахам, вісеў ужо іншы, абсалютна злабадзённы лозунг: «Няхай жыве Першае мая!», фіялетавай фарбай напісаны на доўгім, як шпалеры, аркушы. Фядора нават пастаяла, дзівячыся такім імгненным пераменам бальшавіцкіх свят, нічога, аднак, не ўцяміла, не зразумела, хаця тлумачыўся гэты канфуз вельмі проста. Настаўнікі, не маючы лішкаў тоўстай і моцнай паперы, прыдатнай для плакатаў, адзін і той жа аркуш выкарыстоўвалі па некалькі разоў: з левага боку быў напісаны веснавы, першамайскі, лозунг, з правага - асенні, кастрычніцкі, пры неабходнасці на ім замянялася толькі адна лічба. Малапісьменныя, далёкія ад палітыкі бэйбусы-пераросткі, якім дырэктар загадаў павесіць першамайскі лозунг, пераблыталі святы, і мінулагодні рэвалюцыйны заклік красаваўся на школе траха як не паўдня, пакуль нейкі вясковы грамацей не ззорыў бязглуздую памылку.